І для падтрымкі вяскоўцаў у Беларусі сапраўды робіцца вельмі многае, бо на іх працы трымаецца найперш аграрны сектар, але не толькі ён. Стварыць і падтрымліваць камфортныя ўмовы жыцця для работнікаў сяла і пенсіянераў — адзін з прыярытэтаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Прычым людзям нават у вёсцы ўжо недастаткова адных толькі тавараў першай неабходнасці, што называецца, «не хлебам адзіным» жывуць сёння людзі. На стале ў любы час года ўсе мы прызвычаіліся мець свежыя садавіну і гародніну, мяса, рыбу і смачныя дэсерты, а многія жадаюць набыць, скажам, і бытавую тэхніку — тую ж пральную машыну ці мікрахвалеўку. І, трэба сказаць, усё гэта магчыма купіць сёння нават у аддаленых вёсках, дзе жыхароў — не больш за дзясятак, а стацыянарнага магазіна няма. Як выконваецца даручэнне кіраўніка дзяржавы Белкаапсаюзу дайсці да ўсіх вясковых жыхароў, паглядзелі на прыкладзе Лагойскага раёна.
«Я як чалавек вясковы (усе мы з вёскі, хто — у другім, хто — у трэцім пакаленні) хварэю за вёску, таму мы яе і захавалі. Але ўявіце: 10–20 чалавек, і туды трэба везці тавар. А гэта расходы і расходы, гэта не танна. Мы дапамагалі ўсім: я выдзяляў крэдыты для закупкі тэхнікі і іншае, іншае. Але бачу, што там трэба ўвесці жорсткую ваенную дысцыпліну. Па крайняй меры да аграгарадкоў і буйных вёсак, якія раней былі цэнтрамі гаспадарак, мы дойдзем дакладна».
Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада 2023 года падчас размовы з калектывам Гомельскага ювелірнага завода «Крышталь».
У снегапады працавалі да позняй ночы
Вёска Сліжына, да раённага цэнтра Лагойска — больш за 20 кіламетраў, на гадзінніку — 10 гадзін раніцы, яркае сонца і мінус 16 градусаў. Нягледзячы на марознае надвор’е, на вуліцы няспешна збіраюцца мясцовыя жыхары. Серада — дзень, калі ў вёску прыязджае аўталаўка.
— Прадавец нам заўсёды патэлефануе, як выязджае з Лагойска, каб мы дарэмна не мерзлі ў чаканні, — кажа жыхарка Сліжына Алена Сарафанава і дадае, што Валер’еўна, як яны называюць прадаўца аўтамагазіна № 83 Мінскага райспажыўтаварыства Алену Сарока, малайчына. — Асартымент добры: хлебабулачная і малочная прадукцыя, фрукты, гародніна, рыба, курыныя паўфабрыкаты — усё ёсць, усё свежае, — з веданнем справы працягвае Алена Ягораўна, якая і сама некалькі дзесяцігоддзяў адпрацавала ў гандлі. І падкрэслівае, што нават у снегапад 9 студзеня, калі Беларусь накрыў цыклон «Улі», аўталаўка з невялікім спазненнем, але даехала да іх вёскі.
— У перыяд і снегападаў, і моцных маразоў людзі працавалі да позняй ночы. Былі абслужаны ўсе населеныя пункты паводле графікаў. Вядома, здараліся спазненні, затрымкі. Гэта было звязана з расчысткай дарог. З улікам спазненняў мы працавалі са старастамі вёсак, сельскімі саветамі і давалі інфармацыю, калі прыедзе аўтамагазін. У выніку былі абслужаны ўсе населеныя пункты. І тут трэба сказаць «дзякуй» нашым работнікам, кіроўцам і прадаўцам. Сістэма годна вытрымала выпрабаванне такімі экстрэмальнымі ўмовамі надвор’я, — адзначае начальнік упраўлення гандлю Белкаапсаюза Вольга КУНЦОВА.

Сёння ў краіне 482 аўтамагазіны спажыўкааперацыі абслугоўваюць 12,8 тысячы вёсак, дзе жыве больш за 442 тысячы чалавек. З іх 10 тысяч населеных пунктаў — з насельніцтвам да 50 жыхароў, а ў 4,6 тысячы ці ў кожнай трэцяй — не больш за 10 чалавек. Дайсці да кожнага — пад такім дэвізам сёння працуе Белкаапсаюз. Некаторыя аўталаўкі выконваюць рэйсы працягласцю 200 кіламетраў за дзень, аб’язджаючы па 16–18 населеных пунктаў. Штогод крамы на колах праязджаюць 14 мільёнаў кіламетраў.
Вясковыя магазіны: адкрыццё новых і аднаўленне работы зачыненых
...Наступны населены пункт, куды едзе аўталаўка, — вёска Саўдзеневічы. Зінаіда Паўлаўна Чупрыс — адна з нямногіх жыхарак вёскі, якая застаецца тут на зіму. Яна адзначае, што магазін на колах прыязджае «пад самую хату», не трэба далёка хадзіць. А галоўнае — пенсіянерам даюць ільготы па аплаце. Сапраўды, для пакупнікоў магазінаў Белкаапсаюза — стацыянарных і на колах — дзейнічаюць зніжкі па картах «Родны кут», а таксама крэдыт «На родныя тавары» пад 4 % гадавых.
— Актуальнасць аўтамагазінаў расце, нягледзячы на тое, што ў сельскіх населеных пунктах змяншаецца колькасць жыхароў, — гаворыць Вольга Кунцова. — Аднак мы не забываем і пра стацыянарныя магазіны. Выконваючы даручэнне кіраўніка дзяржавы, летась адкрыта 12 новых магазінаў, адноўлена работа 76 раней закрытых гандлёвых аб’ектаў, з іх 59 — у сельскай мясцовасці, мадэрнізаваны 51 магазін, — расказвае Вольга Кунцова.
Каля тысячы стацыянарных магазінаў працуюць у населеных пунктах з колькасцю жыхароў менш як 200 чалавек. Па сацыяльных стандартах гэтыя населеныя пункты можна абслугоўваць аўтамагазінамі.
Штогод абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база аўталавак. Летась набыта 93 сучасныя аўтамагазіны, у тым ліку дзякуючы Указу Прэзідэнта № 309 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі» — 80. Сёлета плануецца набыць у адпаведнасці з указам яшчэ 50 аўтамагазінаў. Сучасныя міні-маркеты на колах адпавядаюць усім неабходным тэхнічным, тэхналагічным і санітарным нормам, зручныя для абслугоўвання пакупнікоў і камфортнай працы прадаўцоў. З халадзільным абсталяваннем і нізкатэмпературнымі скрынямі, якія дазваляюць рэалізоўваць тавары, што патрабуюць асаблівага тэмпературнага рэжыму.
У асартыменце аўтамагазіна № 83, які па сённяшнім маршруце заедзе да жыхароў 14 вёсак і пераадолее 136 кіламетраў, — звыш 200 найменняў тавараў, з іх больш як тры дзясяткі — уласнай вытворчасці спажыўкааперацыі.
— Зялёныя цэннікі — гэта наша ўласная прадукцыя. Усё: выпечка, печыва, рулеты, пернікі — нашай, лагойскай, вытворчасці, — кажа начальнік упраўлення гандлю Мінскага аблспажыўсаюза Надзея ЛУКАШЭВІЧ. І дадае, што замовіць вяскоўцы могуць любыя тавары. Нядаўна па просьбах жыхароў давялося дадаць у асартымент кармы для сабак і кошак, вясной папулярнасцю карыстаюцца сезонныя тавары: грунт і ўгнаенні, насенне, будматэрыялы. Замовіць можна як па тэлефоне, так і зрабіўшы запіс у кнізе замоў. Аўталаўка прывязе ўсё: ад лапаты да габарытных будматэрыялаў і пральнай машыны.
— У Мінскай вобласці працуе 90 нашых аўтакрам, якія абслугоўваюць 2,6 тысячы вёсак, дзе жыве 110 тысяч жыхароў, — прыводзіць лічбы старшыня праўлення Мінскага аблспажыўсаюза Андрэй ХАЛЮТА. — Толькі за сённяшні дзень нашы аўтакрамы прыедуць да 45 тысяч чалавек у больш за тысячу вёсак, праехаўшы звыш 14 тысяч кіламетраў.
Менавіта так і выконваецца місія дайсці да кожнага, дадзеная Прэзідэнтам Беларусі, калі ў аснову пастаўлены клопат аб людзях, а не пагоня за прыбыткам.
Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД.