Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж сёння з’яўляецца флагманам сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыі Беларусі. Яго выпускнікі — медыцынскія сёстры, фельчары, акушэры, памочнікі ўрачоў, фельчары-лабаранты, тэхнікі-масажысты — штогод ідуць працаваць ва ўстановы аховы здароўя.
Якасць і практыкаарыентаванасць
— Наша роля шматгранная, — падкрэслівае дырэктар каледжа Святлана Данілковіч. — Мы не проста рыхтуем кадры, а распрацоўваем вучэбна-праграмную дакументацыю, укараняем інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі, фарміруем прафесійныя кампетэнцыі, якіх сёння патрабуе практычная ахова здароўя.
Каледж з'яўляецца пляцоўкай для мерапрыемстваў рэспубліканскага ўзроўню — конкурсаў прафесійнага майстэрства, профільных алімпіяд, кірмашоў і фестываляў медыцынскіх прафесій. У 2026 годзе тут плануецца правядзенне Міжнароднай алімпіяды сярод навучэнцаў медыцынскіх каледжаў з выкарыстаннем інтэрактыўных лічбавых распрацовак.
Асобная ўвага — інклюзіўнай адукацыі. У каледжы па спецыяльнасці «Медыка-дыягнастычная справа» навучаюцца маладыя людзі з парушэннямі слыху, а па спецыяльнасці «Лячэбны масаж» — з парушэннямі зроку. Гэта не выключэнне, а свядомая пазіцыя ўстановы.
Галоўны прыярытэт — якасць падрыхтоўкі спецыялістаў.
— Практыкаарыентаванасць — аснова якаснай медыцынскай адукацыі, —адзначае Святлана Данілковіч. — Мы робім упор на практычныя навыкі, лічбавізацыю навучання і цесную сувязь з практычнай медыцынай. Але не менш важнае выхаванне асобы — без этыкі, адказнасці і чалавечнасці ў медыцыне немагчыма працаваць.
Практычная падрыхтоўка ў каледжы пачынаецца задоўга да выхаду на клінічныя базы. У лабараторыі адпрацоўкі навыкаў навучэнцы праходзяць даклінічную падрыхтоўку ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальнай медыцынскай практыкі. Далей — заняткі і практыка ў арганізацыях аховы здароўя Мінска, з якімі каледж звязваюць гады партнёрства.
— Высокі ўзровень падрыхтоўкі — гэта вынік сумеснай працы педагогаў і медыцынскіх устаноў, — кажа дырэктар.
Запатрабаванасць выпускнікоў каледжа застаецца стабільна высокай. Усе, хто навучаўся на бюджэтнай аснове, размяркоўваюцца на першае працоўнае месца па спецыяльнасці.
Для кагосьці гэта пачатак доўгага паспяховага шляху ў абранай прафесіі, для кагосьці — крок да вышэйшай медыцынскай адукацыі.
Работа, якая стала жыццём
Пра тое, якім павінен быць сучасны медыцынскі работнік, расказала выкладчык Мінскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Алена Пашкевіч. Паводле яе слоў, у аснове падрыхтоўкі будучых медыкаў — не толькі дакладнае веданне алгарытмаў і тэхнік, але і фарміраванне прафесійнага характару. «Перш за ўсё мы стараемся выхаваць кампетэнтнасць — глыбокае разуменне сваёй прафесіі, валоданне неабходнымі навыкамі і ўменнямі для далейшай працы», — адзначае выкладчыца. Не менш важнымі яна лічыць арганізаванасць, уменне працаваць у камандзе, быць уважлівымі, дакладна і паслядоўна выконваць прызначэнні ўрача — асабліва гэта датычыцца медыцынскіх сясцёр.
Для фельчараў, падкрэслівае Алена Пашкевіч, ключавымі з'яўляюцца такія акцэнты, як уменне хутка прымаць рашэнні, браць адказнасць на сябе, дзейнічаць у нестандартных сітуацыях.
Асобна выкладчыца спыняецца на арганізацыі вучэбнага працэсу. Паводле яе слоў, клінічныя дысцыпліны ў каледжы заўсёды будуюцца як цесны сімбіёз тэорыі і практыкі. «Немагчыма стаць добрым фельчарам ці медыцынскай сястрой, абмяжоўваючыся толькі падручнікамі або відэаўрокамі», — падкрэслівае яна. Менавіта таму ў каледжы створаны ўсе ўмовы для адпрацоўкі навыкаў.
Згодна з навучальнымі праграмамі, будучы медперсанал абавязкова праходзіць вучэбную і вытворчую практыку, дзе замацоўвае атрыманыя веды ўжо ў рэальных умовах.
Адказваючы на пытанне пра асабісты сэнс прафесіі, Алена Пашкевіч гаворыць без пафасу і вельмі шчыра. «Для мяне праца выкладчыкам — гэта, напэўна, лёс», — прызнаецца яна. Прыклад маці, якая больш за сорак гадоў адпрацавала школьным настаўнікам і пакінула добрую памяць у сэрцах вучняў, стаў вызначальным. «Гэта ўжо даўно не проста работа, гэта маё жыццё», — падсумоўвае выкладчыца.
«Рабіць жыццё лепшым»
Сваё бачанне прафесіі і навучання ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім каледжы выказваюць і самі студэнты — тыя, для каго медыцына ўжо стала не абстрактнай марай, а штодзённай працай і адказнасцю.
Лізавета Чарнагалоўка зрабіла выбар яшчэ ў дзяцінстве. «Мяне заўсёды цікавіў чалавечы арганізм, яго здароўе, сама логіка таго, як ён працуе, — дзеліцца яна. — Хацелася разумець гэта глыбей».
Пра першыя выпрабаванні навучання расказвае Лізавета Малаткова. Найбольш складаным для яе стаў першы курс — час, калі яшчэ не цалкам усведамляеш, якая адказнасць кладзецца на плечы медыка. Але прыемных момантаў, прызнаецца яна, значна больш. Асабліва — практыка ў бальніцы. «Мне давялося праходзіць яе ў дастаткова складаных, але цікавых аддзяленнях — у дзіцячай рэанімацыі, у аперацыйных. Самым важным для мяне стала адчуванне, што я магу быць карыснай, рабіць жыццё іншых людзей хоць крыху лепшым», — кажа дзяўчына.
Кацярына Шапяцюк падкрэслівае, што практыка — гэта не фармальнасць, а сапраўдная школа прафесіі. «Падчас практыкі нам дазваляюць працаваць у працэдурных і перавязачных кабінетах», — расказвае яна. Кацярына праходзіла практыку ў аддзяленні функцыянальнай дыягностыкі, працавала з кардыяграмамі.
«Галоўнае — мець жаданне і моцнае імкненне. Тады можна сапраўды шмат чаму навучыцца і замацаваць веды», — упэўнена яна.
Пра атмасферу ў каледжы гаворыць Вікторыя Сяргеева. Паводле яе слоў, падтрымка з боку выкладчыкаў і адміністрацыі адчуваецца асабліва выразна ў складаныя моманты. «Выкладчыкі заўсёды гатовыя выслухаць, падказаць, дапамагчы. Іх адкрытасць стварае атмасферу даверу і ўзаемаразумення», — адзначае навучэнка.
Сваё прафесійнае бачанне будучыні акрэслівае Любоў Філіпава. Яна марыць працаваць у акушэрскім стацыянары або ў жаночай кансультацыі. «Я хачу быць не проста спецыялістам, які выконвае маніпуляцыі. Мне важна дапамагаць жанчынам у такім значным этапе жыцця, як стварэнне нараджэнне дзіцяці, рабіць іх жыццё лепшым», — кажа яна.
Дар'я Федарэнка звяртае ўвагу на адметнасці навучання ў медыцынскім каледжы. Паводле яе слоў, тут вялікая ўвага ўдзяляецца практычным навыкам, а насычаная вучэбная праграма патрабуе максімальнай канцэнтрацыі і адказнасці. «У нашай працы асабліва важныя медыцынская этыка і ўменне знаходзіць падыход да пацыента», — адзначае яна. Акрамя таго, навучанне дапамагае выпрацаваць эмацыянальную ўстойлівасць, што надзвычай важна для будучай працы.
Жывыя галасы навучэнцаў — яшчэ адно пацвярджэнне таго, што Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж — гэта не проста адукацыйная ўстанова, а прастора, дзе фарміруюцца прафесійная адказнасць і гатоўнасць служыць чалавеку.
Міхаіл Данілковіч
Фота Ксеніі Ліннік