Top.Mail.Ru

Як у Беларусі падтрымліваюць адораную моладзь?

Падтрымка найбольш таленавітай і матываванай моладзі, стварэнне спрыяльных умоў для паспяховай вучобы, навуковай і творчай дзейнасці былі і застаюцца прыярытэтнымі для кіраўніка дзяржавы.


У студзені 2025-га Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне выдзеліць з рэзервовага фонду Прэзідэнта Br680 тыс. на заахвочванне адораных навучэнцаў і студэнтаў, а таксама асоб, якія іх падрыхтавалі. 

У лік шчасліўчыкаў заслужана трапілі 26 лаўрэатаў гранд-прэмій, якім будзе ўручаны нагрудны знак «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы здольных навучэнцаў і студэнтаў» і 217 лаўрэатаў спецыяльных прэмій — пераможцаў Рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Узнагароджанне за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцяў адораных навучэнцаў і студэнтаў атрымае 21 педагагічны работнік. Акрамя таго, за выдатную вучобу, поспехі ў навукова-даследчай і творчай дзейнасці 173 студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі прызначана Стыпендыя Прэзідэнта Беларусі.

— Здольных дзяцей не было б, калі б у іх не было здольных настаўнікаў, — упэўнена начальнік аддзела па суправаджэнні работы з адоранымі навучэнцамі Акадэміі адукацыі Юлія Пашкевіч. Яна падкрэсліла, што дзейнасць акадэміі арыентавана на работу менавіта з такімі выкладчыкамі і будуецца на прынцыпах кампетэнтнасці, камунікатыўна-дзейнага, асобаснаарыентаванага, культуралагічнага падыходаў для таго, каб сапраўды стварыць цэласную сістэму работы з адоранымі навучэнцамі. Для гэтага акадэміяй праводзіцца шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў.

Падрыхтоўка каманд да міжнародных алімпіяд — адна са сфер дзейнасці акадэміі. Зборы для ўдзельнікаў, як правіла, праводзяцца ў Нацыянальным дзіцячым аздараўленчым цэнтры «Зубраня» і доўжацца з красавіка да ліпеня. Адпачынак у маляўнічым месцы ў дзяцей праходзіць у перапынках паміж заняткамі, якія праводзяць з імі найлепшыя выкладчыкі краіны. Вынік вялікай сумеснай работы школьнікаў і іх настаўнікаў уражвае — за апошнія пяць гадоў на міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах заваявана 262 медалі, з іх 45 залатых, 91 сярэбраны і 126 бронзавых. У 2024 годзе 63 школьнікі прынялі ўдзел у 13 міжнародных спаборніцтвах, і 56 з іх сталі пераможцамі і прызёрамі, прынёсшы роднай краіне 18 залатых, 13 сярэбраных і 25 бронзавых медалёў.

У БДУ таленавітых дзяцей, уключаных у банк адораных навучэнцаў, якія ўжо сталі студэнтамі, адразу бяруць «на аловак». Кожнаму з іх прадастаўляецца індывідуальны куратар, які пачынае выбудоўваць адукацыйную і навуковую траекторыю студэнта.

— З такімі навучэнцамі мы працуем на сістэмнай аснове, — расказвае першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзмітрый Курловіч. — Далучаем да гэтай дзейнасці абітурыентаў, студэнтаў, выпускнікоў, магістрантаў, аспірантаў і тых, хто застаецца працаваць ва ўніверсітэце.

Па яго словах, значная частка гэтай работы таксама прыпадае на адораных дзяцей — удзельнікаў рэспубліканскіх алімпіяд. Выкладчыкі выступаюць у якасці распрацоўшчыкаў, затым членаў журы, кіраўнікоў каманд, якія рыхтуюць алімпійцаў на зборах да міжнародных алімпіяд. Некаторыя з іх з’яўляюцца і кіраўнікамі каманд, што возяць школьнікаў на міжнародныя спаборніцтвы. Дзмітрый Курловіч дзеліцца: яму самому пашчасціла быць уцягнутым у гэты этап. 

А яшчэ ён прывёў такія лічбы — у БДУ функцыянуюць 66 студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і 122 студэнцкія навуковыя гурткі, у якіх студэнты робяць першыя крокі ў навуку. Найбольш моцным ва ўніверсітэце Дзмітрый Курловіч называе ІT-кірунак. 

Загаловак у газеце: Таленты, што краіну славяць

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю