Карэспандэнты «МС» працягваюць расказваць аб рэалізаваных праектах у рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Па ўсёй Беларусі ўвасоблена мноства ідэй. Гэтым разам мы адпраўляемся ў Брэсцкую вобласць, у Івацэвіцкі раён.
Як расказала старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Краўчук, усяго ад раёна сёлета на раённы этап конкурсу было адпраўлена 9 ініцыятыў, на абласны — 3. Праведзена карпатлівая праца. Для перамогі ў конкурсе недастаткова проста стварыць прыгожы праект — трэба абгрунтаваць яго важнасць, паказаць прычыны, па якіх ён неабходны. Гэта патрабуе ўважлівай работы з жыхарамі і дэманстрацыі значнасці праекта для канкрэтнага населенага пункта. У выніку пераможцамі сталі два праекты. Першай рэалізавана ідэя, прапанаваная жыхарамі аграгарадка Любішчыцы. Там добраўпарадкавалі зону адпачынку і зрабілі сямейны сквер, назваўшы яго «Яркі свет дзяцінства».
— Жыхары актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы і зборы сродкаў, што сведчыць аб іх разуменні важнасці ініцыятывы. Вельмі дапамог стараста, які ўсяляк падтрымліваў ідэю і вёў работу з насельніцтвам. Як старшыня раённага Савета дэпутатаў я асабліва цаню, што гэты праект здольны быць, па сутнасці, бясконцым. Яго можна і далей удасканальваць! І жыхары самі хочуць гэтага. Напрыклад, на вясну запланавана азеляненне. І радуе, што гэта жывы праект. Толькі ў дрэннае надвор’е нікога няма, а так там заўсёды гуляюць дзеткі, адпачываюць іх бацькі. Месца сапраўды зручнае для сямейнага адпачынку — праектам прадугледжана інфраструктура не толькі для дзяцей, але і для дарослых.
У аграгарадку Вулька-Аброўская ўвасоблена яшчэ адна грамадзянская ініцыятыва — «Куточак сямейнага адпачынку». У рамках гэтага праекта была добраўпарадкавана дзіцячая гульнявая пляцоўка. Аб’ект адкрыюць 6 лістапада ва ўрачыстай абстаноўцы. Дарэчы, як расказала старшыня, дзіцячыя гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі — лідары сярод прапаноў. І гэта добры знак, які сведчыць аб тым, што людзі хочуць заставацца і гадаваць дзяцей у сельскай мясцовасці. Запатрабаванасць падобных аб’ектаў не можа не цешыць.
— На мой погляд, у рабоце з насельніцтвам вельмі важна паказаць, што варта ўдзельнічаць у падобных конкурсах. Бо як бывае: людзі думаюць, што ў іх не атрымаецца перамагчы, не заўжды вераць, што гэта магчыма. А наша задача як улады — дапамагчы паверыць у свае сілы і суправадзіць на ўсім конкурсным шляху.
І такая праца, як кажуць, дае свой плён. Людзі бачаць, што могуць зрабіць сваё жыццё больш камфортным, і нават без конкурсу актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем. Ірына Краўчук прыводзіць у прыклад жыхароў вёскі Халап’я, якія самастойна ўзяліся за добраўпарадкаванне дзіцячай пляцоўкі. Яны звярнуліся да мясцовай улады па дазвол выкарыстоўваць зямлю, і калі атрымалі яго, актыўна ўзяліся за працу. Правялі суботнік, усё расчысцілі, сабралі грошы самі.
— Удзел улад патрэбны быў толькі для дазволу на выкарыстанне зямлі. Але мы проста не можам не падтрымліваць людзей, таму недзе з тэхнікай дапамагаем, арганізавалі падвоз грунту. Таксама раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне са сродкаў, сабраных на суботніку, выдзеліць грошы на добраўпарадкаванне гэтай пляцоўкі. Падобная гісторыя і ў аграгарадку Воля — дзякуючы намаганням жыхароў там у хуткім часе з’явіцца дзіцячая пляцоўка.
Ужо пачалася работа па падрыхтоўцы да конкурсу ў 2026 годзе. Бліжэй да снежня будзе зразумела, хто хоча прыняць удзел і з якімі ідэямі. Ірына Краўчук пераканана, што ў будучым годзе будзе яшчэ больш заявак, бо людзі ўбачылі, што цалкам рэальна выйграць і рэалізаваць ідэю, а ўлады ў гэтым дапамогуць.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ