Top.Mail.Ru

Як у Свіслацкім раёне адраджаюць старадаўняе рамяство чорнаглянцаванай керамікі

Ці бачылі вы калі-небудзь чарнаглянцавыя чыгуны, а таксама посуд, вазачкі і іншае хатняе начынне? Калі не, значыць вам абавязкова трэба пабываць у Свіслацкім раёне, дзе адраджаюць старадаўняе рамяство, засвоенае яшчэ ў сярэднія стагоддзі і не адно стагоддзе вельмі папулярнае ў шматлікіх народаў, — мастацтва чарнаглянцавай керамікі, паведамляе БелТА. 


Гісторыя страты і адраджэння

Сакрэты стварэння гэтых незвычайных гліняных вырабаў, якія паступова губляліся ў стагоддзях, былі практычна страчаны паўсюдна. І толькі ў Беларусі, у мястэчку Поразава на Свіслаччыне, іх аж да канца ХХ стагоддзя беражліва захоўвалі ў сям’і Шопік. Унікальныя вырабы найбольш вядомага з роду рамеснікаў Іосіфа Шопіка, знешне больш падобныя да металічных, чым да гліняных, славіліся далёка за межамі нашай краіны. Таленавіты ўмелец быў лаўрэатам Другога Усесаюзнага фестывалю народнага мастацтва, удзельнікам усесаюзных, рэспубліканскіх і рэгіянальных выставак, пастаянным удзельнікам ВДНГ СССР і ВДНГ БССР. За свае па-майстэрску выкананыя работы ён быў узнагароджаны бронзавым медалём ВДНГ СССР, шматлікімі граматамі і дыпломамі. За яго працамі палявалі музеі і знаўцы. 

Аднак, на жаль, так атрымалася, што рамяство сышло разам з ім. Калі ў 1997 годзе майстра не стала, спыніўся і яго ганчарны круг. Незвычайная чарнаглянцавая кераміка працягвала жыць толькі ў калекцыях, музейных вітрынах і ўспамінах жыхароў Свіслаччыны. 

Аднак поўнасцю знікнуць старажытнаму майстэрству на Гродзеншчыне не дазволілі. Шлях да адраджэння пачаўся ўжо ў 2006-м, але быў няпросты і доўгі. І вось у 2025 годзе ў Свіслачы пабудавалі арыгінальную печ для абпалу чорнаглянцаванай керамікі. А ў студзені 2026 года элементу «Традыцыя вырабу чорнаглазураванай керамікі ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці» быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі В. Цяпер распрацоўваецца новы турыстычны маршрут: гасцям рыхтуюцца не толькі паказаць сам працэс і выставу ўнікальных мясцовых вырабаў з гліны, але і навучыць асновам асаблівага майстэрства. 

«Гліняныя Шопікі» і іх таленавітыя землякі 

«У канцы XIX — першай палове XX стагоддзя ў Поразаве налічвалася да двухсот майстроў-ганчароў, у гэтых адносінах пасёлак не саступаў такім вядомым беларускім цэнтрам ганчарства, як Мір, Пружаны, Ружаны, дзе таксама стваралі чорнаглазураваную кераміку. Поразаўскія ўмельцы сапернічалі і па асартыменце, і па якасці прадукцыі. Тут ляпілі і абпальвалі чыгуны з вечкамі, збаны, гладышы, міскі і многае іншае. Гэтыя прадметы адрозніваліся буйнымі, хупавымі формамі. Іх падкрэсліваў глянцавы дэкор», — распавядае загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці Аксана Васілька. 

У Поразаве для абпалу вырабаў выкарыстоўваліся адмысловыя печы, якімі ганчары нярэдка карысталіся разам. Перад тым, як змясціць гліняныя вырабы ў печ, ганчар паліраваў іх, наносіў на паверхню розныя ўзоры. Для поразаўскіх майстроў гэта часцей за ўсё былі вертыкальныя і касыя палосы, лініі, касая сетка, узор «ялінка» і палосы ўзораў, выціснутыя зубчастым кольцам — карбашэтам. А некаторыя ганчары проста шаравалі выраб, пакрываючы яго цвёрдай глазурай. Затым ішоў абпал, які доўжыўся ад 9 да 14 гадзін. 

«З пакалення ў пакаленне поразаўскія ганчары перадавалі вопыт і традыцыі сваім спадчыннікам. Тут працавалі цэлыя сямейныя дынастыі Шалкевічаў, Паплаўскіх, Шопікаў, Раманоўскіх, Пінют, Казюкоў. Аднак ужо ў 1960-90-я гады гэтым рамяством займаліся толькі браты Шопікі — Іосіф і Пётр, — працягвае расказ Аксана Васілька. — У Шопікаў уся сям’я займалася ганчарствам, іх нават называлі ў пасёлку „глінянымі Шопікамі“, таму што чатыры пакаленні ў родзе былі звязаныя з глінаапрацоўкай. Яны ведалі ўсе метады ганчарнай справы, розныя тэхналагічныя прыёмы абпалу, але больш за ўсё любілі ствараць дымчата-чорны посуд. Менавіта яны наладзілі масавую вытворчасць вырабаў з чорным бляскам». 

Сёння многія музеі рэспублікі ганарацца тым, што маюць работы Іосіфа Шопіка. Яго чарнаглянцавая кераміка захоўваецца ў калекцыях Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, Нацыянальнага мастацкага музея. Серабрыста-чорная дымчатая кераміка з Поразава стала адным з сімвалаў ганчарнага мастацтва Прынямоння. 


Як унікальнае майстэрства ледзь не знікла 

З 1997 года, пасля сыходу з жыцця апошняга майстра-ганчара Іосіфа Шопіка, вытворчасць поразаўскай керамікі спынілася. Але, на шчасце, ненадоўга. Першыя крокі да адраджэння мясцовай ганчарнай традыцыі былі зроблены ўжо ў 2006-м, калі мясцовы майстар Яўген Мацяшук пачаў вырабляць розныя вырабы з гліны. Ганчарнай справе яго ўзяўся навучаць патомны рамеснік Уладзімір Паплаўскі. Знаёміўся малады чалавек і са спадчынай іншых вядомых мясцовых ганчароў. Яго намаганні запусцілі рух за адраджэнне, захаванне і развіццё ганчарнай справы ў Свіслацкім раёне. 

Сёння Яўген Мацяшук валодае традыцыйнымі тэхналогіямі вытворчасці чорнаглазураванай керамікі, вырабляе разнастайны гліняны посуд (гаршкі, міскі, збаны розных памераў). Кераміка традыцыйна ўпрыгожваецца глянцавым дэкорам. Майстар не толькі прасоўвае мясцовыя ганчарныя традыцыі, але і перадае свае веды маладому пакаленню ў дзіцячым клубе «Чароўная гліна», створаным у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнага мастацтва. Вучыцца ў Яўгена і яго сын Раман. 

Старадаўняе мастацтва пашырае геаграфію: вопыт свіслаччан асвойваюць у Ваўкавыскім, Зэльвенскім раёнах.

Рамяство адраджаецца 

І ўсё ж канкрэтныя сур’ёзныя крокі па адраджэнні ганчарнага мастацтва пачаліся ў 2019 годзе. Тады ў Свіслацкім раёне распрацавалі праект «Адраджэнне рамяства», на рэалізацыю якога быў прадстаўлены грант Прэзідэнта Беларусі. У рамках праекта ў Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства арганізавалі тэматычныя экскурсіі ў музейную залу «Мастацтва гліны і агню», дзе ахвочыя могуць паўдзельнічаць у майстар-класах па рабоце на ганчарным крузе. 

Аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага цэнтра культуры распрацаваў тэматычную экскурсію «Жыццё і творчасць вядомага селяніна», якая расказвае пра жыццё і талент Іосіфа Шопіка, знаёміць з гісторыяй развіцця ганчарнай справы ў раёне. 

«Экскурсантам прапануем пазнаёміцца з працэсам працы на ганчарным крузе, вырабіць уласны невялікі керамічны выраб. На выставе-продажы прадстаўлена калекцыя сувенірных керамічных вырабаў: невялікія збанкі, збаны, якія стануць прыемнымі сувенірамі», — распавядае Аксана Васілька. 

А ў 2024-м гарадскі пасёлак Поразава ўпершыню стаў сталіцай фестывалю ганчароў «Мастацтва гліны і агню», конкурсу ганчарнай і керамічнай творчасці «Майстры сваёй справы», у якім вось ужо два гады ўдзельнічаюць майстры з усёй Гродзеншчыны. У мінулым годзе падчас фестывалю ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар братоў-ганчароў Шопік на доме, дзе яны жылі і працавалі.


Горан рыхтуецца да старту 

Наступным крокам стала адкрыццё ў жніўні 2025 года ў раённым цэнтры культуры і народнага мастацтва цэнтра традыцыйнай керамікі Свіслацкага краю, дзе ўстаноўлена двухкамерная печ-горан для аднаўленчага абпалу керамікі. З яе дапамогай можна цалкам аднавіць тэхналагічны працэс выраба чорнаглазураванай керамікі. 

«Чакаем сыходу маразоў. Як толькі дазволіць надвор’е, плануем запусціць горан у працу», — падзяліўся Яўген Мацешук. 

У новай печы будзе праводзіцца аднаўленчы абпал керамікі з дапамогай хімічных працэсаў. Ніжняя, топачная камера прызначаная для дроў, верхняя для ганчарных вырабаў. У ёй ствараецца так званая атмасфера печы, у якой і будуць абпальвацца і набываць асаблівы чорны бляск чыгуны, збаны і іншыя працы свіслацкіх умельцаў. 

Турыстычны прыярытэт 

У тым, што чорнаглянцаваная кераміка і працэс яе вырабу выклічуць цікавасць як у прафесіяналаў, так і ў турыстаў, сумнявацца не даводзіцца. Народныя традыцыі, мастацтва і рамёствы ў нашай краіне ўжо не першы год на піку папулярнасці. «Роднае, сваё» мае асаблівую каштоўнасць для беларусаў, і ўсё больш уваходзіць у трэнды, як гаворыць моладзь. І ў турыстычным асяроддзі такія эксклюзіўныя маршруты ўсё папулярнейшыя. Таму з усёй упэўненасцю можна сказаць, што адраджэнне на Гродзеншчыне ўнікальнага рамеснага брэнда — уклад у агульную скарбонку развіцця турызму, вызначанага ў Беларусі адным з ключавых прыярытэтаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю