Top.Mail.Ru

Як у Беларусі абараняюць лясы ад пажараў

Касмічны маніторынг, тэхніка і хуткае рэагаванне

Як у Беларусі змагаюцца з ляснымі пажарамі, расказалі ў эфіры тэлеканала АНТ.

У эфіры нагадалі, што каля 40% тэрыторыі Беларусі займаюць лясы. У выпадку надзвычайнага здарэння важныя аператыўнасць і наяўнасць неабходнай тэхнікі. Для тушэння пажараў у МНС выкарыстоўваюць Мі-26 — найбуйнейшы ў свеце транспартны верталёт, які серыйна выпускаецца. Ён здольны скідаць да 15 т вады. Таксама на ўзбраенні ёсць Мі-8 — менш габарытны, але больш мабільны верталёт, які можа вылецець у любы пункт краіны для аказання дапамогі.

Кантроль за пажаранебяспечным становішчам пачынаецца з маніторынгу. Адзін з найбольш эфектыўных метадаў — касмічны. З яго дапамогай спецыялісты могуць выявіць ачаг узгарання, вызначыць маштабы і нават спрагназаваць напрамак распаўсюджвання пажару. Кантралююцца і прыгранічныя тэрыторыі, каб не дапусціць перакідання агню з суседніх краін. «Праз 15 хвілін пасля пралёту спадарожнікаў над тэрыторыяй нашай краіны інфармацыя ў МНС паступае ў аўтаматычным рэжыме і адлюстроўваецца на геапартале МНС у выглядзе цеплавых анамалій. Ужо з гэтага моманту пачынаецца адпрацоўка даных аб цеплавых анамаліях», — расказаў у эфіры галоўны спецыяліст аддзела маніторынгу і прагназавання надзвычайных сітуацый Рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на НС МНС Алег Чэрапаў.

Маніторынг праводзяць і на ўзроўні лясной гаспадаркі. Аператары ў рэжыме рэальнага часу адсочваюць абстаноўку ў лясным фондзе. Пры неабходнасці аператыўная брыгада выязджае на месца. «Калі мы бачым фактычную пагрозу ўзгарання — не светлавы эфект і не праламленне сонечных прамянёў, а менавіта задымленне на тэрыторыі ляснога фонду, — можам дакладна вызначыць пункт і накіраваць туды дзяжурнае мабільнае звяно лесапажарнай каманды», — расказаў дырэктар Бараўлянскага спецлясгаса Аляксандр Мірановіч.

Сярод асноўных прычын лясных пажараў — высокая тэмпература паветра, моцны вецер і чалавечы фактар. Таму ў засушлівыя перыяды ў краіне ўводзяць забароны і абмежаванні на наведванне лясоў.

Усяго з пачатку года ў Беларусі ліквідавана больш за 500 узгаранняў у лясах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю