Top.Mail.Ru
295

Як супрацоўнікі наркакантролю супрацьстаяць новым выклікам

9 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень стварэння падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі

Для супрацоўнікаў службы — гэта не проста прафесійнае свята, а напамін пра абавязак і штодзённую барацьбу з адной з самых небяспечных пагроз сучаснасці. Іх праца застаецца за кадрам, але менавіта дзякуючы гэтым людзям сотні доз наркотыкаў не даходзяць да спажыўцоў, а тысячы маладых людзей атрымліваюць шанц не зрабіць фатальны крок.

Начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінска Кірыл БЯРКОЗАЎ адзначыў, што за мінулы перыяд спынена 13 каналаў пастаўкі псіхаактыўных рэчываў (у тым ліку з Літвы і Польшчы), ліквідаваны дзве лабараторыі, дзесяць інтэрнэт-магазінаў, 70 памяшканняў для вырошчвання. З незаконнага абароту канфіскавана больш наркотыкаў (12 кг) і псіхатропаў (55 кг). Двухразова знізілася колькасць непаўналетніх удзельнікаў іх абароту.

«Летам супрацоўнікі наркакантролю перакрылі буйны канал пастаўкі псіхатропаў з Еўрасаюза і канфіскавалі больш за 16 кг мефедрона і звыш 21 кг альфа-PVP, — канкрэтызаваў ён. — Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню праваахоўнікаў Беларусі і Расіі ў Падмаскоўі была ліквідавана наркалабараторыя, дзе канфіскавалі абсталяванне, прэкурсоры аб’ёмам 150 літраў, а таксама 9 кг сінтэтычных наркотыкаў. Гэта аперацыя дазволіла не дапусціць на незаконны рынак мільёны смяротных доз наркотыку. Такія гісторыі далёка не адзінкавыя, за кожнай стаіць неабыякавасць супрацоўнікаў падраздзяленняў па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі.

Новыя пагрозы

Праблема наркотыкаў з кожным годам набывае новыя формы. Калі раней асноўную небяспеку ўяўлялі традыцыйныя рэчывы расліннага паходжання, то сёння на першы план выйшлі сінтэтычныя псіхатропы, якія лёгка распаўсюджваюцца праз інтэрнэт.

«Характар нашай работы патрабуе пастаяннага маніторынгу сітуацыі і правядзення комплексу прафілактычных мер, — адзначае начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Фрунзенскага РУУС Мінска Андрэй ЧАРКОЎСКІ. — Мы выяўляем арганізатараў наркагандлю, кантралюем каналы паставак і спыняем распаўсюджванне наркатычных сродкаў праз інтэрнэт».

5422465541018352633.jpg

Галоўная асаблівасць сучасных рэалій — пераход злачынцаў на бескантактавыя спосабы збыту. Закладкі хаваюць у самых нечаканых месцах: у лесапарках, пад’ездах, уздоўж дарог.

«Не так даўно супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС пры падтрымцы байцоў АМАПа затрымалі двух мінчан, якія працаўладкаваліся закладчыкамі ў інтэрнэт-краму, — распавёў Андрэй Чаркоўскі. — Пры іх і ў тайніках знайшлі каля чатырох кілаграмаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС. Дзякуючы зладжанай працы аператыўнікаў тысячы смяротных доз не патрапілі да спажыўцоў. Распачата крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту».

Абяцанні лёгкіх грошай і ананімнасці

Вярбоўка ўдзельнікаў у наркабізнес часцей за ўсё адбываецца ў інтэрнэце.

«Маладых людзей прывабліваюць абяцанні лёгкіх грошай і ананімнасці, — тлумачыць оперупаўнаважаны аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Савецкага РУУС Мінска Кірыл СЯРГІЕНКА. — У месенджарах з’яўляюцца аб’явы аб рабоце кур’ерам або адміністратарам, за якімі хаваюцца рэальныя злачынныя прапановы працаваць на наркамаркет».

5418339314397478819.jpg

Паводле яго слоў, некаторыя юнакі і дзяўчаты не ўсведамляюць усёй цяжкасці таго, што робяць. Яны лічаць, што проста перавозяць тавар, не разумеючы, што становяцца часткай злачыннага ланцужка. Але адказнасць надыходзіць аднолькавая, нават калі кантакт з пакупніком быў толькі віртуальным.

Падчас адной з аперацый супрацоўнікі Савецкага РУУС затрымалі двух жыхароў Віцебскай вобласці, якія наймалі кватэру ў сталіцы для фасоўкі наркотыкаў. Было канфіскавана больш за 70 грамаў асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС. Абодва прызналіся, што знайшлі падпрацоўку ў інтэрнэце.

Хатнія лабараторыі і плантацыі

Нягледзячы на пастаянныя рэйды і прафілактычныя меры, знаходзяцца тыя, хто спрабуе наладзіць уласную вытворчасць наркотыкаў.

«Мы рэгулярна выяўляем факты вырошчвання раслін з утрыманнем наркотыкаў у кватэрах і прыватных дамах, — гаворыць начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Кастрычніцкага РУУС Мінска Кірыл ВАЛЮШКА. — Злачынцы выкарыстоўваюць гробаксы, вымяральнікі кіслотнасці, спецыяльныя лямпы. Але колькі б ні імкнуліся схаваць сваю дзейнасць, таемнае заўсёды становіцца відавочным».

Быў выпадак, калі аператыўнікі сумесна з калегамі з Дзяржпагранкамітэта спынілі дзейнасць студэнткі, якая самастойна сінтэзавала псіхатропнае рэчыва 4-СМС. Фігурантка знайшла прапанову злачыннага заробку ў інтэрнэце. Спачатку яна атрымлівала аптовыя партыі псіхатропу, фасавала на дробныя дозы і раскладвала па тайніках у лясных масівах. Пазней ёй даручылі самастойна прыгатаваць наркотык. Дзяўчына купіла абсталяванне і неабходныя прэкурсоры. Як вынік — у дачыненні да студэнткі ўзбуджана крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў з мэтай збыту.

Прафілактыка і давер — залог поспеху

5418339314397478822.jpg

Аператыўная работа ідзе поплеч з прафілактыкай. Супрацоўнікі наркакантролю рэгулярна сустракаюцца са школьнікамі і студэнтамі, праводзяць лекцыі, расказваюць аб рэальных прыкладах і наступствах.

Праваахоўнікі рэкамендуюць бацькам быць уважлівымі да кола зносін дзяцей і іх актыўнасці ў інтэрнэце.

«Не варта грэбаваць магчымасцямі легальных дадаткаў бацькоўскага кантролю: практыка паказвае, што яны сапраўды дапамагаюць прадухіліць бяду», — звяртае ўвагу Андрэй Чаркоўскі.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы МУС

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю