Да канца года неабходна навесці на тэрыторыі Мінска поўны парадак. Такую задачу днямі акрэсліў старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў. І гэта якраз тая праблема, пра якую не так даўно гаварыў Прэзідэнт. 14 красавіка Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам мэра сталіцы, паставіў задачу разабрацца з даўгабудамі ў Мінску, і асабліва ў комплексе «Мінск-Мір». Асобную ўвагу кіраўнік дзяржавы звярнуў на праблему звышнарматыўных тэрмінаў будаўніцтва жылля. «Гэта недапушчальна — даўгабуды, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У вас іх 13, і з іх у „Мінск-Міры“ — 8. Гэта наогул недапушчальна. Яны (кампанія, якая займаецца забудовай гэтага квартала. — Заўв. аўт.) прыйшлі сюды працаваць, заключылі з намі інвестыцыйныя пагадненні, дагаворы, узялі на сябе абавязацельствы. Няхай выконваюць, калі хочуць працаваць тут». Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, як сталічныя ўлады плануюць вырашаць праблему з даўгабудамі, што і на якім этапе цяпер у комплексе «Мінск-Мір», а таксама якіх маштабных аб’ектаў варта чакаць мінчанам у найбліжэйшы час.
Пытанне звышнарматыўных тэрмінаў будаўніцтва жылля пастаянна знаходзіцца на кантролі Прэзідэнта, падкрэслівае старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў: «Кіраўнік дзяржавы неаднаразова казаў, што будаўніцтва аб’ектаў неабходна завяршаць. 2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання. Трэба навесці на тэрыторыі горада поўны парадак, завяршыць будаўніцтва ўсіх даўгабудаў, якія засталіся, забяспечыць знос аб’ектаў, якія не падлягаюць завяршэнню. Навесці на зямлі ідэальны парадак. Усё неабходнае для гэтага ёсць», — лічыць мэр горада і акцэнтуе: ад размоў даўно пара пераходзіць да дзеянняў.
Сёлета сталічныя ўлады плануюць увесці ў эксплуатацыю 74 аб’екты звышнарматыўнага будаўніцтва, паведаміла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінскага гарвыканкама Ірына Гонтарава: «На пачатак гэтай пяцігодкі колькасць будоўляў са звышнарматыўнымі тэрмінамі ў Мінску дасягала трохсот. Цяпер жа іх аб’ём адчувальна скараціўся. Узвядзенне сацыяльных аб’ектаў і аб’ектаў інжынерна-транспартнай інфраструктуры нярэдка звязана з рэалізацыяй маёмасных правоў грамадзян. Часам рознагалоссі адбіваюцца на тэрмінах будаўніцтва асобных аб’ектаў. Акрамя таго, камунальныя прадпрыемствы завяршаюць будаўніцтва аб’ектаў, з якімі не справіліся інвестары».
Як прыклад паспяховага завяршэння пытання даўгабуда — шматфункцыянальны комплекс на праспекце Незалежнасці, дзе адкрыўся «Першы нацыянальны гандлёвы дом» і ўзведзена арэнднае жыллё. На вуліцы Маякоўскага завяршаецца ўзвядзенне шматфункцыянальнага медыцынскага цэнтра. Тут размесцяцца стаматалагічная паліклініка і цэнтр пластычнай хірургіі. Акрамя таго, на вуліцы Алібегава ўзводзіцца інтэрнат кватэрнага тыпу.
Камітэтам будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама сфарміраваны пералік па стане на 2025 год, які налічвае 100 аб’ектаў звышнарматыўнага будаўніцтва. «У іх ліку — 36 аб’ектаў камунальнай формы ўласнасці, 28 рэспубліканскай і 36 бязведамаснай падпарадкаванасці. Найбольшую колькасць аб’ектаў неабходна ўцягнуць у гаспадарчы абарот у Кастрычніцкім (гэта абумоўлена наяўнасцю завяршэння рэалізацыі інвестыцыйнага праекта комплексу „Мінск-Мір“), у Першамайскім і Фрунзенскім раёнах. Будаўнічая гатоўнасць аб’ектаў, якія ўзводзяцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў будаўніцтва, вар’іруецца ад 5 да 99 %. Па выніках праведзенага аналізу з названых 100 аб’ектаў сёлета плануецца выканаць мерапрыемствы па 74. З іх 28 аб’ектаў камунальнай формы ўласнасці, 25 аб’ектаў рэспубліканскай і 21 аб’ект прыватнай формы. Астатнія 26 аб’ектаў з улікам іх будаўнічай гатоўнасці, наяўнасці крыніц фінансавання і ўказаў кіраўніка дзяржавы плануецца ўцягнуць у гаспадарчы абарот у 2026–2027 гадах», — сказала Ірына Гонтарава.
Усяго аб’ектаў рэспубліканскай формы ўласнасці, якія падлягаюць уключэнню ў гаспадарчы абарот, налічваецца 28, аб’ектаў прыватнай уласнасці — 36. Сярод іх і аб’екты ў складзе комплексу «Мінск-Мір». Па-ранейшаму найбольшую складанасць выклікае ўвод у эксплуатацыю такіх аб’ектаў, як убудаваныя памяшканні, гаражы, шматузроўневыя стаянкі. Часта інвестары ў рамках заключаных дагавораў ажыццяўляюць будаўніцтва толькі ліквідных аб’ектаў, жылых дамоў, аб’ектаў гандлю, адміністрацыйных аб’ектаў і ўхіляюцца ад інфраструктурных аб’ектаў.
На асобным кантролі знаходзяцца аб’екты жыллёвага будаўніцтва, якія ўзводзяцца з перавышэннем нарматыўных тэрмінаў. Да канца чэрвеня неабходна забяспечыць увод у эксплуатацыю 11 шматкватэрных жылых дамоў. Восем аб’ектаў знаходзіцца ў Кастрычніцкім раёне. «Усе яны ў складзе комплексу „Мінск-Мір“ і маюць высокую ступень будаўнічай гатоўнасці, аднак адной з прычын пераходу аб’ектаў у разрад звышнарматыўных з’яўляецца парушэнне генпадраднымі арганізацыямі абавязацельстваў па будаўніцтве жылых дамоў і неаднаразовая іх змена. У мэтах нарошчвання тэмпаў вытворчасці работ прыцягваюцца дадатковыя падрадныя арганізацыі. Тым не менш тэмпы неабходна павялічваць не толькі на названых дамах, але і на іншых, якія знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва. Сёння на тэрыторыі комплексу „Мінск-Мір“ на стадыі будаўніцтва знаходзіцца 26 аб’ектаў. Гэта ўжо крайнія жылыя дамы, большая частка з якіх будзе ўведзена сёлета. У 2026 годзе фактычна завершыцца рэалізацыя жыллёвага будаўніцтва комплексу», — падагульніла Ірына Гонтарава.

Падводзячы вынікі пасяджэння, Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля Качанава адзначыла: «Я ведаю і бачу, што ў сталіцы работа праводзіцца вельмі сур’ёзная. Прэзідэнт неаднаразова гаворыць нам: першае — вельмі жорсткая выканальніцкая дысцыпліна, і другое — у Дзяржаўную інвестпраграму павінны быць уключаны аб’екты, неабходныя сёння для краіны».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА і з адкрытых крыніц