Top.Mail.Ru

Як садаводу-пачаткоўцу выбраць лепшыя саджанцы для свайго ўчастка?

З надыходам вясны ўзнікае ўсё больш і больш пытанняў, якія датычацца добраўпарадкавання дачных участкаў. А які ж дачны ці прысядзібны ўчастак без пладовых дрэў і ягадных кустоў? У наваспечаных дачнікаў і вяскоўцаў (а іх цяпер, асабліва сярод моладзі, нямала): якія саджанцы лепш набыць для свайго агарода? Колькі яны каштуюць? Дзе іх можна купіць? Якая глеба падыдзе для розных культур?


І самае галоўнае — што рабіць пачаткоўцу, дылетанту, які не разбіраецца ў пытаннях садаводства, але жадае самастойна акультурыць свой загарадны ўчастак? 

Прымераўшы на сябе ролю маладога, не вельмі дасведчанага ўласніка, я адправіўся шукаць адказы на гэтыя пытанні.

У хвалёных Самахвалавічах

Па парадзе больш дасведчаных калег вырашыў адразу ехаць у Самахвалавічы, дзе працуе адзін з самых характэрных садовых гадавальнікаў у ваколіцах Мінска. Рэалізоўваецца прадукцыя крамы на невялікай гандлёвай пляцоўцы, якая знаходзіцца літаральна за сотню метраў ад прыпынку «Самахвалавічы». Ідучы наўскасяк ад самага прыпынку, я разгаварыўся з адным са сваіх спадарожнікаў. На пытанне, чаму прыехаў па саджанцы менавіта ў Самахвалавічы, калі ёсць мноства мінскіх рынкаў і садаводчых крам (у тым ліку і ў інтэрнэце), ён адказаў: «Тут будзе танней, чым на Камароўцы, напэўна. Ды і якасць тут правераная: у Самахвалавічах усё натуральнае, адразу з гадавальніка».

Апынуўшыся на пляцоўцы з саджанцамі, я перш за ўсё звярнуўся да работніцы ў шэрым худзі і стракатай ружовай камізэльцы. Яна пачала расказваць мне, што тут можна знайсці самыя розныя і часам нават экзатычныя пладовыя і ягадныя культуры. Акрамя звыклых яблынь, груш, ажыны, буякоў, тут сустракаюцца актынідыя і бружмель, для якіх больш звыклым асяроддзем з’яўляюцца далёкаўсходнія глебы. Адзін з наведвальнікаў садаводчага кірмашу, убачыўшы, як уважліва я разглядаю кусцікі буякоў, вырашыў расказаць пра асаблівасці догляду гэтай пераборлівай культуры: «Для буякоў патрэбна кіслая глеба, гэта ж ягады, якія дзікія растуць у лесе, а калі так, то неабходна закісляць глебу, звычайная глеба тут не падыдзе. Асабіста я для буякоў вазіў торф, а таксама дадаваў серу і пілавінне, каб угнаіць глебу». Дзякую дарадчыку і іду глядзець той самы сорт «блюкроп», які ён параіў узяць. Усё тая ж дзяўчына ў стракатай камізэльцы пацвярджае: «Так, для буякоў патрэбна менавіта кіслая глеба. Астатнія — яблыня, груша — будуць расці і на звычайных глебах. Тое ж самае і з ажынай, актынідыяй, бружмелем, але для іх спатрэбяцца некаторыя ўгнаенні. І ўсё ж расці будуць!»

Самахвалавіцкія буякі каштуюць 18 рублёў за штуку (гаворка ідзе пра двухгадовыя саджанцы). Узнікае лагічнае пытанне: а як ідуць справы з саджанцамі на мінскіх рынках? Па чым тыя ж буякі, напрыклад, на Камароўцы? Чаму многія мінчукі ездзяць па саджанцы за горад замест таго, каб набыць расліну на найбліжэйшым рынку? Такім чынам, было вырашана адправіцца на Камароўку — параўнаць цэны, праверыць якасць, пагутарыць з прадаўцамі і пакупнікамі…

Па дарозе на Мінск мне давялося пагутарыць з пажылой бабуляй, мясцовай жыхаркай. Даведаўшыся, што я цікаўлюся саджанцамі, яна стала дзяліцца са мной асабістым вопытам пасадкі яблыні (як пазней яна дадала, яе досвед выкарыстоўваецца таксама і для вішні, грушы, слівы). Для пачатку, па яе словах, неабходна выкапаць невялікую ямку. Унутры яе варта насыпаць невялікі пагорак, на версе якога будзе змешчаны высадак. Сама ямачка павінна быць настолькі шырокай, каб на яе сценкі не абапіраліся карэнні — інакш, запэўнівала мяне суразмоўніца, ураджаю не чакай. Змясціўшы высадак на пагорак, мы пераходзім да працэсу засыпання ямкі зямлёй. Важны нюанс: пасля праведзенай працэдуры грунт неабходна ўшчыльніць і паліць вадой. Па жаданні можна выкарыстоўваць жменьку гною або попелу ў якасці ўгнаення. Саму ямачку засыпаць да верху зямлёй не варта — наадварот, вакол расліны павінна быць невялікая варонка.

Пачым шарафуга для народа?

Развітаўшыся з мілай бабулькай на «Інстытуце культуры», я накіраваўся наўпрост на Камароўскі рынак. Тут, у сектары пад нумарам 6, вы лёгка знойдзеце мноства лавачак, застаўленых гаршкамі, якія расцягнуліся ўздоўж усяго рада. У сектары № 6 Камароўка здаецца некалькі дзіўнай і таямнічай — у гэтым раёне рынку замест рэзкага паху ежы мы адчуваем квітнеючыя прыкметы экзатычнай атмасферы поўдня. Пад покрывам пацямнелага ад часу падстрэшка суседнічаюць самыя разнастайныя трапічныя расліны, якія, дзякуючы руплівай працы нашых навукоўцаў, змаглі прыстасавацца да беларускага клімату. Падыходжу да першай лавачкі, якая трапілася на шляху, і прадаўшчыца адразу ж пачынае: «Вось, глядзіце, айва, барбарыс, каліна, ад 15 да 30 рублёў. Лаванда каштуе 10 рублёў» — «Свежыя?» — пытаюся я. «Выкапаныя ўчора ўвечары», — адказвае мне жанчына каля прылаўка. Лаванда, паводле яе слоў, мае патрэбу ў суглінку з дадаваннем чарназёму. «Тут да кожнай расліны свой падыход, усё індывідуальна. Пытайцеся, што вас цікавіць, і я абавязкова ўсё падрабязна распавяду», — кажа прадаўшчыца.

Далей мой шлях ляжыць да прадаўцоў буякоў. На папярочным участку шостага сектара рынку вы без цяжкасці знойдзеце прылавак з саджанцамі гэтай культуры, якая, як нам яшчэ раз пацвердзілі, мае патрэбу менавіта ў кіслай глебе. Цана двухгадовага кусціка садовых буякоў складае 10–15 рублёў, трохгадовы каштуе 15–20 рублёў, чатырохгадовы — 25–30 рублёў, за пяцігадовы ж вам прыйдзецца аддаць каля 40 рублёў. Жанчына, якая стаяла побач са мной, аднак цікавілася зусім іншай культурай — чарнаслівам, які ў выніку абышоўся ў 60 рублёў. «Вы, галоўнае, каля батарэй не стаўце. Можаце пакінуць у машыне. Саджанец свежы», — тлумачыла прадаўшчыца. Тут жа можна набыць маленькія саджанцы вечназялёных дрэў. У дадзеным выпадку цэны будуць вар’іравацца ад 30 да 100 рублёў.

Па суседстве са згаданай крамай знаходзіцца яшчэ адна, больш эклектычная па складзе. У гэтым месцы Камароўкі ружы (25–30 рублёў) суседнічаюць з шарафугай (50 рублёў за саджанец) — унікальным гібрыдам слівы, персіка і абрыкоса. Парэчкі, якія ацэньваюцца ў 15 рублёў за кусцік, знаходзяцца побач з фікусам, які каштуе 45 рублёў. Рабіна, маліна, актынідыя, бэз, язмін, гартэнзія, рададэндран, фундук, бружмель, каліна, агрэст, казіная вярба — чаго тут толькі няма! І гэта толькі адна крама! Напрыканцы цікаўлюся, ці неабходны нейкі асаблівы догляд гэтых раслін. «Дадавайце попел, кампост, а таксама іншыя ўгнаенні. У спецыяльных садаводчых крамах вам падкажуць», — дзеліцца суразмоўніца.

Пасадзіць дрэва — знайсці карані

Мінскія рынкі, а таксама гандлёвыя пляцоўкі ў ваколіцах Мінска сталі па-сапраўднаму важнымі цэнтрамі продажу пладовых і ягадных культур. Тут, мабыць, можна знайсці практычна ўсё: ад тыповых для нашых зямель раслін і дрэў да трапічнай садавіны і эксперыментальных гібрыдаў, з якімі беларускаму садоўніку трэба будзе яшчэ пазнаёміцца. Важна, аднак, іншае — няма нічога складанага ў тым, каб заняцца добраўпарадкаваннем свайго загараднага ўчастка. Мой вопыт толькі пацвярджае здагадку: у наш час аматарскае садоўніцтва, верагодна, з’яўляецца адным з самых прыемных відаў адпачынку, а таксама формай перадачы досведу ад старэйшага пакалення маладым. Калі гэта здагадка дакладная, то варта адзначыць, што заўсёды прыемна вучыцца ў старэйшых, як вучыўся я прынцыпу пасадкі яблыні ў мясцовай бабулі ў мінскай маршрутцы. Любоў да роднай зямлі ў прамым і пераносным сэнсе ў крыві людзей старэйшых пакаленняў, і гэтае трапяткое пачуццё, поўнае кранальнай пяшчоты і клопату, яны выказваюць нават у звычайных размовах пра саджанцы.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю