Top.Mail.Ru

Як у Беларусі змагаюцца з забруджваннем пластыкам

Пра новыя рашэнні для барацьбы з забруджваннем пластыкам гаварылі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Удзельнікі прэс-канферэнцыі абмеркавалі ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне экалагічнай бяспекі краіны, сучасныя падыходы да абыходжання з адходамі, эфектыўныя метады перапрацоўкі пластыку.


— Экалагічныя праблемы, якія стаяць перад чалавецтвам, становяцца ўсё больш актуальнымі ва ўмовах імклівага росту прамысловай вытворчасці і ўзмацнення антрапагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе. На думку экспертаў, такая сітуацыя з’яўляецца сур’ёзнай пагрозай не толькі экасістэмам, але і здароўю людзей і будучых пакаленняў, — адзначыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк.

Для экасістэм не існуе меж: змяненне іх натуральнага балансу ў адной краіне амаль непазбежна прывядзе да аналагічных змяненняў у іншай. Таму пытанні забеспячэння экалагічнай бяспекі Беларусі ўваходзяць у лік прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі.

Паводле слоў кіраўніка прыродаахоўнага ведамства, ступень абароненасці насельніцтва і навакольнага асяроддзя ад антрапагенных і прыродных уздзеянняў з’яўляецца прымальнай для забеспячэння сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Аднак пытанні выкідаў, утварэння і ўтылізацыі адходаў, прадухілення дэградацыі экасістэм па-ранейшаму актуальныя. Асабліва пільная ўвага аддаецца праблеме пластыкавага забруджання.

Сусветны аб’ём утварэння пластыкавых адходаў (поліэтыленавых пакетаў, пенапластавых вырабаў, аднаразовага пластыкавага посуду і інш.) — каля 430 млн тон у год. У Беларусі толькі ў складзе вытворчых адходаў штогод атрымліваецца прыкладна 200 тысяч тон пластыку.

— Небяспека ў тым, што пластык мае працяглы перыяд распаду — ад 100 да 1000 гадоў. Трапляючы ў навакольнае асяроддзе, ён распадаецца на мікрапластык, які пасля лёгка ўбудоўваецца ў харчовыя ланцужкі і патэнцыяльна можа пагражаць чалавеку, — адзначыў Сяргей Масляк.

Каб паменшыць утварэнне пластыкавых адходаў, з 2020 года ў Беларусі вядзецца комплексная работа па замене палімернай упакоўкі на экалагічна чыстую.

— У 2024 годзе план быў дапоўнены і цяпер ажыццяўляецца ў пяці кірунках. У першую чаргу гэта пытанні, звязаныя з удасканаленнем сістэмы абыходжання з адходамі і скарачэння выкарыстання палімернай упакоўкі, правядзеннем навуковых даследаванняў, вытворчасцю і ўжываннем экалагічна бяспечнага пакавання, тэхнічным рэгуляваннем і скарачэннем імпарту палімерных упаковак, — растлумачыла начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Мінпрыроды Вольга Сазонава.

З 1 студзеня 2026 года адпаведнай пастановай урада будуць уведзены абмежаванні на продаж піва і слабаалкагольных напояў у палімернай упакоўцы намінальным аб’ёмам звыш 1,5 літра. Таксама ўнесены змены ў пастанову, якая рэгламентуе прынцып пашыранай адказнасці вытворцаў. Так, павялічыцца спіс тавараў, вытворцы і пастаўшчыкі каторых будуць несці адказнасць за арганізацыю збору адходаў, у якія гэтыя тавары ператвараюцца.

Яшчэ адным важным кірункам барацьбы з пластыкавым забруджваннем з’яўляецца інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць.

— Павышэнне ўзроўню экаадукацыі мае вялікае значэнне ў фарміраванні свядомасці і паводзін грамадзян, спрыяе развіццю ўстойлівых звычак, такіх як перапрацоўка матэрыялаў, эканомія рэсурсаў і выкарыстанне экалагічна чыстых тавараў. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дабіцца станоўчых змяненняў і забяспечыць устойлівую будучыню для наступных пакаленняў, захаваць планету для будучага жыцця, — рэзюмаваў Сяргей Масляк.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю