Top.Mail.Ru

Як развіваецца зарадная інфраструктура для электрамабіляў

У Беларусі «электрычкі» становяцца ўсё больш папулярнымі, а сучасная сістэма абслугоўвання для іх зарадкі выходзіць на новы ўзровень. Сетка зарадных станцый забяспечвае зручны і бяспечны сэрвіс для ўладальнікаў электракараў, спалучаючы сучасныя тэхналогіі з максімальным камфортам. Кожная станцыя — не проста месца для падзарадкі, а частка інтэлектуальнай інфраструктуры, якая робіць электратранспарт даступным і эфектыўным па ўсёй краіне.



Пад’ехаў — падключыў — зарадзіў

Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па будаўніцтвe і агульных пытаннях РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» 

Андрэй КОЦІК, сетка «Маланка» (дзяржаўная і найбуйнейшая сетка зарадных станцый) пабудавана на прынцыпе «пад’ехаў — падключыў — зарадзіў»: карыстальніку не патрэбны тэхнічныя веды. Пасля падключэння канэктара сістэма сама распазнае аўтамабіль, усталёўвае «лічбавае рукапацісканне», аўтаматычна падбірае патрэбную магутнасць і пачынае зарадку. Аплата адбываецца праз мабільны дадатак — хутка, зразумела і без лішніх дзеянняў. Галоўная інавацыя — гэта не проста сетка слупоў для зарадкі, а сучасны тэхналагічны хаб.

За знешняй прастатой стаіць магутная лічбавая платформа, якая ў рэжыме рэальнага часу кантралюе стан усіх станцый, размяркоўвае нагрузку на электрасеткі і збірае даныя для развіцця інфраструктуры. Сёння ўжо відавочна, што такія станцыі — гэта подых будучыні, які становіцца важнай часткай транспартнай сістэмы краіны і асновай для будучага развіцця электратранспарту ў Беларусі.

5-1.jpg

Для ўладальнікаў электрамабіляў важна ўлічваць тып порта і стандарт зарадкі свайго аўтамабіля. Магутнасць зарадкі аўтаматычна падбіраецца сістэмай у залежнасці ад абмежаванняў вытворцы, забяспечваючы найбольш эфектыўны рэжым. Карыстальніку не патрабуюцца глыбокія тэхнічныя веды — дастаткова ведаць мадэль свайго электрамабіля.

Сэрвіс падтрымкі карыстальнікаў арганізаваны кругласутачна. Статус кожнай станцыі і яе працаздольнасць адлюстроўваюцца ў мабільным дадатку, што дазваляе праверыць яе работу яшчэ да прыезду.

Як заўважыў Андрэй Коцік, электранаспарту ў краіне становіцца ўсё больш і больш, што патрабуе далейшага развіцця і ўдасканалення інфраструктуры. Так, калі ў мінулым годзе было ўведзена каля 80 новых станцый, то сёлета плануецца больш за 200. Гэта важна для карыстальнікаў, новыя пункты з’явяцца як на аўтадарогах, так і ў невялікіх раённых цэнтрах, забяспечваючы роўны доступ да зарадкі для ўсіх. Дарэчы, прадугледжана штрафаванне за прастой каля станцый: пасля 20 хвілін па заканчэнні зарадкі пачынаецца спісанне дадатковай платы за кожную хвіліну.

Немалаважна і тое, што развіццё электрычнага транспарту на карысць экалогіі: зніжаюцца выкіды, паляпшаецца якасць паветра, змяншаецца ўзровень шуму. Электрамабілі ў спалучэнні з нізкавугляроднай энергетыкай, заснаванай на АЭС, дазваляюць зрабіць гарады чыстымі і ціхімі, пазбегнуць шкодных выхлапаў, якія ўплываюць на здароўе людзей.

5-4.jpg

«Мы хочам зрабіць электрамабіль даступным для як мага большай колькасці беларусаў»

На «БелДжы» добра разумеюць: будучыня аўтамабільнай галіны непарыўна звязана з экалогіяй. Як адзначае начальнік аддзела маркетынгу і рэкламы прадпрыемства Артур ПАМОРЦАЎ, на заводзе экалагічнасць заўсёды ў цэнтры ўвагі:

— Мы выкарыстоўваем водарастваральныя фарбы для афарбоўкі кузаваў. Гэта дазваляе істотна скараціць выкіды шкодных рэчываў. Да таго ж сам завод будаваўся з улікам сучасных экалагічных стандартаў, каб мінімізаваць негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе на ўсіх этапах вытворчасці.

Аднак толькі чыстая вытворчасць — не адзіны складнік поспеху. 

У «БелДжы» ўпэўнены ў надзейнасці сваіх электрамабіляў, таму прапануюць пашыраныя гарантыйныя праграмы. Напрыклад, на батарэю пэўных мадэляў дзейнічае гарантыя восем гадоў, або 150 тысяч кіламетраў.

Інтарэс беларусаў да электратранспарту расце з году ў год. Паводле прадстаўніка завода, сёлета продажы дэманструюць прыкметны рост у параўнанні з папярэднімі перыядамі. «Усё больш людзей выбіраюць электрамабіль як эканамічную і экалагічную альтэрнатыву традыцыйным аўтамабілям», — кажа Артур Паморцаў.

Сярод пакупнікоў няма выразна дамінуючай групы. Электрамабілі цікавяць як прыватных асоб — за іх камфорт і выгаднасць, так і таксапаркі ці каршэрынгавыя кампаніі — за нізкія эксплуатацыйныя выдаткі. Асобная ўвага ўдзяляецца папулярызацыі электратранспарту. Нашы дылеры праводзяць тэст-драйвы, каб кожны жадаючы мог пазнаёміцца з перавагамі «электрычак».

5-5.jpg

Вопыт карыстальнікаў

Мінск

Вадзіцель Сяргей адзначае, што сёння ў сталіцы няма праблем з пошукам станцыі для падзарадкі:

— У Мінску дастаткова станцый, каб карыстацца электрамабілем без клопатаў. Сэрвіс паступова змяняецца ў лепшы бок: станцыі становяцца больш хуткімі і зручнымі.

Аднак разам з пазітыўнымі зрухамі існуе і праблема, якая перашкаджае камфортнаму выкарыстанню станцый зарадкі. І пытанне тут не ў сэрвісе платформ электразарадкі — прычына заключаецца ў культуры спажывання. Гаворка ідзе пра занятасць спецыяльных месцаў для электракараў аўтамабілямі з рухавікамі ўнутранага згарання. «Гэта, напэўна, адзіны мінус: прыязджаеш падзарадзіцца, а месца занята бензінавым або дызельным аўтамабілем. І тады даводзіцца чакаць ці шукаць іншы пункт. А ПДР, між іншым, забараняюць займаць месцы для электрамабіляў машынам з РУЗ», — зазначыў Сяргей. Такім чынам, развіццё інфраструктуры для электрамабіляў у Мінску сапраўды ідзе наперад, але для таго каб яна стала па-сапраўднаму зручнай, неабходна вырашыць пытанне з парушэннем правілаў паркоўкі.

А што ў рэгіёнах?

— Электрамабілі — гэта сапраўды транспарт будучыні, — падзяліўся сваім досведам Мікалай, уладальнік аўто з Бярозаўскага раёна. — Я магу сказаць як вадзіцель такой машыны, што плюсаў у яе вельмі шмат. Перш за ўсё — эканомія. Каб зарадзіць электрамабіль, трэба значна менш сродкаў, чым каб заліць поўны бак бензіну ці дызеля. І, вядома ж, вялікі плюс для экалогіі — машына не выкідвае шкодных рэчываў. І гэта асабліва важна для маленькіх гарадоў і вёсак, дзе паветра павінна заставацца чыстым.

Аднак праблема, па словах майго суразмоўцы, у тым, што ў рэгіёне інфраструктура развіта недастаткова:

— У Бярозаўскім раёне зарадных станцый вельмі мала. Сітуацыя, шчыра кажучы, крытычная. Бывае, што трэба ехаць некалькі дзясяткаў кіламетраў толькі дзеля таго, каб падзарадзіцца. Гэта не вельмі зручна, асабліва для тых, хто карыстаецца электратранспартам штодзённа. У Мінску ўсё інакш — там зарадных кропак хапае, і ўсе кампаніі імкнуцца палепшыць сэрвіс. Але ў нас пакуль адчуваецца сур’ёзны дэфіцыт.

Суразмоўца ўпэўнены, што праблему трэба вырашаць сістэмна:

— Патрэбна комплексная праграма, якая ўлічвала б асаблівасці рэгіёнаў. Напрыклад, можна ўвесці разумны начны тарыф. Уначы электрасетка разгружаецца, і менавіта ў гэты час людзі маглі б без праблем зараджаць свае электрамабілі. Гэта дапамагло б не толькі ўладальнікам электракараў, але і ўсёй энергасістэме краіны.

Мікалай перакананы, што перспектывы ў электратранспарту вялікія і чым хутчэй інфраструктура будзе развівацца не толькі ў сталіцы, але і ў невялікіх гарадах і нават вёсках, тым хутчэй беларусы адчуюць сапраўдныя перавагі экалагічнай эканоміі.

5-6.jpg

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ 

Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю