Top.Mail.Ru

Як у Гродзенскай вобласці змагаюцца з наступствамі майскіх замаразкаў?

Маніторынг і перасяванне культур.


Сёлета май шакіраваў усіх надзвычай халодным надвор’ем, асабліва складана прыйшлося аграрыям — анамальна нізкая тэмпература паўплывала на рост культур. Прымаюцца тэрміновыя меры па ліквідацыі наступстваў. 

Усе страты кампенсуюцца дзякуючы дакладнаму плану і штодзённаму маніторынгу палёў. Уласны карэспандэнт «Звязды» даведаўся, як змагаюцца з наступствамі замаразкаў у Гродзенскай вобласці.

Пасяўная кампанія пачыналася добра. Тэхніка выйшла ў палі яшчэ ў сакавіку, а гэта на месяц раней, чым планавалася, і ўсё ішло па графіку. Як расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Сарокін, вобласць выйшла на фінішную прамую па сяўбе ўсіх яравых культур (засеяна 330 000 га). Практычна пасеяна кукуруза, але з-за складаных умоў надвор’я дадзеную культуру сеюць дадаткова.
— Для таго, каб атрымаць запланаваны аб’ём збожжа, кукурузы пасеяна на 17 000 га больш, каб у далейшым нівеліраваць недабор ураджаю з азімых збожжавых і зернебабовых. З сяўбой агародніны ў гаспадарках работа таксама добра ідзе, больш як 70% да плана выканана. Натуральна, пільны маніторынг за культурамі праходзіць кожны год, але гэты ўнёс сур’ёзныя карэктывы. Па аператыўных даных, у вобласці гібель азімых культур і рапсу склала больш за 6000 гектараў. Спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні выязджаюць на месцы ў складзе камісій, каб аператыўна ацэньваць урон і хутка прымаць рашэнні аб яго пакрыцці перасяваннем іншых культур, — расказаў Ігар Сарокін.
Падмарожаныя ўсходы будуць заменены ў асноўным кукурузай. Дакладная лічба страт будзе вядома крыху пазней. Па аператыўнай справаздачнасці ў цэлым пашкоджана сельгаскультур на плошчы ў 56 000 га.
— Спецыялісты старанна сочаць за станам культур. Частку тых пасеваў, на якіх расліны пашкоджаны, але жыццяздольныя, пакінем на палях. Запланаванага ўраджаю мы не атрымаем, але 80–90% дасягнуць рэальна. 
Больш за ўсё пацярпела ад замаразкаў люцэрна. Прынята рашэнне на 16 000 га не чакаць поўнага вегетатыўнага фарміравання масы, і з мінулага тыдня пачаць нарыхтоўку кармоў. Падмерзлі 3–5 верхніх лістоў, а гэта значыць, што такая расліна ўжо не будзе расці, — растлумачыў Ігар Сарокін.

Акрамя палявых культур пацярпелі і пладова-ягадныя насаджэнні. Замаразкі якраз прыпалі на перыяд цвіцення. Аб’ём ураджаю костачкавых і семечкавых раслін будзе зніжаны, чакаецца, што недабор складзе каля 30%. Але разам з тым задачы па фарміраванні дзяржаўных рэзерваў пладоў будуць выкананы.
— Насельніцтва будзе забяспечана неабходнай колькасцю прадукцыі, паколькі задачы па фарміраванні стабілізацыйных фондаў будуць выкананы. У меншай ступені прадукцыя будзе адпраўлена на экспарт, але ўнутраны рынак будзе забяспечаны ўсім неабходным, — запэўніў старшыня профільнага камітэта.
Як адзначыў намеснік старшыні Гродзенскага райвыканкама Віктар Кемяжук, праблемы стварыла і засушлівая зіма, ды і вясна сёлета не багатая на вільгаць.
— У Гродзенскім раёне мы традыцыйна пачынаем рана сеяць, каб паспець «схапіць» усю магчымую вільгаць. І заўжды гэты метад добра працаваў, але сёлетні год атрымаўся неардынарным. У раёне былі зафіксаваны замаразкі да −11°С. А да гэтага ўжо было ўнесена ўгнаенне, культуры добра фарміраваліся, і ў цэлым прагноз быў спрыяльны. Але здарыліся акалічнасці, на якія паўплываць не можам. На дадзены момант каля 500 га культур у раёне, на жаль, загінулі. У тэрміновым парадку ідзе перасяванне. У нас у раёне першарадная задача — накарміць жывёлу і нарыхтаваць дастатковую колькасць кармоў. А паколькі холадна і мала вільгаці, травы растуць дрэнна, бабовыя пацярпелі. Але спецыялісты сочаць за станам культур, будзем спадзявацца, што прыйдзе цеплыня і ўсё стабілізуецца. Ёсць запасы збожжа з мінулых гадоў, а вось кармы закласці трэба ў абавязковым парадку. Бо жывёлагадоўля ў Гродзенскім раёне — гэта лакаматыў, у тым ліку і па эканамічным складніку. Пасеялі дадаткова кукурузы на зерне 842 га.
Дзякуючы згуртаванай рабоце, аграпрамысловы комплекс не толькі Гродзенскай вобласці, але і ўсёй краіны аператыўна рэагуе на існуючыя праблемы. Аграрыі прыкладаюць усе намаганні па захаванні будучага ўраджаю. Як падкрэсліваюць спецыялісты, ацаніць урон у поўнай меры можна будзе праз час.

Вераніка Казлоўская.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю