Top.Mail.Ru

Як сёння развіваецца сістэма сацыяльных паслуг

Сёння адным з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі з’яўляецца развіццё сістэмы сацыяльнага абслугоўвання. Попыт на сацыяльныя паслугі вызначаюць дэмаграфічныя тэндэнцыі. Сёння ў краіне колькасць грамадзян старэйшых за 65 гадоў складае больш за 1,6 мільёна чалавек, і за апошнія 5 гадоў іх лік вырас амаль на 150 тысяч. Адпаведна павялічваецца і колькасць атрымальнікаў сацыяльных паслуг — за апошнюю пяцігодку яна вырасла на 50 тысяч чалавек і складае ўжо больш за 190 тысяч. 


Старэнне — у сямейным ачагу

Традыцыйна найбольш запатрабаваны сацыяльныя паслугі па доглядзе, якія рэалізуюцца непасрэдна дома. Яны складаюць больш за 60 % усіх паслуг, імі ахоплена ужо каля 112 тысяч чалавек.

— Прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ва ўвязцы з запытам насельніцтва з’яўляецца развіццё стацыянарна-замяшчальных формаў сацыяльнага абслугоўвання, забеспячэння іх якасці і даступнасці. Для вырашэння пастаўленай задачы зроблена ўжо нямала, — расказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльнай дапамогі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вераніка ГУЛЕВІЧ. — Сёння, напрыклад, актыўна ўкараняецца доўгачасовы догляд. Гэта пэўны комплекс сацыяльнага абслугоўвання ў прывязцы з медыцынскім суправаджэннем. Такім чынам, людзі дома атрымліваюць комплекс паслуг як ад сацыяльных, так і ад медыцынскіх службаў. Такім доглядам ужо ахоплена больш за 320 чалавек.

Шырокае распаўсюджванне сёння таксама атрымала дыстанцыйная форма сацыяльнага абслугоўвання. Гэта дазваляе ўсім, хто мае патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, нават калі яны па нейкай прычыне не могуць прыбыць у аддзяленне, атрымаць пэўны навык развіцця сацыяльнай сувязі, камунікабельнасці дыстанцыйна. Такімі паслугамі зараз карыстаюцца больш за 13 тысяч чалавек па ўсёй краіне.

Зрэшты, для таго, каб даступнасць сацыяльнага абслугоўвання была максімальнай, прадугледжана транспартнае забеспячэнне дзяржаўных устаноў сацыяльнага абслугоўвання. Для гэтых мэт за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў толькі сёлета закуплена больш за паўсотні мікрааўтобусаў, што сведчыць аб зацікаўленасці дзяржавы ў тым, каб людзям было максімальна камфортна дабірацца да ўстаноў сацыяльнага абслугоўвання.

Паляпшаецца і матэрыяльна-тэхнічная база тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і сацыяльных пансіянатаў. Робіцца ўсё магчымае для таго, каб усе, хто мае патрэбу ў сацыяльным абслугоўванні, маглі яго атрымаць.

— Галоўная задача — прадастаўленне чалавеку магчымасці максімальна працяглы час знаходзіцца ў звыклым хатнім асяроддзі. Калі ж гэта па нейкіх прычынах немагчыма, то мы ў нашых стацыянарных установах, а ў нас функцыянуе сетка з 89 сацыяльных пансіянатаў, у тым ліку 9 дзіцячых, ствараем умовы, максімальна набліжаныя да хатніх, — падкрэслівае Вераніка Гулевіч.

Сёння да рэалізацыі сацыяльных паслуг актыўна далучаюцца і прыватныя суб’екты гаспадарання. У сацыяльных пансіянатах прыватнай формы ўласнасці стацыянарныя паслугі атрымліваюць каля 900 чалавек. У краіне 19 такіх суб’ектаў, а іх магутнасць складае 950 ложка-месцаў. Што да сацыяльных паслуг у рамках дзяржсацзаказу, то сёння да іх далучаюцца грамадскія аб’яднанні, у прыватнасці, грамадскія аб’яднанні інвалідаў, што дазваляе пашыраць пералік сацыяльных паслуг. 

Адносна задач на наступную пяцігодку, паводле слоў Веранікі Гулевіч, асноўнымі з’яўляюцца прыярытэтнае ўкараненне і развіццё стацыянарзамяшчальных формаў сацабслугоўвання, стварэнне ўмоў у сацыяльных пансіянатах, якія максімальна набліжаны да хатніх. Сёння больш даступнымі становяцца і лічбавыя тэхналогіі. Развіваецца партал, які дазваляе ў зручны момант заявіць аб сваёй патрэбе ў сацыяльным абслугоўванні, пасля чаго службы максімальна хутка акажуць тую дапамогу, якая неабходная. 

Без абмежавання магчымасцяў

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі з’яўляецца сацыяльная інтэграцыя людзей з інваліднасцю ў грамадства і паляпшэнне якасці іх жыцця. Сёння колькасць інвалідаў у Беларусі складае 554,5 тысячы чалавек, у тым ліку каля 42 тысяч дзяцей-інвалідаў ва ўзросце да 18 гадоў. Ім гарантаваная сацыяльная падтрымка з боку дзяржавы: як грашовыя выплаты ў выглядзе дапамог і пенсій, адраснай сацыяльнай дапамогі, так і прадастаўленне дзяржаўных ільгот і гарантый, аказанне сацыяльных паслуг, забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі.

— Значныя рэсурсы дзяржавы затрачваюцца на пенсіі і дапамогі. У 2026 годзе на выплату працоўных і сацыяльных пенсій для інвалідаў запланавана больш за 6 мільярдаў рублёў. А на выплату дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў — больш за 450 мільёнаў рублёў. Сёння сукупныя выплаты сям’і, якая выхоўвае дзіця-інваліда, складаюць ад 700 да 2700 рублёў у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей у сям’і, і такія выплаты цяпер атрымлівае каля 60 тысяч дзяцей, — адзначае начальнік упраўлення сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена ЗЕЛЯНКО

Сістэма дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі пастаянна развіваецца дзякуючы выбудаванай зваротнай сувязі з інвалідамі і іх сем’ямі. Пры змяненні заканадаўства адштурхоўваюцца ад пісьмовых зваротаў грамадзян, ад зваротаў, якія паступаюць падчас асабістых прыёмаў і прамых тэлефонных ліній, падчас сустрэч з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам. За апошнія тры гады рэалізаваны шэраг ключавых прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства ў інтарэсах людзей з інваліднасцю. Гэта павышэнне сацыяльных гарантый для сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, у прыватнасці, права атрымання дапамогі на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў нават пасля таго, як дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця спаўняецца 18 гадоў. 

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю