Top.Mail.Ru

Як у аграгарадку Смаргонскага раёна рэалізаваны праект у рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў

Карэспандэнты «Звязды» працягваюць падарожжа па Беларусі, каб пазнаёміцца з праектамі, якія былі рэалізаваны ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Гэтым разам мы пабывалі ў Смаргонскім раёне.


На ўдзел у конкурсе грамадзяне актыўна адгукнуліся. На тэрыторыі раёна ўжо рэалізаваны два праекты. Адзін з іх увасобіўся ў 2024 годзе. У аграгарадку Асінаўшчызна быў арганізаваны кінатэатр пад адкрытым небам «Паветра». Перамога натхніла жыхароў населенага пункта ўзяць удзел у конкурсе яшчэ раз. Як расказала старшыня Каранеўскага сельскага выканаўчага камітэта Святлана Гаспадарова, доўга шукаць фішку новага праекта не прыйшлося.

— У аграгарадку жыве 10 шматдзетных сем’яў. І выдатна, калі ёсць месца, дзе можна пагуляць з дзецьмі, сустрэцца з сябрамі. Таму на конкурс мы вырашылі распрацаваць праект парка «Сузор’е сем’яў». Жыхары далучыліся да абмеркавання, мы разам выбіралі назву.

Летась праект стаў адным з 13 пераможцаў абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў у Гродзенскай вобласці. Сквер сімвалізуе пераемнасць пакаленняў і важнасць сямейных каштоўнасцяў, з’яўляючыся «жывым сэрцам» аграгарадка і камфортнай зонай адпачынку для жыхароў усіх узростаў.

Работы па добраўпарадкаванні сквера падыходзяць ужо да фінальнай стадыі. На тэрыторыі пракладзены дарожкі, створана інфраструктура для адпачынку, што робіць гэта месца прывабным для ўсіх катэгорый насельніцтва. Уласнаму карэспандэнту прыадчынілі заслону таямніцы і паведамілі, што запланаваны яшчэ некаторыя дапаўненні. Напрыклад, у парку павінен з’явіцца аб’ект патрыятычнай скіраванасці, які дапаможа ў выхаванні маладога пакалення.


Завяршальны глянец будзе наведзены вясной, але тут ужо высаджаны розныя віды дрэў і кустоў. Старшыня сельвыканкама адзначыла, што парк добры тым, што яго можна пашыраць, дапрацоўваць. І жыхары хочуць у гэтым удзельнічаць!

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Кудзяньчук адзначыў, што праца ў рамках конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў вельмі згуртоўвае людзей. Акрамя таго, гэта дзейнасць накіравана на паляпшэнне жыцця грамадзян.

— І хто б што ні казаў, чалавек асабліва цэніць тое, да чаго сам прыклаў руку. Таму ўдзел грамадзян у працэсе паляпшэння і добраўпарадкавання вельмі важны, бо агульнымі намаганнямі можна зрабіць значна больш, чым паасобку. На наступны год ставім перад сабой амбіцыйныя мэты. На конкурс прадстаўлены праект па добраўпарадкаванні тэрыторыі паблізу Крэўскага замка. Запланавана ачыстка сажалак, шлюзаў і сістэмы каналаў. Таксама, калі мы атрымаем перамогу, плануем абсталяваць стаянку для аўтамабіляў і правесці электрыфікацыю.

Конкурс грамадзянскіх ініцыятыў добра сябе зарэкамендаваў, аб ім ужо ведае значна больш людзей, якія ахвотна далучаюцца да рэалізацыі праектаў. Так што пакуль мы расказваем пра рэалізаваныя ідэі, ва ўсю ўжо распрацоўваюцца новыя!

Вераніка Казлоўская


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю