Top.Mail.Ru

Як спраўляюцца з вынікамі капрызаў надвор'я ў глыбінцы

Зіма на пазітыве

Гэта надзвычай снежная і халодная зіма нагадала нам пра нас саміх. Пра тое, якія мы ёсць, — дружныя, актыўныя, гатовыя прыйсці на дапамогу знаёмым і незнаёмым. Якасці ў цяперашні шалёны час вельмі важныя для народа, для краіны.

Аб’ядналіся людзі ўсюды — і ў вялікіх гарадах, і ў аддаленых вёсачках. Аб гэтым сведчаць і матэрыялы нашых уласных карэспандэнтаў, якія ў сельсаветах па ўсіх рэгіёнах пацікавіліся: ну як вам зіма?

«Нічога крытычнага не здарылася»

У аграгарадку і 12 вёсках Воранаўскага сельсавета Віцебскага раёна пражываюць паўтары тысячы чалавек. Многія — людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, адказныя за сябе і суседзяў. У іх ліку прадпрымальнікі і фермеры. Так, СФГ «Вармас» вызваліла ад снегу галоўныя вуліцы ў аграгарадку Вароны, да яго далучыўся фермер Віталь Кубарскі. Значную частку Цэнтральнай вуліцы ў Паляях расчысціў фермер Ігар Пруднікаў, у Яроміне папрацавала СФГ «Крыніца». Праезд да фермы забяспечыла ДП «Рудакова». Трактарок Воранаўскага сацыяльнага пансіяната «Астравіта» вёў барацьбу са снегам у Берніках, дзе, як і ў Яроміне, надзвычай актыўна махалі лапатамі мясцовыя жыхары. Не толькі каля сваіх хат, але і на тэрыторыях агульнага карыстання.

— Прыклады можна працягваць. Убіралі снег работнікі ўстаноў адукацыі і культуры, сацыяльныя работнікі, валанцёры-школьнікі... Учынкі нашых людзей пацвярджаюць, што традыцыя ўзаемадапамогі ў няпростых выпадках жывая ў вёсках, — сцвярджае старшыня Воранаўскага сельсавета Алена Якімовіч. — Па водгуках насельніцтва, сёлетняе надвор’е іх больш радуе, чым пужае. А то і забыліся, што такое сумёты, шэрань, бадзёрае паветра. Нічога крытычнага не здарылася, проста зіма.

Алена Якімовіч завастрыла ўвагу на тым, што дарогі да маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных магазінаў і якія абслугоўваюць аўталаўкі, расчышчалі ў першую чаргу. Як і развароты для рэйсавых аўтобусаў, прыпыначныя пункты.

Цяпер у сельсавеце працуе назіральная камісія: яе члены, уключаючы прадстаўнікоў РАНС і сельвыканкама, наведваюць адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян, сем’і і асоб, якія стаяць на розных відах уліку. Мэта: прадухіліць няшчасныя выпадкі, забяспечыць захаванне правіл бяспекі пры ацяпленні хат.

Супраць сумётаў на сваім трактары

У Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці таксама знайшліся энтузіясты, якія падключыліся да расчысткі снежных завалаў на асабістым транспарце. Сёння пра снежны ўраган ужо ўспамінаецца з палёгкай. Але падчас разгулу стыхіі было не да разважанняў. Трэба было дзейнічаць. Старшыня Язерскага сельсавета Аляксандр Галаўнёў расказаў, што адным з добраахвотнікаў быў яго бацька Аляксандр Міхайлавіч, былы ратавальнік, а зараз пенсіянер. На сваім МТЗ −82 ён ужо не першы год дапамагае расчышчаць сельскія дарогі.

— У нас у сельсавеце тры чалавекі маюць свае трактары, і калі дарогі становяцца малапраходнымі, мы да іх звяртаемся, — расказвае Аляксандр Галаўнёў. — Яны садзяцца і чысцяць дарогі ад свайго дома і па ўсёй вуліцы. З асноўнымі магістралямі добра спраўляюцца дарожнікі і КСУП «Язерскі». А тэхніка нашых памочнікаў асабліва запатрабавана на перыферыйных вуліцах, дзе жыве шмат пенсіянераў.

Суразмоўнік адзначае, што напружанымі былі толькі пару дзён пасля ўрагану, але хутка жыццё вярнулася ў звыклы рытм. Дзякуючы жыхарам з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, наступствы ліквідавалі хутка. У сельсавеце не было ніводнага выпадку, каб аўтакрама або хуткая дапамога кудысьці не даехалі.

Старшыня Верамейскага сельсавета Віктар Іванькоў паведаміў, што дарэчы прыйшлася дапамога тутэйшага жыхара Данілы Чэпеліна, які на сваім МТЗ-82 дапамагаў расчышчаць сумёты ў аграгарадку і іншых населеных пунктах сельсавета.

— Ён заключыў дагавор з чэрыкаўскім Жылкамунгасам, і яму выдзялялі дызпаліва для работы, — удакладніў суразмоўнік. — Я спецыяльна яго запрасіў, каб хутчэй закончыць уборку. Разам ездзілі ў вёскі, паказваў, дзе што пачысціць. Трэба ж было не толькі дарогі прабіць, але і арганізаваць доступ да тых жа кантэйнерных пляцовак, прыпыначных пунктаў. Гэта дапамога неацэнная. Ад райцэнтра да нас 30 кіламетраў, на адны пераезды колькі б паліва пайшло. А так усё рабілі на месцы.

У тых жа Верамейках хлопцы і дзяўчаты ваенна-патрыятычнага клуба «Дазор», які існуе пры мясцовай школе, дапамагалі пенсіянерам і адзінокім грамадзянам расчысціць тэрыторыі вакол дамоў, наводзілі парадак у месцах воінскіх пахаванняў, «прабілі» дарожку да храма, за што прыхаджане былі ім вельмі ўдзячныя.

— Дэпутаты дружна спрацавалі, — удакладніў старшыня Чэрыкаўскага райсавета Сяргей Нямкевіч .— У райсавеце ў асноўным кіраўнікі розных устаноў і арганізацый, іх людзі ведаюць як добрых арганізатараў і давяраюць. Калі дзесьці ўзнікала неабходнасць у дадатковых сілах, людзі ахвотна падключаліся. Актыўна расчышчалі двары і дзіцячыя пляцоўкі. Можна лічыць, што стыхія стала агульным выпрабаваннем усіх нас на трываласць.

«Прыемна бачыць, што людзі неабыякавыя»

У Пагранічным сельскім савеце, што ў Бераставіцкім раёне Гродзеншчыны, 22 населеныя пункты з насельніцтвам 2405 чалавек. Як расказаў старшыня сельсавета Іван Козел, нягледзячы на тое, што тэрыторыя сельсавета немаленькая, тут паспяхова спраўляюцца з халадамі і снегам.

— Вядома, замятала дарогі, двары, але асаблівых праблем не было. На тэрыторыі сельсавета працуюць арганізацыі, якія абслугоўваюць дарогі і вуліцы. Ніколі не застаецца ў баку ад жыцця сельсавета наша гаспадарка КСУП «Пагранічны-Агра». Дырэктар Віктар Блажыеўскі, які таксама з’яўляецца дэпутатам сельскага і раённага саветаў, заўсёды гатовы дапамагчы, нягледзячы на тое, што і ў гаспадарцы заўсёды хапае працы. Аграрыі — нашы верныя сябры, таварышы і памочнікі. Мы жывём тут, працуем побач і заўсёды гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу.

Важнымі з’яўляюцца і комплексная праца, і цесная ўзаемасувязь паміж усімі структурамі. Так, тэрытарыяльны цэнтр абслугоўвання насельніцтва трымае на кантролі адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, інвалідаў, каб у любое надвор’е ў іх было ўсё неабходнае. Да дапамогі далучаюцца і школьнікі, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю і ніколі не адмаўляюцца прыйсці да тых, хто мае патрэбу.


— Вядома, людзі розныя, хтосьці менш цярплівы. Але мы заўсёды тлумачым, што кожнаму ўдзеляць увагу, усім расчысцяць дарогі. Бо спачатку трэба папрацаваць над сацыяльна-важнымі аб’ектамі, зрабіць так, каб магла праехаць хуткая, аўтакрама, каб людзям можна было дровы падвезці. Мы ўсе адвыклі ад такіх зім, але нічога, спраўляемся. Праблем няма, узнікаюць пытанні, але яны аператыўна вырашаюцца.

У Пагранічным сельсавеце жыхары аб’ядноўваюцца, каб сумеснымі намаганнямі справіцца з цяжкасцямі. Тут актыўныя пенсіянеры! Яны выходзяць на ўборку снегу, паказваючы прыклад клопату аб сваёй малой радзіме. Іх стойкасць і гатоўнасць дапамагаць выклікаюць захапленне і падзяку.

— Я аднойчы раніцай выхаднога дня выходжу на вуліцу, а там ужо і мужчыны, і жанчыны з лапатамі, — расказвае старшыня сельсавета. — Прыемна бачыць, што людзі неабыякавыя. Але не толькі пенсіянеры ўносяць свой уклад у агульную справу. Жыхары ўсіх узростаў аб’ядноўваюцца, каб расчысціць дарогі і тратуары. Заўсёды прыходзіць на дапамогу пагранічная застава, школьныя валанцёрскія атрады, БРСМ. Кожны разумее, што ад іх дзеянняў залежыць камфорт і бяспека ўсіх вяскоўцаў.

Адміністрацыя сельсавета таксама не застаецца ў баку. Яна заўсёды на сувязі з жыхарамі, аператыўна рэагуе на звароты і каардынуе работу. Дзякуючы гэтаму атрымоўваецца вырашаць пытанні максімальна хутка і эфектыўна. Асабліва радуе, што пануе атмасфера ўзаемадапамогі і падтрымкі. Жыхары не проста выконваюць неабходную працу, але і робяць гэта з душой, разумеючы, што іх намаганні ідуць на карысць усіх. Гэта стварае асаблівую атмасферу адзінства і згуртаванасці, якая так важна для любой супольнасці.

Ці з шуфлем у руках, ці з каляднай зоркай — галоўнае разам

— Многа снегу — многа хлеба, як заўсёды на вёсцы казалі. Так што мы зіме радуемся, — дзеліцца старэйшына вёскі Сініцкае Поле Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці Валянціна Шукаловіч. — У нас на тэрыторыі — гаспадарка ААТ «Сінпольскае», таму нам вельмі пашчасціла. Як моцныя бураны ішлі, мы ўсе яшчэ спалі, а трактарысты ўжо на досвітку пачысцілі дарогі ў нас. Так што і да крамы, і гандлёвага кіёску, ФАПа, пошты — усюды людзям было зручна дабрацца.

Іх Сініцкае Поле за 35 кіламетраў ад райцэнтра і больш чым за 10 кіламетраў ад цэнтра сельсавета — аграгарадка Буйнавічы. Але кінутымі сябе вяскоўцы, безумоўна, не адчуваюць і вельмі ўдзячны за клопат аб іх.

— Пастаянна на сувязі са старшынёй сельвыканкама. Калі за праезную частку адказвалі работнікі гаспадаркі на магутнай тэхніцы, то ўжо гаспадары на сваіх падворках, каля дамоў чысцілі самі. У нас ёсць правіла — дужэйшы заўсёды прыглядзіць, дапаможа слабейшаму суседу. Нават тых старых, хто на зіму да дзяцей перабіраецца, не забываем — патэлефануем, пацікавімся, як чалавек, — тлумачыць Валянціна Паўлаўна.

У вёсцы свой аматарскі калектыў. Дзесяць чалавек праводзяць вечары, спяваюць. У гэтыя шчодрыя на мароз калядныя дні яны не здрадзілі сваёй традыцыі — святочнай працэсіяй калядоўшчыкаў са спевамі прайшлі па вёсцы.

— Людзі ўсе чакалі, радаваліся. Прымалі калядоўшчыкаў, — дзеліцца старэйшына. — Увогуле, радуе, што ў нашай вёсцы сваіх састарэлых не кідаюць, клапоцяцца аб іх родныя дзеці, унукі. А так разам і зіма — у радасць, — пераканана Валянціна Паўлаўна.

Увогуле, іх Буйнавіцкі сельсавет — самы вялікі па плошчы ў Лельчыцкім раёне. На тэрыторыі — 7 населеных пунктаў. Вёскі раскіданы, адлегласць ад цэнтра да некаторых — да 25 кіламетраў у адзін бок.

— Таму спраўляцца і з выклікамі непагадзі, і з любымі сітуацыямі жыццёвымі можам толькі разам, — падкрэслівае старшыня Буйнавіцкага сельвыканкама Людміла Сарнаўская.

У дні моцнай снежнай непагадзі з самай раніцы кіраўнік сельвыканкама прымала заяўкі ад жыхароў, якім неабходна была дапамога.

— Дарогу рэспубліканскага значэння ў нас на тэрыторыі сельсавета расчышчалі дарожныя службы. Акрамя таго, сёлета на ўзроўні раёна было прынята рашэнне замацаваць асобныя вёскі за канкрэтнымі прадпрыемствамі. Так, наша ААТ «Сінпольскае» ўзяло на сябе ўборку вуліц у вёсках Вуглы, Заберажніца, Сініцкае Поле, Крупка, — тлумачыць кіраўнік сельвыканкама. — Настолькі добра хлопцы з гаспадаркі на трактарах адпрацавалі, што не перадаць. Дагэтуль пішуць людзі ў нашых групах з усіх вёсак — просяць перадаць нізкі паклон вадзіцелю «Амкадора» з ААТ «Сінпольскае» Аляксандру Батурэвічу. Вельмі просяць адзначыць яго за адказнае стаўленне да справы. У Буда-Сафіеўцы мясцовы жыхар Аляксандр Максімаў на асабістым трактары тры дні запар выязджаў і расчышчаў дзве вуліцы ў вёсцы. Прычым чалавек безадмоўна, у любы час адгукаўся на просьбы. Дапамагала ў расчыстцы і наша Астаржанскае лясніцтва, — ад сябе і ўсіх вяскоўцаў перадала падзяку Людміла Сарнаўская.

Вядома, у сельскай мясцовасці шмат пажылых людзей, адзінокіх старых, інвалідаў, якім таксама неабходна была дапамога. Уручную, шуфлямі ачысціць дваровыя тэрыторыі дапамог валанцёрскі атрад Буйнавіцкай сярэдняй школы. 

У аддаленых населеных пунктах у расчыстцы ад снегу вельмі дапамаглі працаўнікі і ФАПаў, і сельскіх клубаў.

— Ну і, безумоўна, гэтымі днямі проста незаменныя старэйшыны ў аддаленых населеных пунктах. Асабліва — нізкі паклон за адказны падыход, за неабыякавасць старэйшынам Сініцкага Поля, Крупкі, Астражанкі, — дадае старшыня.

Вялікі клопат цяпер на іх тэрыторыі — гэта і ачыстка пад’язных шляхоў да грамадзянскіх могілак. На тэрыторыі савета іх дзевяць, амаль усе — у лясным масіве. Дапамагаюць вырашаць гэта пытанне дарожныя службы.

— Галоўнае — адчуваем, што ў любой сітуацыі мы не адны — нас заўсёды падтрымаюць у раёне, — падкрэсліла Людміла Сарнаўская. — Як кажуць, 24/7 на сувязі са старшынёй райсавета Таццянай Бяспалай. Калі мы не можам нешта вырашыць на месцы, заўсёды звяртаемся па дапамогу з любым пытаннем.

Надвор’е — справа агульная

У гарадскім пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці на барацьбу з наступствамі выйшлі не толькі адказныя за расчыстку снегу службы, але і неабыякавыя жыхары. З-за ўскладнення ўмоў надвор’я самым хвалюючым пытаннем стала дапамога ў побыце пажылым і маламабільным людзям, інвалідам. Напрыклад, 79-гадоваму Анатолю Шчарбаку, які пражывае адзін у вёсцы Гудавічы, не хапала сіл расчысціць дарожку ад дома да брамкі. Старшыня Смілавіцкага сельсавета Ірына МАРЦІНОВІЧ разам з валанцёрамі палічылі гэта неадкладнай справай і хутка адправіліся ў гэта складанае надвор’е да земляка. Яны прывезлі дзядулю прадуктаў, з рыдлёўкамі ў руках яны прывялі ў парадак двор, пачысцілі падыход да хаты ад снежных заносаў.

— Непагадзь стала сур’ёзным выпрабаваннем, — адзначыла Ірына Марціновіч. — Пакуль камунальныя службы і дарожнікі змагаліся з наступствамі стыхіі, сацработнікі засяродзіліся на адраснай падтрымцы тых, хто ў ёй асабліва меў патрэбу. Школы, бальніца... Спецыялісты з задавальненнем падключаліся да агульнай справы. Якія ж неабыякавыя ў нас людзі! Некаторыя грамадзяне чысцілі снег уласнымі трактарамі са снегаачышчальнікамі, а тыя, у каго ёсць аўтамабіль, прапаноўвалі падвезці хворых у бальніцу пры неабходнасці. Мы па-ранейшаму ўдакладняем і цяпер, калі ўдарылі моцныя маразы, ці патрэбна каму дапамога.

Па словах старшыні сельсавета, яшчэ адным вельмі важным аспектам у гэту пару стала забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання.

— Зразумела, што клопатаў дадалося, але ніхто не застаўся са сваімі праблемамі сам-насам, — заўважыла яна. — Вялікую дапамогу аказалі мясцовыя жыхары, за што ім вялікая ўдзячнасць! Разам мы справіліся з непагаддзю, а значыць, і наперадзе ў нас усё будзе добра.

Паводле нашых карэспандэнтаў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю