Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага гарвыканкама Алены Нагорнай, стабфонд у Мінску будзе сфарміраваны да 15 лістапада. «На сённяшні дзень больш за 50 % прадукцыі ўжо закладзены на захоўванне ва УП „Партызанскае“. Гэта наш асноўны аператар, які фарміруе стабілізацыйны фонд для сацыяльнай сферы», — сказала яна.
Алена Нагорная таксама адзначыла, што асаблівая ўвага пры фарміраванні фонду ўдзяляецца якасці прадукцыі, паколькі ў будучыні яна будзе накіравана ў дашкольныя ўстановы, установы адукацыі і іншыя арганізацыі сацыяльнай сферы.
Начальнік таксама пракаментавала сітуацыю з гандлёвымі сеткамі: «Пад 100 % ужо заключаны дагаворы на пастаўкі з фермерамі з усёй краіны. Асноўныя пастаўшчыкі — гэта, вядома ж, Мінская і Брэсцкая вобласці. Частка прадукцыі паступае з Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Мы будзем забяспечаны ўраджаем і якаснай агароднінай і яблыкамі ў гандлёвых аб’ектах горада Мінска».
Дарэчы, у сталіцы штогод фарміруецца стабілізацыйны харчовы фонд — сістэма запасаў, закліканая забяспечыць стабільныя пастаўкі айчынных прадуктаў ва ўстановы адукацыі і аховы здароўя ў міжсезонны перыяд. Фонд умоўна можна падзяліць на дзве часткі: «баршчовы набор» (пяць асноўных агароднінных культур: бульба, морква, капуста, буракі, цыбуля і яблыкі), а таксама збожжавыя і хлебапрадукты (у першую чаргу пшаніца і грэчка, з якіх вырабляюць муку, макаронныя вырабы і крупы, у тым ліку мінскую грэчку).
Яна ВАЛАСАЧ
Фота з адкрытых крыніц