Як трапіць на экскурсію ў Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік, расказаў БелТА загадчык аддзела інфармацыйнага забеспячэння запаведніка Аляксей Казакоў.
Забраніраваць візіт у Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік можна некалькімі спосабамі. Для гэтага працуе афіцыйны сайт установы, дзе ёсць форма для падачы заявы. Ёсць электронная пошта, сацыяльныя сеткі, а таксама прамыя кантакты профільнага аддзела.
«Калі людзі да нас звяртаюцца, першы крок — гэта ўзгадненне даты. Ужо ў маі гэтага года мы выразна разумелі, што абсалютна ўсе выхадныя дні ў нас распісаны да канца года. Заставалася альбо прымаць невялікія групы, альбо пераносіць на будныя дні», — сказаў Аляксей Казакоў.
Ён звярнуў увагу, што лагістыка ўнутры зоны адчужэння цалкам кантралюецца ўстановай: «Усе перамяшчэнні па тэрыторыі ідуць на транспарце запаведніка. Толькі непасрэдна на саміх лакацыях групы ідуць пешшу, а пераезды ад аб’екта да аб’екта — на нашых аўтамабілях».
Датычна правіл наведвання Аляксей Казакоў падкрэсліў:
«Асноўны фактар — мы прымаем экскурсантаў толькі з 18 гадоў. Сапраўды, ёсць шмат дзяцей, якія шчыра захоплены чарнобыльскай тэматыкай, бацькі тэлефануюць і просяць прыехаць разам з імі, але мы вымушаны адмаўляць з прычыны ўзроставай забароны. Другое найважнейшае патрабаванне датычыцца формы адзення: яна павінна быць максімальна закрытай, паколькі гэта тэрыторыя з павышаным узроўнем радыеактыўнага забруджвання. У астатнім ніякіх спецыфічных абмежаванняў у рамках стандартнай экскурсіі мы не ўстанаўліваем».