Вярбовая алея ў Салігорску і фантан, які свеціцца, у Капылі — гэтыя і іншыя аб’екты ўпрыгожылі райцэнтры Мінскай вобласці за некалькі месяцаў Года добраўпарадкавання. Аб тым, як сталічны рэгіён робяць прыгажэйшым, журналістам расказалі ў горадзе-спадарожніку Смалявічы, дзе, як было адзначана, паспяхова рэалізоўваюцца комплексныя праекты па стварэнні камфортнага гарадскога асяроддзя. Смалявічы — лідар па добраўпарадкаванні ў вобласці.
Кожны горад прыгожы па-свойму
У саміх Смалявічах цяпер актыўна добраўпарадкоўваецца тэрыторыя вакол вадасховішча, якая стане працягам парка Народнага адзінства. Нядаўна на месцы пусткі з’явіўся новы сквер для сямейнага адпачынку, у якім ёсць уся належная інфрастуктура, нават фантан.
Намеснік генеральнага дырэктара ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» Кацярына Салаўёва расказала: «У рамках Года добраўпарадкавання ў рэгіёне адрамантавана 200 гульнявых пляцовак, 23 прыдамавыя тэрыторыі. Работа праводзілася комплексна з уладкаваннем парковак, арганізацыяй пешаходных дарожак, устаноўкай гульнявога абсталявання, азелянення, у правядзенні якога ўдзельнічала і насельніцтва. З пачатку года заменена і адрамантавана звыш 600 малых архітэктурных формаў, што знаходзяцца на землях агульнага карыстання».
Кацярына Салаўёва таксама назвала шэраг знакавых аб’ектаў, на якіх папрацавалі ў тым ліку ў перыяд падрыхтоўкі да 80-годдзя Перамогі: «Гэта алея на праспекце Міру ў Салігорску з 200 вербаў, яе дапаўняюць больш за 5 тысяч петуній; святлодыёдны фантан у Капылі, які стаў адным з самых яркіх упрыгажэнняў горада; малыя архітэктурныя формы ў Валожыне; новы пляж у Дзяржынску; новы аб’ект у Нясвіжы — парк адпачынку паблізу касцёла Божага цела; парк у Фаніпалі; добраўпарадкаванне тэрыторыі каля вадаёма ў Смалявічах». Кожны горад мяняецца і прыўносіць у сваё аблічча новыя арыгінальныя аб’екты добраўпарадкавання.
Чыстая вада ў прыярытэце
З 2021 года на Міншчыне пабудавана 214 станцый абезжалезвання вады, зазначыў генеральны дырэктар ДА «ЖКГ Мінскай вобласці» Юрый Кукашук: «Сёлета ў Мінскай вобласці запланавана ўстаноўка 112 станцый абезжалезвання. Мы планава ідзём да завяршэння праграмы „Чыстая вада“, мэта якой — забеспячэнне насельніцтва якаснай пітной вадой. З пачатку года ўведзена ў эксплуатацыю пяць станцый. Напрыклад, істотна палепшылася якасць вады ў Жодзіне, дзе здадзены аб’ект коштам 11,5 мільёна рублёў. Гэта глабальны праект, які вырашыў праблему. Два разы на год у Жодзіне мы вымушаны былі выконваць прамыванне сетак. Цяпер вядуцца работы па 50 станцыях ачысткі. І гэта толькі буйныя аб’екты».

Акрамя таго, у сельскай мясцовасці будзе ўстаноўлена 135 міні-станцый ачысткі, з іх 31 ужо ўведзена ў строй. «Для паляпшэння якасці пітной вады ажыццяўляем перападключэнне населеных пунктаў да новых артэзіянскіх свідравін», — дадаў Юрый Кукашук.
Баршчэўнік здавацца не хоча
Вялікую ўвагу ў цэнтральным рэгіёне ўдзяляюць барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Гэтай інвазійнай раслінай засмечана звыш тысячы гектараў вобласці. Больш за ўсё баршчэўнік распаўсюджаны ў пяці раёнах, расказала старшыня Мінскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярына Паляшчук: «Сярод метадаў барацьбы — ручны, найбольш дастасавальны да індывідуальных гаспадарак і тэрыторый; механічны (абкошванне). Але асноўным і найбольш эфектыўным з’яўляецца хімічны метад. Для правядзення гэтых відаў работ выдаткоўваюцца сродкі, напрыклад, на закупку хімікатаў і аплату паслуг арганізацыям, што праводзяць такія работы. Варта ведаць: адна расліна можа даваць да 20 тысяч насення. І калі мы дапускаем яе цвіценне, то толькі пагаршаем сітуацыю».
Сярод найбольш заражаных баршчэўнікам Сасноўскага раёнаў Мінскай вобласці — Вілейскі, Лагойскі, Чэрвеньскі, Мінскі і Валожынскі. Сумарна засмечаныя інвазійнай раслінай плошчы складаюць больш за тысячу гектараў. «Цяпер заключаны дагаворы па ўсіх раёнах з арганізацыямі, якія могуць праводзіць работы па барацьбе з баршчэўнікам, выдзелены сродкі. Пры гэтым кожны землекарыстальнік павінен таксама агледзець сваю тэрыторыю на наяўнасць інвазійных раслін і прыняць меры, у тым ліку каб пазбегнуць адміністрацыйнага пакарання», — адзначыла Кацярына Паляшчук.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота Лізаветы ГОЛАД
г. Смалявічы