Top.Mail.Ru

Як удасканальваецца патэнцыял беларускіх падручнікаў?

У Доме прэсы прадстаўнікі шэрагу кніжных выдавецтваў распавялі пра навінкі кніжнага рынку, якімі папоўняцца паліцы крам і бібліятэк у новым навучальным годзе. Адразу скажам, што палітра выбару парадуе ўсіх, як школьнікаў і студэнтаў, так і настаўнікаў і бацькоў навучэнцаў. Бо там як новыя падручнікі, метадычныя дапаможнікі, так і мастацкая літаратура. Усё гэта паслужыць адзінай мэце — дапамагчы школьнікам і студэнтам у навучальным працэсе.


Як адзначыла начальнік метадычнага цэнтра ДУА «Акадэмія адукацыі» Людміла РАМАНОЎСКАЯ, да новага навучальнага 2026/2027 года «Акадэмія адукацыі» сумесна з Міністэрствам адукацыі і выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне» падрыхтавалі 28 навучальных дапаможнікаў:

— З іх адзін новы вучэбны дапаможнік і 27 перавыдадзеных. Новы — гэта вучэбны дапаможнік па прадмеце «Асновы бяспекі жыццядзейнасці» для 4-га класа. Ён распрацаваны з улікам папярэдніх выданняў па гэтым прадмеце для 2-га і 3-га класа і падтрымлівае іх як з пункту гледжання структуры, так і кампаноўкі зместу, метадычнай сістэмы і афармлення, — адзначыла Людміла Раманоўская. — Калі казаць пра перавыдадзеныя вучэбныя дапаможнікі, то, рыхтуючы іх, мы ўлічваем запыт усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу...

Пры падрыхтоўцы да паўторнага выпуску змест вучэбных дапаможнікаў дапрацоўваецца з улікам патрабаванняў сучасных рэалій, у тым ліку і тых, што датычацца ўзроўню развіцця інфармацыйных тэхналогій. Так, у падручнік па інфарматыцы ўключана глава «Штучны інтэлект», дзе распавядаецца не толькі пра тэхналогіі, але і пра прымяненне ШІ ў розных сферах грамадскага жыцця. Разглядаюцца таксама пытанні прававога і этычнага поля ў прымяненні ШІ. Змешчаны прыклады.

Шмат увагі ўдзяляецца і павышэнню практыкаарыентаванасці вучэбных дапаможнікаў. З гэтай мэтай навучэнцам для выканання прапаноўваюцца цікавыя праекты. Напрыклад, «Фізіка ў танцах» альбо «У чым перавага ветраных рухавікоў». А ў падручнік хіміі для 10 класа ўключана «Дзесяць праектаў з цыкла «Арганічныя рэчывы ў нашым жыцці».

Штогод да новага навучальнага года «Акадэмія адукацыі» разам з выдавецтвам «Адукацыя і выхаванне» рыхтуюць кнігу «Беларусь — мая Радзіма» — падарунак першакласнікам ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёлета першакласнікі атрымаюць 5-е перагледжанае і дапоўненае выданне гэтага ўнікальнага падручніка з электронным дадаткам.

Цікавыя навінкі прапаноўваюць сваім чытачам у розных выдавецтвах. Так, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Аляксандр БАДАК пазнаёміў прысутных з новым праектам «У класе пра класікаў»:

— У нашым выдавецтве ўжо шмат гадоў выходзіць серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі». З нядаўняга часу яна крыху памяняла фармат, і кнігі ў ёй складаюцца толькі з успамінаў пра класікаў. А цяпер мы пайшлі далей і на аснове гэтай серыі ствараем яшчэ адну —арыентаваную канкрэтна на школьнікаў. Пачалі мы з Якуба Коласа і Янкі Купалы. У перспектыве будуць выданні пра Максіма Багдановіча і іншых. Думаю, што гэта серыя будзе запатрабаванай, таму што нашы дзеці, школьнікі, хочуць ведаць цікавыя падрабязнасці з біяграфій беларускіх пісьменнікаў. 

Прадставіла шэраг цікавых выданняў і намеснік дырэктара УП «Выдавецтва «Беларусь» Ірына ФЁДАРАВА:

— Наша выдавецтва бачыць сваю місію ў тым, каб дапамагаць настаўнікам і бацькам выхоўваць дзяцей сапраўднымі людзьмі. У гэтым годзе сярод навінак — кніга «Чытанка-буслянка» для чытання на канікулах для 2-га класа, у якой змешчаны творы для пазакласнага чытання. У працы выданні для 3 і 4 класа.

Звяртаюць на сябе ўвагу кнігі мастацкай літаратуры. Напрыклад, пераклад рамана Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта» на беларускую мову, а таксама кніга Янкі Маўра «Завошта». Са спіса сацыяльна значнай літаратуры свет убачыла кніга «Хто, калі не мы», якая дапаможа паглядзець без страху на беларускую армію.

У выдавецтва «Адукацыя і выхаванне» знойдуцца для чытачоў не толькі падручнікі, а і мастацкая літаратура. Літаральна ў верасні з’явіцца новы вучэбны дапаможнік для ВНУ «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Для самых маленькіх існуе серыя кніг-размалёвак, дзе ўжо выйшла два выданні: «Запрашаем у Беларусь» і «Абаронцы Айчыны». Папоўнілася серыя «Чытай і слухай» і таксама «Замежная класіка дзецям» —у апошняй можна знайсці беларускамоўны пераклад кнігі Джэка Лондана «Белы клык».

Алена ДРАПКО

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю