Top.Mail.Ru

Як школьнікі з Алтайскага краю адпачывалі ў Гродзенскай вобласці

Лета заўсёды пралятае неяк неўзаметку. Учора ўвечары было 1 чэрвеня, а сёння ўжо час збірацца ў школу. Завяршаюцца змены ў дзіцячых аздараўленчых лагерах. Уласны карэспандэнт «Звязды» даведаўся, чым запомнілася апошняя змена ў лагеры «Спадарожнік», які знаходзіцца ў Лідскім раёне.




Лагер размешчаны ў маляўнічым месцы — у лесе на беразе Нёмана. Дзеці, якія адпачываюць тут, кожны дзень знаходзяць для сябе нешта новае і цікавае. Прырода вакол стварае непаўторную атмасферу. Зялёныя хвоі і свежае паветра спрыяюць добраму настрою і самаадчуванню. 

У «Спадарожніку» могуць адначасова адпачываць да 320 дзяцей. Для кожнага тут знойдзецца занятак па душы: спартыўныя гульні, творчыя майстар-класы, вясёлыя паходы. У лагеры пануе прыязная атмасфера, і дзеці хутка знаходзяць новых сяброў.

Як расказала начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга ТАРАСЮК, лета ў дзяцей у Лідскім раёне было цікавым. Для іх праводзілі экскурсіі, працавалі школьныя і аздараўленчыя лагеры, хтосьці выбіраў для сябе летнюю падпрацоўку. Вельмі важна ствараць цікавае і бяспечнае асяроддзе для хлапчукоў і дзяўчынак. Адной з запамінальных падзей стаў візіт дэлегацыі членаў Маладзёжнага парламента і актывістаў устаноў адукацыі Шэлаболіхінскага раёна Алтайскага краю. Моладзь выдатна правяла час! Кампанію ім складалі прадстаўнікі лідскага Маладзёжнага парламента.

— Госці актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах і знаёміліся з важнымі аб’ектамі Лідчыны. Напрыклад, пабывалі на экскурсіі на прадпрыемстве ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты», дзе даведаліся пра гісторыю ўстановы і ўбачылі працэс вырабу кукурузных палачак. У Лідскім замку прайшла дыялогавая пляцоўка, дзе ўдзельнікі абмеркавалі маладзёжныя ініцыятывы, — расказала Вольга Тарасюк.

Падчас адпачынку юнакі і дзяўчаты таксама пазнаёміліся з 3D-мадэляваннем і робататэхнікай, даведаліся аб дзейнасці ваенна-патрыятычнага клуба «Лідскія львы». Прадстаўнікі маладзёжных парламентаў пабывалі на творчай эка-сустрэчы ў Лідскім раённым цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства, дзе пасадзілі «Дрэва сяброўства» і стварылі арт-інсталяцыю «Рака сяброўства». Для іх была арганізавана сумесная творчая праца па стварэнні карціны пад назвай «Палітра адзінства».

Аляксандр Бекейкін, які разам са сваімі калегамі па парламенце пераадолеў вялікую адлегласць, адзначыў, што гэты шлях прароблены нездарма:

— Мы пераадолелі больш за 4000 кіламетраў і дабіраліся звыш трох з паловай дзён. Дарога складаная і доўгая, але яно таго варта. Уражанні ад Беларусі ў мяне толькі станоўчыя. Гэтую яркую паездку буду ўспамінаць з цяплом. Я даведаўся шмат карыснага і пасябраваў з новымі людзьмі.

Моладзь стала ўдзельнікамі спартыўна-забаўляльнай гульні ў лазертаг, наведала шклозавод «Нёман», дзе паглядзела, як майстры выдзімаюць шкло і вырабляюць вырабы з крышталю. На фестывалі творчасці народаў Беларусі і Расіі яны атрымлівалі асалоду ад яркіх вакальных і харэаграфічных выступленняў.

— Вядома, былі дні, прысвечаныя Вялікай Перамозе. Члены Маладзёжнага парламента наведалі Брэсцкую крэпасць, дзе пазнаёміліся з экспазіцыямі музея і ўсклалі кветкі да помніка «Героям — абаронцам Брэсцкай крэпасці». Моладзь наведала таксама мемарыяльны комплекс «Хатынь», Лідскі гісторыка-мастацкі музей і Курган Бяссмерця, дзе ўсклалі кветкі ў памяць аб гераічным мінулым.

«З іскры загарыцца полымя сяброўства» — такі быў дэвіз заключнага вечара ля вогнішча ў рамках праграмы знаходжання дэлегацыі Шэлаболіхінскага раёна. Гэтае мерапрыемства стала кульмінацыяй насычанай лагернай змены. Для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак вечар стаў асаблівым — гучалі песні пад гітару, маладыя людзі дзяліліся яркімі ўспамінамі аб сумесным адпачынку.

Усяго на Лідчыне дзейнічалі тры лагеры з кругласутачным знаходжаннем і 43 школьныя, паведаміла Вольга Тарасюк, і ў кожным з іх для дзяцей праводзілі цікавыя мерапрыемствы, каб падчас летніх канікул дзеці бавілі час весела і бяспечна.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю