Сцежка сярод сосен, вячэра на беразе ракі, начлег у палатцы і дзясяткі кіламетраў пешшу — такі адпачынак у турыстаў з кожным годам становіцца ўсё больш папулярны, а месцы на кемпінг трэба браніраваць яшчэ ўзімку. Уласны карэспандэнт «Звязды» даведалася, як у Гродзенскай вобласці развіваецца экатурызм і што край над Нёманам можа прапанаваць гасцям.
Дарэчы, я накіравалася па адной з рэкамендацый — у Ліпічанскую пушчу!
Ніхто не стане спрачацца, што Беларусь — краіна неверагоднай прыгажосці. У нас сапраўды ёсць што паглядзець, у тым ліку і ў Гродзенскай вобласці. Тут часткова размешчаны два нацыянальныя паркі — Белавежская пушча і Нарачанскі нацыянальны парк, 15 заказнікаў рэспубліканскага значэння і 28 мясцовага, 216 помнікаў прыроды. Такая разнастайнасць дае шырокія магчымасці для развіцця экалагічнага турызму. Дарэчы, больш за 10 % усёй тэрыторыі вобласці адносіцца да асабліва ахоўных прыродных тэрыторый.
Як расказаў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Максім Малахоўскі, у Гродзенскай вобласці актыўна падтрымліваюць развіццё экатурызму. У кожным раёне можна знайсці цікавыя аб’екты для наведвання. Напрыклад, рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Азёры», які знаходзіцца ў Гродзенскім раёне, прапануе пракаціцца па вузкакалейцы. Больш такога ў краіне няма. Гасцей чакаюць маляўнічыя краявіды і цікавая экскурсія. Запісвацца трэба загадзя, за некалькі тыдняў.
— Сёлета ў «Азёрах» з’явілася магчымасць пракаціцца на катэры па возеры Белае ў рамках новага воднага турыстычнага маршруту. Працуе візіт-цэнтр, які з’яўляецца зыходным пунктам, адкуль бяруць пачатак экалагічныя маршруты. Тут створаны пакой экалагічнай бяспекі для навучання дзяцей і дарослых правілам бяспечных і адказных паводзін на прыродзе. Цэнтр праводзіць навучальныя заняткі, семінары, арганізуе выставы. Наведвальнікі могуць запісацца на экскурсію, даведацца пра славутыя мясціны і пражыванне на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях, а таксама набыць буклеты, карты і сувеніры. Акрамя таго, можна адправіцца на віртуальную экскурсію ў віяр-акулярах, — расказаў Максім Малахоўскі.
Ліпічанскімі сцежкамі
Удасканальваюцца ўжо існуючыя экасцежкі і адкрываюцца новыя. Экамаршруты сёлета з’явіліся ў Зэльвенскім і Дзятлаўскім раёнах. Апошні пралягае на тэрыторыі Ліпічанскай пушчы. Ён уключае ў сябе 42 аб’екты і аб’ядноўвае 10 прыпыначных пунктаў. Ліпічанская пушча — вельмі цікавы аб’ект. Яна ахоплівае 3 раёны: Шчучынскі, Мастоўскі, Дзятлаўскі. І на яе тэрыторыі ў вёсцы Голубы ў хуткім часе таксама адкрыецца візіт-цэнтр з памяшканнем для часовага знаходжання турыстаў, расказаў Максім Малахоўскі.
Як расказаў вядучы спецыяліст Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Ліпічанская пушча» Уладзімір Бакун, турысты тут бываюць амаль круглы год. Вось у гэтыя выхадныя заказана экскурсія для школьнікаў. Не так даўно была вялікая група турыстаў з Ніжняга Ноўгарада. Уладзімір Бакун адзначае, што з адкрыццём візіт-цэнтра ў халодную пару года паток турыстаў можа павялічыцца. Пасля экскурсіі я зразумела, чаму людзі так цягнуцца сюды. Прыгажосць лясоў неверагодная. Прайсціся можна самастойна, гэтаму спрыяе інфраструктура: усюды ёсць паказальнікі і таблічкі, інфармацыйныя стэнды. А можна заказаць экскурсію.
— Улетку супрацоўнікі заказніка ўвесь час перамяшчаюцца па пушчы, нярэдка натыкаюся на турыстаў. Заўсёды цікава паразмаўляць, хто і адкуль. Людзі пераадольваюць вельмі вялікія адлегласці! Пакідаюць машыны і праходзяць да 20 кіламетраў паміж населенымі пунктамі, а то і болей. Але калі турысты жадаюць спыніцца на стаянцы, то пра гэта трэба паклапаціцца загадзя, бо браніраванне шчыльнае і пачынаецца адразу пасля Новага года.

Усяго на тэрыторыі заказніка размешчана 13 стаянак з альтанкамі. Усе яны знаходзяцца ў маляўнічых месцах і абсталяваны ўсім неабходным для прыемнага адпачынку. Бонус — падвоз дроў. Многія прыязджаюць адпачываць сюды ўжо на працягу многіх гадоў і паспелі абзавесціся любімымі стаянкамі. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца сплавы па Нёмане і Шчары. Дарэчы, турысты тут самых розных узростаў: ад двух да 80 гадоў. Яшчэ дзве новыя стаянкі плануюць абсталяваць паблізу дубровы. Такіх у Беларусі больш нідзе няма. На тэрыторыі 100 гектараў красуюцца магутныя дубы, якія стаяць тут ужо не адно стагоддзе. Гэта сапраўдны цуд, што яны захаваліся. Дарэчы, турысты дуброву вельмі любяць, а фатографы робяць тут здымкі неверагоднай прыгажосці.
Таксама ў Гродзенскай вобласці набірае папулярнасць такі кірунак, як ваенна-патрыятычны экатурызм.
І ў Ліпічанскай пушчы такі ёсць! Акрамя ўнікальных прыродных і гістарычных аб’ектаў маршрут уключае наведванне Мемарыяла ахвярам фашызму і героям-партызанам і музея, аформленага як партызанская зямлянка. У рамках маршруту гасцей таксама знаёмяць са старой дзягцярняй, цудатворнай крыніцай, унікальнымі дрэвамі. Дарэчы, і ў іншых раёнах ёсць узоры ваенна-патрыятычнага экатурызму. Напрыклад, у Іўеўскім раёне абсталяваны цэлы комплекс зямлянак, якія ўзнаўляюць жыццё і побыт партызан, падобныя аб’екты ёсць у Налібоцкай пушчы.
Чакаем гасцей!
Вядома, кажучы аб экалагічным турызме, нельга не згадаць жамчужыну Прынёманскага края — Аўгустоўскі канал. Тут ёсць пешаходныя і веламаршруты, абсталяваныя альтанкі, ёсць магчымасць праплысці па самім канале. Смела можна сказаць, што з’явілася мода на экалагічны турызм, актыўны адпачынак. Попыт ёсць як на кемпінгі, так і глэмпінгі, у вобласці дзейнічае больш за 280 аграэкасядзіб. Людзі цягнуцца да прыроды. Як адзначыў Максім Малахоўскі, па вобласці ў цэлым назіраецца рост экспарту турыстычных паслуг. Гродзеншчына цікавая як замежным гасцям, так і жыхарам Беларусі.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ,
фота аўтара.