Top.Mail.Ru

Як супрацоўнікі ўнутраных спраў дапамагаюць аграрыям

Служба на хлебнай ніве

Тое, што ўборка ўраджаю — справа агульная, можна сказаць, нацыянальная, беларусы не раз пацвярджалі. Ва ўсе часы самыя адказныя і складаныя задачы вырашаюцца талакою. Жніво — не выключэнне. Нават у стагоддзе энерганасычанай тэхнікі дапамога не бывае лішняй, тым больш што надвор’е аграрыяў рэгулярна выпрабоўвае. Каб убраць ураджай своечасова і без страт, хлебаробам дапамагаюць прадстаўнікі розных прафесій. Многія нават ахвяруюць доўгачаканым адпачынкам і ніколькі аб гэтым не шкадуюць, бо на коне — харчовая бяспека краіны.

5287704186122795025.jpg

Хлебаробы ў пагонах

Свой унёсак у агульнанацыянальны каравай уносяць і супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Па асабістым даручэнні міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова сёлета быў сфарміраваны механізаваны атрад з ліку міліцыянераў для аказання дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям Магілёўскай вобласці ў правядзенні палявых работ 2025 года.

Абавязковае патрабаванне да хлебаробаў у пагонах — наяўнасць пасведчання аб праве кіравання камбайнам і практычны навык. У склад механізаванага атрада ўвайшлі 20 супрацоўнікаў тэрытарыяльных органаў унутраных спраў. Сярод іх — участковыя інспектары міліцыі, супрацоўнікі крымінальнага вышуку, аператыўных дзяжурных і іншых службаў, інспектары ДАІ.

«У пачатку ліпеня на базе Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама ўсе яны прайшлі перападрыхтоўку па ўладкаванні, правілах эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі, што выпускаецца на ААТ «Гомсельмаш», — адзначае намеснік начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Сяргей КРАСНОЎ. — У ААТ «Кіруючая кампанія холдынга „Аграмашсэрвіс“ г. Магілёва для супрацоўнікаў адбыўся дадатковы інструктаж, пасля чаго яны прыступілі да падрыхтоўкі атрыманых дзесяці новых камбайнаў».

У канцы ліпеня міліцэйскі працоўны дэсант высадзіўся ў шэрагу сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў задзейнічаны ва ўборцы ў ААТ «Ліпаўка» Хоцімскага раёна, ААТ «Краснапольскі», ААТ «Горацкая райаграпрамтэхніка» і ААТ «Маслакі» Горацкага раёна, а таксама ААТ «Круглянскі аграпрамтэхзаб», дзе да гэтага часу аказваюць дапамогу аграрыям. Толькі намаганнямі механізаванага атрада на Магілёўшчыне ўбрана звыш 7000 тон збожжавых культур.

5287704186122795029.jpg

З разуменнем да важнай справы

Каб даведацца, ці асвоілі міліцыянеры працу хлебароба і як спраўляюцца з пастаўленымі задачамі, мы накіраваліся ў аграгарадок Комсенічы Круглянскага раёна. На пад’ездзе да поля размінуліся з напоўненымі збожжам самазваламі: едуць на зернесушыльны комплекс. Работа на палетках кіпіць з самай раніцы. У гарачы час жніва кожная хвіліна на вагу золата.

На гэтых палетках працуе тры экіпажы аграрыяў у пагонах. Як звяртае ўвагу дырэктар ААТ «Комсенічы» Дзмітрый БОЙКА, сёлета дапамога праваахоўнікаў як ніколі патрэбна. Уборка збожжавых, па яго словах, практычна завершана. Камбайнеры, у тым ліку з міліцэйскага складу, заканчваюць жаць трыцікале.

«З усімі задачамі супрацоўнікі органаў унутраных спраў спраўляюцца на выдатна, — падкрэслівае дырэктар сельгаспрадпрыемства. — Да работы хлопцы ставяцца з усёй душой, з поўнай аддачай — так, як да службовай справы. Відаць, што ведаюць справу механізатара, добрасумленна адносяцца да тэхнікі. Ніякай розніцы няма: убірае хлеб прафесійны камбайнер або не».

Дзмітрый Бойка выказвае ўдзячнасць усім, хто ўдзельнічаў у прыняцці рашэння накіраваць у гаспадарку праваахоўнікаў. «Можна з упэўненасцю сказаць, што чаканні апраўданы, — канстатуе ён. — Нягледзячы на капрызы надвор’я, у гэту ўборачную мы пераўзыдзем сябе, як бы ні было складана. Без міліцыянераў гаспадарка не справілася б. Ведаючы, з якім разуменнем супрацоўнікі падышлі да важнай справы, можна сказаць, што яны героі».

Акрамя таго, прысутнасць вартавых правапарадку ў гаспадарцы, па словах яе кіраўніка, дысцыплінуе астатніх работнікаў. Як вынік — адсутнічаюць факты крадзяжу гандлёва-матэрыяльных каштоўнасцяў.

5287704186122795028.jpg

«Тысячу намалаціў і ганаруся гэтым!»

Самааддачу і адказны падыход да важнай справы дэманструе і намалот кожнага супрацоўніка. Неўзабаве ўсе міліцэйскія экіпажы перасягнуць тысячны рубеж. Запаветнай для кожнага хлебароба лічбы ўжо дасягнуў экіпаж у складзе старшага аператыўнага дзяжурнага аператыўнай службы Круглянскага РУУС Дзмітрыя РАМАНАВА і старшага оперупаўнаважанага аддзела крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС г. Магілёва Алега БОГДАНА.

Як расказвае Дзмітрый Раманаў, адно з найбольш папулярных пытанняў хлебаробу — «Ты тысячу намалаціў?» «Я намалаціў і вельмі ганаруся гэтым, — адзначае міліцыянер. — Тысяча для хлебароба — пэўнае дасягненне, вынік».

Ён гаворыць, што пайшоў ужо чацвёрты тыдзень, як яны з калегамі знаходзяцца ў службовай камандзіроўцы. У працу, па яго словах, уцягнуліся хутка. Працэс забяспечваюць поўнасцю. Раніцай запраўляюцца — і ў поле. Да месца адпачынку вяртаюцца на змярканні, а бывае, што і ў цемры. Адным словам, цэлы дзень у полі.

  • «Поўная аддача рабоце — для міліцыянераў справа звычайная, — заўважае Дзмітрый Раманаў. — Нам не прызвычайвацца і не спаць, і да іншых цяжкасцяў. Новага нічога мы не ўбачылі. На стомленасць ніхто не наракае. Да працяглай камандзіроўкі сем’і адносяцца з разуменнем, бо выконваем, можна сказаць, нацыянальную задачу. Хлеб ядуць усе, таму і працаваць павінны ўсе. Пры гэтым максімальна якасна».

Да працы на хлебнай ніве аграрыі ў пагонах паміж сабой знаёмыя не былі. Агульная справа зблізіла. Тут набылі новых сяброў.

Алег Богдан на жніве задзейнічаны не ўпершыню. Падобны вопыт удзелу ва ўборачнай кампаніі ўжо быў. У свой час вартавы правапарадку вучыўся ў сельскагаспадарчым вучылішчы. Падчас адной з практык у якасці памочніка камбайнера каля месяца шчыраваў на палетках.

«Мяне часта пытаюць: дзе лягчэй — на службе ці на ўборцы ўраджаю, — расказвае старшы оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС г. Магілёва. — Адназначна адказаць цяжка, бо задачы аднолькава важныя. Ёсць нават пэўныя агульныя моманты. І на службе, і на жніве не лічышся з асабістым часам, атрымліваеш маральнае задавальненне і, самае галоўнае, бачыш вынік зробленага. Толькі тут ён вымяраецца ў намалотах, а ў міліцыі — бяспекай грамадзян».

Першых тысячнікаў сярод вартавых правапарадку на палетках віншавала кіраўніцтва мясцовай улады і міліцэйскага ведамства. Ад імя начальніка УУС генерал-маёра міліцыі Ігара Шчарбачэні за добрасумленную працу супрацоўнікі атрымалі Падзякі і памятныя падарункі

«Прыемна бачыць, што, нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор’я, вы працуеце з поўнай аддачай і паказваеце выдатныя вынікі: кожны з дзевяці экіпажаў міліцэйскага атрада камбайнераў ужо наблізіўся да паказчыка ў тысячу тон намалоту, — адзначыў Сяргей Красноў. — Гэта сведчыць аб адказнасці і дысцыпліне, якія вы паказваеце як на службе, так і ў полі. Бачачы вашу мэтанакіраванасць, упэўнены, што ўбраць вырашчаны ўраджай атрымаецца ў тэрмін».

Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, хлебаробы ў пагонах завяршылі ўборачныя работы на Кругляншчыне і накіраваліся на дапамогу аграрыям у Бялыніцкі раён. Неўзабаве і з гэтых палеткаў будуць навіны пра тысячнікаў сярод вартавых правапарадку.

Першы экіпаж-тысячнік.jpg

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю