Як у непагадзь забяспечваецца гандлёвае абслугоўванне на вёсцы, расказала старшыня праўлення Белкаапсаюза Інэса Караткевіч, перадае БелТА.
«У мэтах аператыўнага рэагавання і прыняцця ўсіх неабходных мер па гандлёвым абслугоўванні сельскіх тэрыторый усе арганізацыі спажывецкай кааперацыі краіны пераведзены ва ўзмоцнены рэжым работы. З самай раніцы праведзена селектарная нарада. На дадзены момант ёсць складаная сітуацыя па выхадзе маршрутаў аўтамагазінаў у асобных рэгіёнах Віцебскай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Разам з тым аўтамагазіны забяспечаны ўсім неабходным таварам. Яны загружаныя, чакаюць каманды з боку мясцовых органаў улады, калі ім можна будзе выехаць, калі будзе забяспечаны дарожны рух», — адзначыла Інэса Караткевіч.
Паводле яе слоў, падключаны ўсе службы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сельгасарганізацыі для дапамогі ў расчыстцы дарог. Таксама ўласнымі сіламі забяспечваецца падвоз прадаўцоў у стацыянарныя гандлёвыя аб’екты, дзе ўскладнены рух грамадскага транспарту.
«Усе вобласці праінфармаваныя аб гатоўнасці з боку арганізацый спажывецкай кааперацыі ў выпадку неабходнасці арганізаваць падвоз гарачага харчавання, калі дзесьці ёсць масавыя заторы аўтамабіляў, а таксама аб гатоўнасці забяспечыць гандлёвае абслугоўванне іншых населеных пунктаў, якія не ўваходзяць у нашы маршруты, дзе па аб’ектыўных прычынах суб’екты гаспадарання іншых формаў уласнасці не змогуць яго забяспечыць», — дадала старшыня праўлення Белкаапсаюза.
Сёння і заўтра запланаваны выезд 733 маршрутаў, якія абслугоўваюць амаль 10 тыс. населеных пунктаў.
«На сувязі з сельвыканкамамі, старастамі вёсак. Там, дзе па аб’ектыўных прычынах адбываецца затрымка маршрутаў, насельніцтва інфармавана. Але мы даедзем да кожнага», — падкрэсліла Інэса Караткевіч.
Адкрыта прамая тэлефонная лінія. Па нумары 8(017)311-38-00 можна паведаміць аб праблемных пытаннях. Будуць прыняты меры для іх аператыўнага вырашэння.
«Мабілізаваныя ўсе рэсурсы — кадравыя, вытворчыя, тэхнічныя. Даедзем да кожнага і забяспечым усімі таварамі першай неабходнасці нават самыя аддаленыя сельскія населеныя пункты», — звярнула ўвагу старшыня праўлення Белкаапсаюза.