Як паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый, сёння прымаюцца ўсе меры па забеспячэнні дарожнай бяспекі.
Як паведамілі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый, сёння прымаюцца ўсе меры па забеспячэнні дарожнай бяспекі.
План «Надвор’е» быў уведзены ў Магілёўскай, Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях, а таксама ў сталіцы. Для забеспячэння бяспекі і прапускной здольнасці рэспубліканскіх і мясцовых аўтамабільных дарог па стане на 19:00 8 студзеня былі задзейнічаны 1885 адзінак спецыялізаванай тэхнікі.
Дарожныя службы працуюць ва ўзмоцненым рэжыме: кругласутачна прыбіраецца снег, выконваецца супрацьгалалёдная апрацоўка праезнай часткі транспартных магістраляў. У зоне першачарговай увагі — маршруты руху грамадскага транспарту, пад’езды да ўстаноў аховы здароўя і адукацыі, сацыяльна значных аб’ектаў.
Чыгуначны транспарт
Як паведамілі на БЧ, намаганні работнікаў беларускай магістралі сканцэнтраваныя на прыярытэтных задачах: забеспячэнні бесперабойнага руху цягнікоў, падтрыманні працаздольнасці інфраструктуры, а таксама стварэнні бяспечных умоў для пасажыраў на станцыях і пешаходных пераходах.
Ва ўмовах моцных снегападаў Беларуская чыгунка забяспечвае бесперабойную работу транспарту. Усяго ў сярэднім у суткі па дарозе праходзіць каля 750 пасажырскіх цягнікоў розных катэгорый. На асобных участках з прычыны складанай абстаноўкі асобныя цягнікі ідуць з адхіленнем ад графіка руху. Так, па стане на 10 гадзін раніцы 9 студзеня, 38 цягнікоў рухалася з адхіленнем ад графіка. На прадпрыемстве растлумачылі, што ў перыяд складаных умоў надвор’я праводзяцца работы па прыборцы снегу на пуцях. Для гэтага задзейнічана спецыялізаваная тэхніка — магутныя машыны СМ-2 і «снежныя цягнікі», якія вывозяць снег за межы станцый. Ачыстка праходзіць у перапынках паміж рухам цягнікоў, каб не парушаць расклад руху чыгуначнага транспарту. Таму, як кажуць спецыялісты, каардынацыя работы гэтай тэхнікі — найскладанейшы працэс, які патрабуе ювелірнай дакладнасці ад дыспетчараў і машыністаў.
9 студзеня для ачысткі стрэлачных пераводаў, чыгуначных пераездаў і прыпыначных пунктаў ад снегу задзейнічана больш за 1800 работнікаў магістралі, 14 снегапрыборачных машын і 13 снегаачышчальнікаў. Усе гаспадаркі магістралі працуюць у штатным рэжыме. Выпадкаў парушэння электразабеспячэння вытворчых і бытавых абанентаў не зафіксавана. Беларуская чыгунка працягне аператыўна рэагаваць на змены ўмоў надвор’я для забеспячэння бесперабойнай работы чыгуначнага транспарту.
Сталічны пасажырскі транспарт
Стыхія не выбірае час — пік снегападу прыйшоўся на вечар і ноч перад працоўным днём 9 студзеня. З-за складаных умоў надвор’я мінчане дабіраліся да сваіх працоўных месцаў з цяжкасцямі. Мінсктранс паведаміў пра затрымку грамадскага транспарту. Па даных прадпрыемства, з 5.30 раніцы адхіляліся ад раскладу руху на розных вуліцах каля 20 маршрутаў грамадскага транспарту.
У Мінскай гарадской ЖКГ паведамілі, што прыборка снегу ідзе ў кругласутачным рэжыме. На сталічных вуліцах снег расчышчаюць больш за 180 адзінак тэхнікі, больш за 1506 рабочых па комплекснай прыборцы і ўтрыманні домаўладанняў і амаль 450 інжынерна-тэхнічных работнікаў. Да агульнай работы далучыліся 577 сталічных арганізацый.
Паветраны транспарт
У штатным рэжыме, нягледзячы на непагадзь, працягвае працаваць Нацыянальны аэрапорт Мінск. Як адзначыў генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір ЧАРАУХІН, аэрапорт цалкам гатовы да эксплуатацыі ў любое надвор’е, для гэтага задзейнічаны ўсе неабходныя рэзервы.
Ужо другія суткі службы аэрапорта працуюць ва ўзмоцненым рэжыме. Значна павялічана колькасць спецыяльнай тэхнікі, узмоцнены брыгады работнікаў і вадзіцеляў. Для прыбірання снегу і апрацоўкі супрацьгалалёднымі рэагентамі ўзлётна-пасадачнай паласы, рулёжных дарожак, перона і прывакзальнай тэрыторыі задзейнічана каля 50 адзінак шматфункцыянальнай снегапрыборачнай і камунальнай тэхнікі. У работах удзельнічае больш за 220 супрацоўнікаў аэрапорта.
Снегапрыборачная тэхніка на аэрадроме працуе практычна бесперапынна, што дазваляе своечасова падтрымліваць інфраструктуру ў стане гатоўнасці і забяспечваць высокі ўзровень бяспекі палётаў. Акрамя таго, перад вылетам паветраныя судны праходзяць абавязковую супрацьабледзяняльную апрацоўку, якая дазваляе выдаліць замерзлыя ападкі і прадухіліць іх утварэнне да ўзлёту.
Аэрапорт мае дастатковыя запасы супрацьабледзяняльных вадкасцяў усіх тыпаў і хімічных рэагентаў, што гарантуе стабільнае выкананне ўзлётна-пасадачных аперацый нават у складаных метэаўмовах.
Пасажырам і тым, хто сустракае, рэкамендуецца планаваць паездку ў аэрапорт загадзя, з улікам надвор’я і дарожнай сітуацыі. Актуальную інфармацыю пра статус рэйсаў можна ўдакладніць на табло вылетаў і прылётаў на афіцыйным сайце аэрапорта або авіякампаній.
Алена ВІНАГРАДАВА.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ.
Фота дадзена БЧ, Нацыянальным аэрапортам Мінск, Мінтранс і з адкрытых крыніц.