Сучаснае абсталяванне адыгрывае вялізную ролю ў дыягностыцы і лячэнні раку. За апошні час у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава ўдалося істотна яго абнавіць. Адзін з апошніх набыткаў — апарат МРТ магутнасцю 3 Тэсла, якіх у краіне пакуль няшмат, і ён надзвычай важны для нейрахірургіі. Унікальнае абсталяванне — гама-нож, які выкарыстоўваецца для лячэння пухлін рознай лакалізацыі ў алаўным мозгу. Пасля мадэрнізацыі павялічылася яго прапускная здольнасць і пашырыліся паказанні: калі раней на лячэнне такім метадам бралі пацыентаў з невялікімі пухлінамі — да 2-3 см, то цяпер устаноўка здольная апраменьваць пухліны галаўнога мозгу і метастазы любога памеру. Акрамя таго, закуплены новы секвенатар ДНК. У перспектыве ў цэнтры плануюць аперыраваць з дапамогай робатаў. Для малаінвазійных умяшанняў іх змогуць выкарыстоўваць у анкагінекалогіі, анкаўралогіі, анкапракталогіі.
Дыягнастуюць тое, што раней не выяўлялі
Захваральнасць на рак расце як у Беларусі, так і ва ўсім свеце. Гэта звязваюць са старэннем насельніцтва.
— Людзі сталі жыць даўжэй, і, кажучы простай мовай, многія дажываюць да свайго раку — да выяўлення той ці іншай злаякаснай пухліны, якія з узростам сустракаюцца часцей. Таму колькасць такіх пацыентаў штогод павялічваецца, — расказвае дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Сяргей Палякоў.
Акрамя таго, спосабы выяўлення становяцца ўсё больш дасканалымі і дазваляюць дыягнаставаць тыя формы раку, якія раней не выяўляліся.
— Таму факт, што колькасць злаякасных новаўтварэнняў ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, павялічваецца, сведчыць: ахова здароўя працуе ў правільным кірунку. І пры выяўленні на ранніх стадыях мы можам пазбавіць чалавека ад гэтай хваробы, — адзначае кіраўнік РНПЦ.
Разам з тым смяротнасць ад злаякасных утварэнняў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце знаходзіцца на другім месцы пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Паводле слоў Сяргея Палякова, яе паступова ўдаецца стрымліваць і крыху зніжаць.
Пры гэтым яшчэ адной ацэнкай эфектыўнасці новых метадаў лячэння і работы стацыянараў можна лічыць паказчык пяцігадовай выжывальнасці — міжнародны крытэрый, што паказвае, якая частка пацыентаў перажывае пяцігадовую мяжу з моманту пастаноўкі дыягназу і лячэння. У Беларусі яго дасягаюць каля 60 % пацыентаў. Яшчэ адзін крытэрый, на які арыентуюцца анколагі, — пяцігадовая выжывальнасць пацыентаў, якія атрымалі лячэнне па радыкальных праграмах. Яе дасягаюць амаль 84 % радыкальна пралечаных пацыентаў, у тым ліку і пацыенты з апошняй, 4-й, стадыяй.
— Таму анкалогія — гэта не прысуд, а магчымасць прымянення новых метадаў лячэння — хірургіі, хіміятэрапіі, прамянёвай тэрапіі ці іх спалучэння, імунатэрапіі. І спосаб атрымаць добры вынік, да чаго мы і імкнёмся, — падкрэсліў Сяргей Палякоў.
Як не прапусціць першыя прыкметы?
Каля 60 тысячам беларусаў летась упершыню быў пастаўлены анкалагічны дыягназ. Па распаўсюджанасці ў жанчын на першым месцы па-ранейшаму рак малочнай залозы, у мужчын — рак прастаты. Апошні часта выяўляецца на ранняй стадыі дзякуючы аналізу на ПСА. А такое захворванне добра лечыцца ці ўвогуле не патрабуе лячэння, а толькі назіраецца анколагам. Калі ўзяць мужчын і жанчын сумарна, то лідзіруе каларэктальны рак. Што датычыцца выяўлення ранніх форм, то гэтаму спрыяе каланаскапія, таму яе рэкамендуецца праходзіць усім пасля 50 гадоў.
Найбольшыя поспехі айчыннымі анколагамі дасягнуты ў лячэнні раку мачавога пузыра — па яго выніках Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў свеце. Нядрэнныя вынікі дасягнуты ў лячэнні нырачнаклетачнага раку — дзякуючы УГД нярэдка выяўляюцца маленькія пухліны на ранніх стадыях, што дазваляе вылечыцца з добрым прагнозам. Па выніках лячэння іншых відаў анказахворванняў наша краіна мае сярэднееўрапейскія паказчыкі.
Пры гэтым, як адзначыў Сяргей Палякоў, насцярожвае праблема запушчанасці раку поласці рота і глоткі. Каля 50 % гэтых пацыентаў прыходзяць да анколагаў на апошніх стадыях, прытым што гэта вонкавая лакалізацыя і для яе выяўлення на раннім этапе дастаткова агледзець поласць рота пацыента. Аднак паступова сітуацыя паляпшаецца — спецыялісты РНПЦ сустракаюцца з урачамі пярвічнага звяна — отарыналарынголагамі, стаматолагамі, урачамі агульнай практыкі.
Як жа не прапусціць першыя прыкметы злаякаснага працэсу ў арганізме? Як адзначае Сяргей Палякоў, у нашай краіне ўсе скрынінгі на самыя распаўсюджаныя лакалізацыі раку закладзены ў дыспансерызацыю. Калі праходзіць яе правільна, захворванне будзе выяўлена, за выключэннем каларэктальнага раку, бо магчымасць прайсці каланаскапію ёсць не ўсюды. Аднак пры жаданні на працягу некалькіх месяцаў і гэта абследаванне можна зрабіць.
— Заклікаю праходзіць дыспансерызацыю для ранняй дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін, — рэзюмаваў Сяргей Палякоў.
Нягледзячы на санкцыі, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава супрацоўнічае з усімі краінамі. Медыкі ездзяць на канферэнцыі, кангрэсы, абменьваюцца вопытам. Вельмі цесныя навуковыя і практычныя сувязі з калегамі з Расіі. Напрыклад, беларускія пацыенты праходзяць лячэнне пратоннай тэрапіяй па праграме Саюзнай дзяржавы. Маладыя спецыялісты з Беларусі маюць магчымасць стажыравацца ў расійскіх анкацэнтрах — як па агульных праграмах, так і па персанальных дамоўленасцях.