Яшчэ сто гадоў таму большасць кароў на Беларусі былі рудымі. Яркія, вогненныя «абарыгенкі», якіх разводзілі на беларускай зямлі як мінімум з XVІІ стагоддзя, — адна з самых старажытных славянскіх парод. Кемлівыя, добразычлівыя і даверлівыя да людзей, гэтыя каровы сапраўды станавіліся для сям’і нечым большым, чым проста буйной рагатай жывёлай. Такую рагулю называлі «карміцелькай», бераглі і любілі.
Пазбаўленае сантыментаў ХХ стагоддзе адправіла «на сметнік гісторыі» многія «лакальныя» пароды сельскагаспадарчай жывёлы. Малочная вытворчасць большасці краін зрабіла стаўку на буйныя комплексы, дзе ад жывёл патрабаваліся іншыя якасці. Таму чорна-белыя галштыны — жывыя вінцікі тэхналагічнага ланцужка — сёння парода малочнай жывёлы, што пераважае ў свеце.
У другой палове мінулага стагоддзя ўрадам БССР было прынята рашэнне аб развіцці ў рэспубліцы чорна-пярэстай пароды, расказвае доктар сельскагаспадарчых навук, намеснік генеральнага дырэктара НПЦ па жывёлагадоўлі Уладзімір Цімашэнка.
— У Беларусі на той момант актыўна разводзіліся, акрамя «чырвонай», і іншыя пароды БРЖ — швіцкая, кастрамская, сіментальская. Але ўсе яны саступалі чорна-пярэстай па канверсіі корму ў прадукцыю (то-бок, затрачвалі на літр малака больш кармоў), — тлумачыць навуковец. — А таму былі заменены спачатку больш «інтэнсіўнай» чорна-пярэстай пародай, і ўжо ў нашы дні — беларускай галштынскай. Яна ідэальная для буйных малочнатаварных комплексаў па форме і памерах вымя, хуткасці малакааддачы і, як я ўжо казаў, канверсіі корму
Сёння, калі практычна ў любой краме Беларусі на паліцах дзясяткі відаў высакаякаснай малочнай прадукцыі, актуальным становіцца (і гэта агульнасусветная тэндэнцыя) пытанне стварэння нацыянальных фуд-брэндаў — унікальных прадуктаў па ўласных аўтэнтычных рэцэптах, з асаблівай, мясцовай сыравіны. Менавіта крафтавасць і эксклюзіўнасць у сучасным свеце вызначаюць прэміяльны сегмент харчовай прадукцыі, што па праве становіцца сімвалам краіны-вытворцы. І таму было прынята рашэнне аб адраджэнні чырвонай беларускай пароды. На момант пачатку работы генетыкаў і селекцыянераў зусім невялікі статак — усяго 300 галоў вогненна-рудых «аўтэнтычных» кароў — захаваўся толькі ў гаспадарцы «Новы двор» у Свіслацкім раёне. Такім чынам, амбіцыйны праект па адраджэнні, а дакладней, практычна па стварэнні новай унікальнай пароды распачаўся літаральна з нуля. Сёння каля 1200 галоў «чырвонай» жывёлы ўтрымліваецца ў РВУП «Вусце» — эксперыментальнай гаспадарцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ёсць «чырвоны» статак у РУП «Шыпяны-АСК» і, вядома, ва УСП «Новы двор», які здолеў захаваць унікальны генафонд. Племянное ядро пароды засяроджана ў ГП «ЖодзінаАграПлем-Эліта» Смалявіцкага раёна. І больш за 300 «арыстакратак» храбусціць кормам на селекцыйна-племянной ферме «Будагова», куды мы і накіраваліся, каб пагладзіць «сонечных» цялятак і даведацца пра незвычайныя ўласцівасці малака ад спрадвечных беларускіх кароў.
Ад слова «песціць»
Каровы не ўкусяць, не паспрабуюць баднуць, але могуць аблізаць, папярэджваюць гасцей на СПФ «Будагова». Першае, што здзіўляе на гэтай, здавалася б, звычайнай ферме — прыхільнасць жывёл да чалавека. Цяляты некалькіх дзён ад нараджэння, убачыўшы незнаёмцаў, тут жа выбіраюцца са сваіх «хатак»: што смачнага ты ім прынёс? А грацыёзныя, нібы казулі, цёлкі («чырвоная беларуская» адрозніваецца ад звыклых сучасным беларусам чорна-пярэстых кароў па тыпе целаскладу) падыходзяць да загародкі і, штурхаючы адна адну, патрабуюць, каб іх пагладзілі і пачасалі за вушкам. Ды і велізарныя «матулі», на здзіўленне, дабрадушныя.
Бадацца кароўкам няма чым: рогі ліквідуюць яшчэ ў пачатку іх росту, у першую чаргу для бяспекі саміх жывёл. Але і жадання такога жывёлы не праяўляюць. Селекцыя вядзецца па многіх кірунках — якасць малака, прадукцыйнасць, устойлівасць жывёл да мастыту, агульны імунітэт, экстэр’ер (знешні выгляд), расказвае загадчык лабараторыі распрацоўкі інтэнсіўных тэхналогій па вытворчасці малака і ялавічыны Андрэй МУЗЫКА. А вось давер да чалавека ў чырвонай пароды спецыяльна не культываваўся — ён дастаўся рагулям на генетычным узроўні «ад прашчураў». Як і кемлівасць, — не меншая, чым у сабак.
— Яны хітрыя, — усміхаецца брыгадзір СПФ «Будагова» Святлана ГРУЗДЗЕВА.
Калі работнікі фермы раздаюць смачныя дадаткі, некаторыя каровы могуць атрымаць двайную порцыю: адабраць у суседкі або выпрасіць у чалавека. Нядзіўна, што ў такіх, асабліва разумных, ёсць імёны.
— Вось гэта, напрыклад, Песта, — знаёміць суразмоўніца.
Песта — ад слова «песціць», імя атрымала за ласкавы нораў.
І яшчэ адно назіранне: на СПФ «Будагова» нават у пахмурны дзень неяк светла і радасна — з-за «сонечнага» колеру статка. Такі «кантактны заапарк» міжволі прымушае задумацца аб утылітарных адносінах сучаснага чалавека да сельскагаспадарчых жывёл у процівагу адносінам да іх у даіндустрыяльную эпоху. У «Будагове» добразычлівасць «чырвоных» кароў тлумачаць не толькі генетыкай. Статак невялікі, і ўтрыманне кароў нагадвае фермерскае (беспрывязное, з выгульнымі надворкамі і пастаянным кантактам з чалавекам), а «выбыццё» жывёл адбываецца толькі з прычыны хваробы. Сярэдні тэрмін прадукцыйнасці галштынаў на буйных малочнатаварных комплексах — усяго тры лактацыі. Тут жа надоі не зніжаюцца і ў чацвёртую, і ў пятую лактацыю. Раней даілі робаты, расказаў Андрэй Музыка. Але чалавечыя рукі — дабрэйшыя, яны больш арганічныя для здароўя жывёл
Афіцыйна парода яшчэ не створана. Але ўжо сёння дасягненнямі ў гэтай галіне актыўна цікавяцца фермеры. Некалькі дзясяткаў элітных «чырвоных» кароў знайшлі сабе новы дом у фермерскіх гаспадарках у розных кутках краіны.
Трэндавы прадукт
— Так, галштыны па прадукцыйнасці выйграюць — іх паказчык 15 тысяч тон малака за год. У нас сярэдні надой ад каровы крыху перавышае 8 тысяч тон, але трэба ўлічваць яшчэ і пералік на базісную тлустасць. «Базіс» складае 3,6 % тлушчу, малако ж ад «чырвоных» кароў у «Будагове» — тлустасцю 4,6 %. Такім чынам, калі пералічыць на «базу», надоі ў нас атрымліваюцца ў раёне «дзясяткі», — кажа Андрэй Музыка.
Гэты паказчык тлустасці, дарэчы, не нашмат меншы, чым у знакамітай пароды Джэрсі, тлустасць малака якой на ўзроўні 5 % і больш.
— Але «джэрсейкі» вельмі патрабавальныя да догляду, а нашы «чырвоныя» каровы якраз не патрабавальныя, у іх моцны імунітэт, — тлумачыць спецыяліст.
Галоўная каштоўнасць пароды — якасць малака, падкрэслівае суразмоўнік. Тлустасць у сярэднім на 30 % вышэйшая, чым у галштынскай пароды (ад 4 да 5,5 % пры сярэднім паказчыку ў галштынаў 3,6-3,7 %), утрыманне бялку на ўзроўні 3,6-4,5 % (у малацэ чорна-пярэстай пароды яго звычайна да 3,2 %). Высокабялковасць — сучасны трэнд малочнай прамысловасці: у свеце расце цікавасць да прадуктаў з высокім утрыманнем бялку. І яшчэ адзін немалаважны плюс — нізкае ўтрыманне саматычных клетак у малацэ «чырвоных» кароў дзякуючы генетычнай устойлівасці пароды да мастыту. Андрэй Музыка дадае, што 100 % малака «Будагова» здае гатункам «экстра»
— А яшчэ гэта малако вельмі смачнае, — рэзюмуе эксперт. — Хоць, вядома, гэта мая суб’ектыўная ацэнка.
Тлустасць і высокае ўтрыманне бялку робяць малако «чырвоных» кароў аптымальнай сыравінай для вытворчасці элітных сыроў. Ды і для звыклых для большасці спажыўцоў «народных» відаў сыру, тварагу і іншай малочкі гэта сыравіна — ідэальная. З тоны такога малака ў сярэднім выхад сыру вышэй на 7,9 кг, а тварагу — амаль на 17,5 кг.
І яшчэ адна «фішка» чырвоных беларускіх кароў — у гэтай папуляцыі малако А2 сустракаецца ў жывёл нашмат часцей, чым у галштынаў, кажа Андрэй Музыка. Лёгкая засваяльнасць і нізкая алергеннасць такога малака абумоўлены яго бялковым складам: адсутнасцю ўтрымання β-казеіну тыпу А1. Малако А2 сёння — яшчэ адзін з сусветных трэндаў здаровага харчавання.
Асабліва каштоўныя
Работы па стварэнні пароды плануецца завяршыць да 2030 года, расказаў Уладзімір Цімашэнка. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць у кожным новым пакаленні дакладна прагназаваць прыкметы, якія патрэбныя генетыкам, таму праца ідзе хутчэй, чым яшчэ дзесяцігоддзе таму, калі ствараліся белгалштыны.
— У селекцыйным працэсе прымяняюцца інавацыйныя метады, якія ўключаюць выкарыстанне комплексных селекцыйных індэксаў сумесна з прыёмамі ДНК-маркернага тэсціравання і прагназавання ступені выяўлення прадукцыйных прыкмет у нашчадкаў. Ацэнка з’яўляецца дакладным крытэрыем генетычнай каштоўнасці і ўключае каэфіцыенты эканамічнай значнасці прыкмет, якія селекцыянуюцца, — адзначае навуковец. — Прымяняецца вызначэнне генетычнай каштоўнасці метадам BLUP і маніторынг генафонду па локусах генаў, асацыіраваных з паказчыкамі малочнай прадукцыйнасці.
Дарэчы, «чырвоныя» каровы ў Будагове, відавочна, адчуваюць, што яны — каштоўнасць. І даверліва тыкаюцца носам у рукі людзей, разлічваючы на ласку і прысмакі...
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА