Нядаўна вучэбная ўстанова адзначыла 85-гадовы юбілей. За гэты час былое педагагічнае вучылішча з адной спецыяльнасці перарасло ў сучасны каледж, які рыхтуе прафесіяналаў па сямі самых запатрабаваных кваліфікацыях. Разам з вучэбным працэсам удзяляюць увагу развіццю творчасці.
Прафесія плюс захапленне
Выстаўка тут сапраўды ўнікальная. Шмат арыгінальных вырабаў з бяросты. Па сутнасці, прыродны матэрыял атрымаў другое нараджэнне. У пашане і саламяныя экспанаты. Сыравіну прывозяць з розных рэгіёнаў Беларусі, сушаць, прасуюць і пускаюць у творчы працэс. На выхадзе можна ўбачыць цудоўныя рэчы. На працягу дзясятка гадоў экспанаты займаюць прызавыя месцы на штогадовым рэспубліканскім конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
— Выстаўка створана педагогамі і навучэнцамі каледжа пад кіраўніцтвам выкладчыцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Наталлі Манцэвіч. Прадстаўлены экспанаты з самых розных прыродных матэрыялаў. Многае знаходзіцца дома. Перш чым што-небудзь утылізаваць, падумаем: а ці не спатрэбіцца рэч для якіх-небудзь вырабаў? Напрыклад, пасля паездкі на мора збераглі струкі акацыі, бо яны выдатныя бровы ў савы і філіна. Любім наведваць кірмашы і святы, такія, напрыклад, як Славянскі базар, дзе можна ўбачыць цікавыя рэчы рамеснікаў і народных майстроў, — зазначыла дырэктар каледжа Галіна Зялік.
Такім чынам, будучыя педагогі не толькі авалодваюць прафесійнымі навыкамі, але і развіваюць творчыя здольнасці. Асабліва гэта важна для педагогаў дадатковай адукацыі, дашкольнага выхавання. Для тых, хто працуе выхавацелямі ў дзіцячых летніках, садках, ды і ў школьнікаў таксама ёсць урокі творчасці. Дзеці такія заняткі вельмі любяць, падкрэсліла ў размове дырэктар каледжа.
Мастак і швачка — два ў адным
Увогуле, амаль усе спецыяльнасці, а іх у каледжы сем, так ці інакш звязаны з творчасцю. Такія навыкі абавязкова спатрэбяцца будучым настаўнікам пачатковых класаў і выхавацелям дашкольных устаноў. З творчым працэсам звязана эксклюзіўная спецыяльнасць «Абслуговая праца і выяўленчае мастацтва» — адзіная ў краіне. Яна дазваляе акрамя асноўнай кваліфікацыі настаўніка абслуговай працы ці настаўніка малявання атрымаць яшчэ дзве працоўныя спецыяльнасці — швачкі трэцяга разраду альбо кухара. На выхадзе можна зрабіць выбар на карысць той ці іншай прафесіі. Ва ўсялякім разе, і ў звычайным жыцці гэта вельмі дарэчы.
У каледжы ідуць у нагу з часам і адгукаюцца на патрэбы грамадства. У сувязі з попытам тут уведзена спецыяльнасць па навучанні замежнай мове — англійскай ці нямецкай. У Гродзенскім рэгіёне больш няма такой асобнай спецыяльнасці, сюды нават з усёй краіны прыязджаюць вучыцца. Набывае папулярнасць прафесія дызайнера. На спецыяльнасць «Графічны дызайн» заўсёды высокі конкурс. Таксама ў топе — спецыялісты па арганізацыі турыстычных паслуг: у Гродзенскім рэгіёне толькі тут можна атрымаць такую спецыяльнасць.
Інклюзіўны падыход
Сёлета ў каледжы адбудзецца першы выпуск па спецыяльнасці «Педагагічнае суправаджэнне». Як аказалася, даволі запатрабаванай.
— У групе 25 чалавек, а да нас ужо паступіла больш чым паўсотні заказаў. Такім чынам, выпускнікі могуць выбраць сабе будучае месца работы. А гэта школы, спецшколы, школы-інтэрнаты. Вельмі важна, каб з дзецьмі, якія маюць асаблівасці развіцця, працавалі кваліфікаваныя педагогі. Нашы навучэнцы падчас вучобы набываюць і практычны вопыт. Мы цесна супрацоўнічаем з дзіцячым прытулкам, праводзім сумесныя мерапрыемствы, — расказала Галіна Зялік.
Выкладчык спецыяльных дысцыплін Наталля Ганчар з вучнямі падчас вучэбнай практыкі
Прафесія педагога не губляе сваёй значнасці. Па словах дырэктара, у каледж ідуць матываваныя вучні, з добрымі баламі, крэатыўныя, цікавыя, пазітыўныя. Яны свядома выбралі прафесію настаўніка пачатковай адукацыі, дзе трэба працаваць з малодшымі школьнікамі. Дарэчы, на апошнім курсе навучэнцы могуць працаваць па індывідуальным графіку і паралельна вучыцца. Як правіла, яны пачынаюць работу па месцы далейшага размеркавання. Пры жаданні выпускнікі могуць працягваць вучобу ў ГрДУ імя Я. Купалы па скарочаным тэрміне.
Фота Алены ДАЎЖАНОК