Асаблівай тэмай падчас нарады ў Прэзідэнта па развіцці Віцебскай вобласці было захаванне цялят. Праблема падзяжу застаецца актуальнай і без спасылкі на надвор’е, але мароз яе яшчэ падвоіў. Як раней заўважаў кіраўнік дзяржавы, пакуль усе цяляты не будуць стаяць пад дахам, у памяшканні, сітуацыя не выправіцца.
Але ж пабудаваць паўсюль цёплыя цялятнікі — справа не двух дзён, а маразы ціснуць і цяпер. Добра, калі гэты цялятнік у гаспадарцы ёсць, а калі пакуль няма? І тут уступае ў сілу маральны аспект, той, пра які таксама гаварыў Прэзідэнт. Менавіта разуменне, што непрымальна, каб дзеці (няхай гэта і дзеці жывёл) загінулі на марозе ці проста мерзлі, і жаданне ратаваць таго, хто ад цябе залежыць, дапамагае знаходзіць рашэнне «халоднай» праблемы.
Нават пад дахам іх трэба ахоўваць ад скразняку
Кіраўскі раён на Магілёўшчыне з’яўляецца ўзорным па пытаннях вырошчвання самай праблемнай групы цялят ва ўзросце 2-3 месяцаў.
На нядаўнім семінары прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны знаёміліся з тутэйшым вопытам. Адна з гаспадарак, якую наведалі ўдзельнікі, «Кіраўскі райаграпрамтэхзаб». Прафілакторый на 200 месцаў пабудаваны 1,5 года таму. Цяляткі тут, як той казаў, у бога за пазухай — цёпла, сытна, камфортна.
— Для малых самае галоўнае, каб не было скразняку, — кажа дырэктар «Кіраўскага райаграпрамтэхзаба» Лявонцій Кушавараў. — Дадаткова ставім яшчэ дзве пушкі, якія дзьмуць цёплым паветрам. Нованароджаныя цяляты некалькі тыдняў знаходзяцца пад інфрачырвонымі лямпамі і ў гуньках, пакуль не абсохнуць. Умовы добрыя, і захаванасць жывёл складае 99 %.
Усяго ў гаспадарцы 4 прафілакторыі, але новы — перадавы ва ўсіх адносінах. Тут прасторна, праца механізаваная — станкі перасоўваюцца, трактар чысціць, усё дэзынфікуецца, кладзецца новая падсцілка.
— У старых прафілакторыях пераважна ручная праца, а на новай ферме добра не толькі цялятам, але і людзям, — кажа дырэктар. — Гэта толькі плюс, бо з жадаючымі працаваць тут няма праблем. Яно і зразумела — дом цёплы, зарплата добрая і працаваць лягчэй. У новым прафілакторыі ўсё на месцы — і пастэрызатар, і мыйка вёдзер, і ўсё астатняе, што неабходна для догляду цялят.
Суразмоўца нагадвае, што губернатар вобласці Анатоль Ісачанка кантраляваў асабіста, каб усе маленькія цяляткі ў вобласці былі пад дахам. Усе кіраўнікі аграгаспадарак гэтай тэмай былі заклапочаны. І хто адказна аднёсся да справы, цяпер толькі радуецца.
— Пры сёлетніх маразах цяляты на вуліцы замерзлі б, — перакананы аграрый. — Ноччу слупок тэрмометра апускаўся ніжэй за мінус 30. Страты былі б вялікія. Якія канкрэтна, не магу сказаць. У мяне такога няма, і я рады. Будуем яшчэ адзін арачнік для цялят, старэйшых за 3 месяцы, на 200 галоў. І гэтыя цяляткі адсюль пойдуць ужо туды.
Дарэчы, у панядзелак губернатар са старшынямі райвыканкамаў ацанілі бягучы этап будаўніцтва новага прафілакторыя на 236 месцаў для нованароджаных цялят у вёсцы Кароўчына ў Дрыбінскім раёне. Усяго ў рэгіёне плануецца пабудаваць ад 40 да 60 новых прафілакторыяў. Гэта створыць камфортныя ўмовы для ўтрымання каля 12 тысяч цялят.
Папонкі плюс узмоцненае харчаванне
А на Гродзеншчыне нованароджаных цялят апранаюць у спецыяльныя касцюмчыкі.
Як расказаў намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі філіяла «Аграфірмы «Стары Дворац» РУП «Гроднаэнерга» Тадэвуш Высоцкі, за студзень прыплод цялят у гаспадарцы склаў 85 галоў, 9 з іх нованароджаныя да 5 дзён. За такімі малымі патрэбны асаблівы догляд. Адразу пасля нараджэння іх сушаць пад спецыяльнай лямпай, а таксама выкарыстоўваюцца дзве сушыльныя шафы для абагравання цялят цёплым паветрам. Потым селяць у хаткі. Ва ўсе папярэднія гады малым было камфортна зімой, бо не было такіх маразоў. Цяпер цялят дадаткова ўцяпляюць. Жывёлаводы прыдумалі апранаць іх у спецыяльныя папоны, якія закрываюць спінку і бакі малых. Так значна цяплей.
— Мы з маразамі добра спраўляемся, у тым ліку і наша моладзь, у нас яе шмат працуе. Кожны ведае сваю справу. Цяляты таксама адчуваюць сябе добра. Першыя 10 касцюмчыкаў заказвалі не ў нашай вобласці. Цяпер жа наш Бераставіцкі дом быту шые папоны, вось днямі паедзем забіраць партыю — 20 штук. Спачатку закупілі на спробу, паглядзець, ці падыдзе такі варыянт. І жывёлам камфортна. Яны спакойна адрэагавалі на іх, відаць, што вопратка не замінае ім.
Глядзяцца касцюмчыкі вельмі міла, сшытыя так, каб не скоўваць цялят. Яны свабодна рухаюцца і спяць у іх. Папоны можна будзе выкарыстоўваць і для наступнага пакалення цялят, так што спатрэбяцца і ў далейшым. Як паказвае практыка, уцяпленне станоўча ўплывае на малых і сапраўды лішнім не будзе.
Дарэчы, у такі мароз важна не толькі дадаткова ўцяпліць цялят. Змяняецца і харчаванне. Малых цялят падкормліваюць дадаткова камбікормам і дапойваюць малаком.
— Малако развозяць на «малочным таксі». Так мы называем паільны апарат. Цяляткі з апетытам ядуць, растуць. Хоць такіх зім даўно не было, надвор’е не стала для нас сюрпрызам, мы гатовы да ўсяго і старанна выконваем усе тэхналогіі.
Дарэчы, у Гродзенскай вобласці ў цэлым падыходзяць сістэмна да пытання ўтрымання маладняку на малочнатаварных комплексах. Як расказаў старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Сарокін, былі ўцеплены цялятнікі і падстрэшкі для цялят, больш за 9000 малых пераселены ў памяшканні. У дапамогу цялятніцам таксама былі наняты дадатковыя кадры, не занятыя на фермах і ў мехмайстэрнях.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ.