Будаваць будучыню на сваёй зямлі
Добраўпарадкаванне гарадскіх пасёлкаў і аграгарадкоў як ніколі актуальна. Чым больш прывабны і камфартабельны населены пункт, тым больш людзям хочацца застацца на гэтай зямлі і працягваць выбудоўваць там сваё жыццё. Такой думкі прытрымліваецца старшыня Дамачаўскага сельскага выканаўчага камітэта Анатоль Струк. Ён расказаў нам, якія новыя цікавыя аб’екты за апошнія пару гадоў з’явіліся ў гарадскім пасёлку Дамачава, што ў Брэсцкім раёне, дзякуючы намаганням адміністрацыі і мясцовых жыхароў.
— Усяго ў нашым пасёлку пражывае каля 1200 чалавек. Для таго, каб разнастаіць вольны час нашых жыхароў, цягам некалькіх гадоў мы рэалізавалі дзве грамадзянскія ініцыятывы. Першая — будаўніцтва варкаўт-пляцоўкі ў парку імя Леніна. Займацца на ёй могуць як дзеці старэйшыя за 8 гадоў, так і дарослыя. Цяпер яна карыстаецца вельмі вялікім попытам, — падзяліўся Анатоль Струк.
Спартыўная пляцоўка з’явілася ў 2024 годзе, дзякуючы конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў, які праводзіцца на абласным узроўні. На рэалізацыю праекта было выдаткавана 40 тысяч беларускіх рублёў.
Спыняцца на гэтым у Дамачаве не збіраюцца. У планах — побач з зонай для варкаўту зрабіць спецыяльную пляцоўку для самых маленькіх жыхароў гарадскога пасёлка.
Калі першы праект быў пра спорт і здаровы лад жыцця, то другі — дакладна пра культуру. І зноў дзякуючы конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў ад Брэсцкага аблвыканкама ў скверы культуры і адпачынку імя Новікава з’явіўся амфітэатр.
— Свят у нас шмат, а прыдатнага месца для іх рэалізацыі не было. Арганізоўвалі ўсё ў звычайным, нядобраўпарадкаваным месцы, — распавёў Анатоль Струк. — Усім светам пачалі збіраць грошы на рэалізацыю праекта.
40 тысяч беларускіх рублёў было выдзелена абласным бюджэтам, яшчэ 5 тысяч былі сабраныя сіламі мясцовых жыхароў, якія з вялікім натхненнем паставіліся да гэтай ініцыятывы.
Канцэртная пляцоўка афіцыйна была ўведзена ў эксплуатацыю восенню 2025 года. На ёй ужо правялі некалькі канцэртаў і святочных мерапрыемстваў.
— У планах арганізаваць «Летнія вечары ў Дамачава». Для мясцовых жыхароў гэта будзе выдатная магчымасць адпачыць і паслухаць выступленні розных музычных гуртоў, — падзяліўся ён.
Такім чынам, дзякуючы сумесным намаганням адміністрацыі і неабыякавых жыхароў, Дамачава паступова ператвараецца ў месца, дзе камфортна і цікава людзям любога ўзросту.
Лізавета ГОЛАД
фота з архіва сельскага выканаўчага камітэта