Салодкая густая пара электронных сістэм курэння стала сапраўдным трэндам сярод падлеткаў. Нягледзячы на ўзроставыя абмежаванні, непаўналетнія ідуць на розныя хітрыкі, каб набыць вэйпы. Каб абараніць моладзь ад доступу да шкоднай прадукцыі, супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і інспекцыі па справах непаўналетніх Маскоўскага і Заводскага РУУС Мінска праводзяць прафілактычныя рэйды па пунктах продажу электронных цыгарэт.
Галоўная мэта такіх мерапрыемстваў — не пакараць прадаўцоў, а праверыць, наколькі добрасумленна яны пры продажы выконваюць узроставыя абмежаванні, дапамагчы прадухіліць распаўсюджванне курэння сярод падлеткаў.
Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Маскоўскага РУУС Мінска Мілана ШАТОН расказала аб дзейных правілах. «Згодна з артыкулам 19.9 КаАП Рэспублікі Беларусь, калі курыць, у тым ліку карыстацца электроннымі цыгарэтамі, там, дзе гэта забаронена, можна атрымаць штраф да чатырох базавых велічынь, — канстатавала супрацоўнік органаў унутраных спраў. — Адказваць за такое парушэнне пачынаюць ужо з 16 гадоў. Дзе ж нельга курыць? Спіс даволі шырокі: гэта і ліфты з дапаможнымі памяшканнямі ў жылых дамах, і дзіцячыя пляцоўкі, і працоўныя месцы ўнутры памяшканняў. Забарона дзейнічае на тэрыторыі спартыўна-аздараўленчых лагераў, у навучальных установах, у падземных пераходах, на прыпынках і пасадачных пляцоўках грамадскага транспарту, а таксама ў самім грамадскім транспарце. Поўны пералік такіх месцаў замацаваны ў заканадаўстве».
Оперупаўнаважаны АБЭЗ Заводскага РУУС Дзмітрый ШЭРСЦЕНЬ растлумачыў, што падчас рэйдаў праваахоўнікі правяраюць не толькі наяўнасць таблічак «18+», але і фактычнае выкананне правілаў. У прыватнасці, ажыццяўляецца кантроль за тым, каб прадаўцы электронных сістэм курэння патрабавалі дакументы ў пакупнікоў.
Падчас адной з праверак да павільёна падышоў малады чалавек. Прадавец адразу папрасіла прад’явіць дакументы. Высветлілася, што пакупніку ўжо споўнілася 18 гадоў, і ён меў поўнае права на пакупку. Тым не менш міліцыянеры правялі з ім тлумачальную гутарку і нагадалі аб шкодзе курэння.
Першы намеснік начальніка ўпраўлення — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Маскоўскага РУУС палкоўнік міліцыі Андрэй ГАЛЕНКА адзначыў, што падобныя рэйды праводзяцца рэгулярна. Ён звярнуў увагу на дастаткова сур’ёзныя санкцыі, якія прымяняюцца да тых, хто прадае тытунёвыя вырабы або электронныя сістэмы курэння непаўналетнім. Так, за ўчыненне гэтага правапарушэння прадугледжана адказнасць па частцы 4 артыкула 13.11 КаАП Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад 30 да 50 базавых велічынь.
Ключавая задача такіх мерапрыемстваў — абараніць дзяцей ад згубнай звычкі. Здароўе — самая вялікая каштоўнасць, і яго захаванне магчыма толькі дзякуючы ўсвядомленаму выбару на карысць здаровага ладу жыцця.
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы Маскоўскага РУУС г. Мінска