У Магілёве зацвердзілі праграму навагодніх і калядных мерапрыемстваў, паведамілі БелТА ў Магілёўскім гарвыканкаме.
Старт святочным мерапрыемствам дадуць у горадзе 15 снежня — у гэты дзень запаляць навагоднія ёлкі, а на адкрытых пляцоўках пройдуць святочныя праграмы. У 18.00 на плошчы Леніна магіляўчан і гасцей горада запрашаюць на навагодняе шоу «Прыдняпроўе запальвае агні».
З 19 снежня адкрыецца традыцыйная выстава «Колеравая скарбонка». Узнагароджанне пераможцаў аднайменнага гарадскога конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пройдзе 26 снежня ў 14.00 у выставачнай зале Музея гісторыі Магілёва.
Навагодні аўтапарад «За рулём Дзед Мароз!» праедзе па цэнтральных вуліцах Магілёва 20 снежня. У гэты ж дзень, у рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў парку Падніколле пачнуцца прадстаўленні, а 25 снежня ў 13.00 пройдзе сямейнае свята «Навагодняя кругаверць». На плошчы адзінства ў 15.00 усіх жадаючых запрашаюць на канцэрт «Песня года ў Магілёве».
Тэматычныя канцэртныя праграмы будуць праходзіць 26 і 27 снежня з 15.00 на плошчы Адзінства.
28 снежня ў скверы 40-годдзя Перамогі ў 15.00 пачнецца танцавальны вечар, прымеркаваны да дабрачыннай акцыі «Ад усёй душы». А ў 17.00 па вуліцах горада праедзе віншавальная акцыя «Новы год на колах, або да Новага года засталося 3 дні». Гэта акцыя пройдзе ў абласным цэнтры 29 і 30 снежня.
На вялікі святочны канцэрт запрашаюць гараджан і гасцей горада 1 студзеня ў 1.00 на плошчы Адзінства. А 2 студзеня ў парку Падніколле адбудзецца сямейнае свята, дзе госці змогуць правесці час на адкрытым паветры весела і цікава.
Па традыцыі, 7 студзеня, усіх запрашаюць у Пячэрскі лесапарк. Тут у 12.00 пройдзе народнае свята «Пайшла Каляда калядуючы» з гандлёвымі пунктамі з пачастункамі, народнымі забавамі і святочным канцэртам. Сустрэць Каляды ў гэты ж дзень можна будзе і ў парку Падніколле — свята тут пачнецца ў 12.00.
Як адзначылі арганізатары, праграма святочных мерапрыемстваў у Магілёве атрымалася насычанай і разнастайнай. Госці і жыхары любога ўзросту змогуць знайсці сабе занятак па інтарэсах і акунуцца ў навагоднюю атмасферу.