Напярэдадні самага прыгожага вясновага свята — Міжнароднага жаночага дня — у беларускай сталіцы ўшаноўвалі тых, хто выбраў для сябе не зусім жаночую прафесію. Размова — аб сапраўдных прыгажунях у пагонах — супрацоўніцах Дэпартамента аховы МУС, якія і днём, і ноччу знаходзяцца на службе.
Напярэдадні жаночага свята для нашых гераінь была арганізавана святочная праграма. Павіншаваць адважных жанчын прыехала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Звяртаючыся да супрацоўніц Дэпартамента аховы, яна адзначыла іх неацэнны ўнёсак у забеспячэнне бяспекі простых грамадзян.
Па словах спікера, супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС — гэта выдатная, складаная, няпростая, важная для краіны прафесія. «У нас, у Беларусі, як ў любым кутку свету, чалавек разумее, што галоўнае для яго — спакой і бяспека, бяспека яго родных і блізкіх. А вы менавіта тыя людзі, якія забяспечваюць гэту бяспеку. І таму Беларусь сёння жыве ў міры і згодзе. Спакой — гэта ўжо брэнд, які стаў для нашай краіны звыклым. За ўсім гэтым — ваша служба. Штодзённая, штохвілінная, штосекундная», — павіншавала Наталля Качанава супрацоўніц Дэпартамента аховы.
Пасля завяршэння ўрачыстай часткі жанчыны ў пагонах расказалі журналістам пра сваю службу, а таксама пра тое, як яны сумяшчаюць кар’еру і сямейнае жыццё. Так, інспектар аддзялення асаблівага прызначэння па ахове фізічных асоб спецыяльнага аддзела міліцыі Дэпартамента аховы МУС Іна Трыпуцька — адзіная жанчына ў краіне, якая з’яўляецца целаахоўнікам.
Афіцэр расказала аб некаторых нюансах сваёй прафесіі: «Мы, целаахоўнікі, суправаджаем грузы, бярэм фізічных асоб пад ахову. Гэта наша асноўная задача».
Па словах супрацоўніцы, жанчыны прыходзяць у прафесію целаахоўніка вельмі рэдка. «І на сёння я адна такая ў краіне, — канкрэтызавала яна. — Служба, вядома, складаная, але спраўляюся. Для жанчын у гэтай нялёгкай справе не робяць ніякіх патуранняў. Мы з годнасцю выконваем свой абавязак нароўні з мужчынамі».
Іна Трыпуцька таксама звярнула ўвагу, што для работы ў Дэпартаменце аховы неабходныя фізічная падрыхтоўка, маральная ўстойлівасць, уменне хутка рэагаваць у самых няштатных сітуацыях. Акрамя таго, у аддзяленне асаблівага прызначэння бяруць далёка не кожнага — перад уступленнем праводзіцца сур’ёзны адбор.
Дарэчы, сёння Іна Трыпуцька не толькі ўпэўнена будуе кар’еру. Афіцэр — маці дзвюх дачок: старэйшай хутка будзе 6 гадоў, малодшай — 3 гады. «Вядома, сумяшчаць такую працу і быць мамай і жонкай вельмі няпроста. Але падтрымка родных і блізкіх заўсёды дапамагае справіцца з любымі цяжкасцямі», — рэзюмавала яна.
У сваю чаргу начальнік штаба Воранаўскага аддзела Дэпартамента аховы Ганна Дулько расказала, што заўсёды марыла стаць супрацоўнікам міліцыі. «Цяпер на пасадзе я займаюся каардынацыяй усіх службаў у аддзеле аховы, планаваннем, аналізам, пастаноўкай мэт, выкананнем пастаноў, кантролем выканання пастаноў. Працаваць у органах мне няцяжка. З боку калег-мужчын ёсць павага, — падзялілася яна. — У нас з мужам трое дзетак, жывём дружна. І наш дэвіз: «Мы заўсёды разам, паўсюль і ўсюды».
Супрацоўніцы Дэпартамента аховы не толькі якасна выконваюць свае абавязкі, але і праяўляюць сябе ў іншых сферах. «У 2024 годзе я стала „Міс Дэпартамента аховы“, — расказала інспектар-інжынер
Партызанскага (г. Мінска) аддзела Дэпартамента аховы Мінска Анастасія Пугачоўская. — Конкурс праходзіў у Магілёве, у ім удзельнічалі 16 супрацоўніц. У нас былі агнявая падрыхтоўка, дэфіле ў форме, творчы нумар, інтэлектуальны конкурс і дэфіле ў вячэрняй сукенцы. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што нашы супрацоўніцы не толькі з годнасцю выконваюць пастаўленыя задачы, але і з’яўляюцца сапраўднымі прыгажунямі, паспяховымі не толькі ў кар’еры, але і ў хатніх справах».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА