Top.Mail.Ru

Як у Скідзелі захоўваюць памяць пра абаронцаў горада?

У тым, што Скідзель удастоены вымпела «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны», ёсць і заслуга камсамольцаў-падпольшчыкаў. Восем з іх загінулі ў барацьбе з акупантамі і пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені. Горад памятае іх подзвіг.


Іх імёны носяць вуліцы Скідзеля, і кожны год 13 верасня каля мемарыяла праходзіць урачысты мітынг у гонар маладых герояў.

Пасля начнога бою…

Скідзель вызвалены 13 ліпеня 1944 года. Кропка была пастаўлена а 13-й гадзіне. Гэтай доўгачаканай падзеі папярэднічаў складаны начны бой перадавога атрада 50-й арміі з часцямі гітлераўцаў, якія адступалі з-пад Ліды. Некалькі разоў атака пераходзіла ў рукапашны бой. На подступах да горада былі знішчаны звыш 700 нямецкіх акупантаў. Значныя страты панеслі і савецкія ваенныя падраздзяленні.

У гарадскім парку ў брацкай магіле пахаваны 1 138 воінаў і партызан, з іх чатыры — Героі Савецкага Саюза. Яны загінулі падчас баёў на тэрыторыі тады яшчэ Скідзельскага раёна. Таксама сюды перавезены астанкі ўдзельнікаў Скідзельскага паўстання 1939 года. На памятнай дошцы ўвекавечаны імёны мясцовых жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Асобныя ўшанаванні тут аддаюць васьмі маладым падпольшчыкам. 

У іх гонар у рамках праекта «Памяць. Адзінства. Перамога» некалькі гадоў таму ўстаноўлена восем інтэрактыўных таблічак з QR-кодам, дзе можна азнаёміцца з біяграфіяй і гісторыяй подзвігу кожнага героя. У музеі СШ № 3 Скідзеля камсамольцам-падпольшчыкам прысвечана асобная экспазіцыя.

Таран над скідзелем

Немцы ўвайшлі ў горад 26 чэрвеня 1941 года. Каля двух сутак іх стрымлівалі курсанты пагранічнай школы і часці ваенна-паветраных сіл.

Дзяжурная эскадрылля, як звычайна, паднялася ў неба 22 чэрвеня да ўсходу сонца. Лётчыкі не ведалі, што пачалася вайна. Над Гроднам яны ўбачылі шматлікія самалёты ворага і зразумелі, што адбываецца. Эскадрылля ўступіла ў бой і збіла тры варожыя самалёты. Лётчыкі прынеслі на аэрадром страшную вестку…

У першы дзень авіяполк здзейсніў 180 баявых вылетаў і збіта 20 самалётаў праціўніка. Але страцілі 13 сваіх знішчальнікаў. Як расказаў старшыня Савета ветэранаў горада Скідзеля Васіль Казак, менавіта тут упершыню былі праведзены тры паветраныя тараны. Два пілоты загінулі, адзін змог пасадзіць самалёт на полі. Палітруку Андрэю Данілаву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны ён наведваў горад і месца свайго подзвігу.

Скідзель больш за тры гады знаходзіўся пад акупацыяй немцаў. 

У раёне ад рук фашыстаў загінулі і былі вывезены ў Германію звыш 14 тысяч чалавек. На тэрыторыі былога ваеннага гарадка немцы зладзілі яўрэйскае гета.

Але горад не здаваўся. Праз некалькі месяцаў, у верасні 1941 года, камсамольцы арганізавалі падпольную групу. Яна дзейнічала роўна год, але памяць аб маладых патрыётах перажыла не адно пакаленне.

Не скарыліся ворагу

Падпольная група паступова набірала сілу. Моладзь расклейвала лістоўкі, якія сама пісала. Перадавала партызанам важныя звесткі, адзенне і здабытую зброю. У 1942 годзе сумесна з байцамі партызанскага атрада разграмілі нямецкі гарнізон у вёсцы Азеры і вызвалілі людзей з гета, многія з якіх пайшлі разам з партызанамі.

Але ў давер да маладых патрыётаў увайшоў адзін з тайных агентаў гестапа. У пачатку верасня 1942 года правакатарам былі выданы восем камсамольцаў. Іх імёны добра ведаюць скідзяльчане. Гэта Аляксей Ролік, Іван Шчасны, Фёдар Макарчук, Іван Сяўрук, Анатоль Зелянкоўскі, Мікалай Дзелянкоўскі, Іван Сініца і Уладзімір Кізевіч. З іх толькі апошні быў паўналетнім, меў сям’ю і працаваў на чыгунцы. Самаму малодшаму Аляксею Роліку споўнілася 15 гадоў.

Камсамольцаў арыштавалі 4 верасня, чатыры дні немцы дапытвалі аб сувязях з партызанамі, затым павезлі ў гродзенскую турму. Але ніхто з іх не выдаў ні партызан, ні сваіх таварышаў. У гэты час іншыя ўдзельнікі групы, што былі на свабодзе, падпалілі ў акрузе скляпы са збожжам, якое немцы падрыхтавалі для вывазу ў Германію.

А 13 верасня немцы ўстанавілі на цэнтральнай плошчы горада шыбеніцы, сагналі сюды жыхароў Скідзеля і навакольных вёсак, каб зрабіць пакаранне смерцю публічным. Ніводзін з хлопцаў не прасіў літасці. Так здарылася, што ў двух юнакоў абарваліся вяроўкі. Звычайна пры такім раскладзе прыгавор змякчаецца, але іх фашысты вывезлі за горад і расстралялі. Там яны і пахаваны. Астатнія шасцёра яшчэ некалькі дзён віселі для запалохвання местачкоўцаў. Затым іх целы адвезлі ва ўрочышча Бор і закапалі ў агульнай магіле. На гэтым месцы ў 1990 годзе адкрыты новы мемарыяльны комплекс. У гарадскім цэнтральным парку, дзе стаялі шыбеніцы, устаноўлены помнік, а на таблічках з QR-кодамі можна даведацца аб іх кароткім жыцці і подзвігу. Усе восем герояў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені.

На працягу многіх гадоў 13 верасня адзначаецца як Дзень памяці скідзельскіх камсамольцаў-падпольшчыкаў. Штогод у гэты дзень да помніка ў цэнтры горада прыходзяць новыя пакаленні гараджан, каб яшчэ раз успомніць юных герояў, якія не скарыліся ворагу і заплацілі за гэта сваім маладым жыццём.

Васіль Казак, які дасканала ведае ваенны летапіс свайго горада, стараецца згадаць гісторыю мясцовых патрыётаў пры кожнай сустрэчы са школьнікамі альбо на іншых памятных мерапрыемствах.

— Веліч подзвігу камсамольцаў-падпольшчыкаў у тым, — кажа краязнавец, — што яны былі на гэтай тэрыторыі аднымі з першых, хто ўступіў у барацьбу з ворагам. Яны, маладыя, паказалі прыклад сапраўднай вернасці сваёй краіне. Не на словах, а на справе выказалі сваю адданасць роднай зямлі.

Фота аўтара і з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю