Top.Mail.Ru

Як развіваецца айчынная аўтамабільная прамысловасць

Як адзначыў галоўны тэхнолаг ААТ «МАЗ» — кіруючая кампанія холдынгу «БЕЛАЎТАМАЗ» Сяргей СЛАЎНІКАЎ, маштабная праграма тэхналагічнай трансфармацыі вытворчасці разлічана да 2035 года. Яе галоўная мэта — стварэнне канкурэнтаздольнай тэхнікі. Акрамя таго, укараняюцца перадавыя, у тым ліку рабатызаваныя тэхналогіі.


Першы электрычны смеццявоз

Тры тысячы аўтобусаў у год — менавіта на такую магутнасць выйшла прадпрыемства пасля рэканструкцыі аўтобуснага завода. Развіваюцца сумежныя вытворчасці. Так, на заводзе «Магілёўтрансмаш» укараненне рабатызаванай зваркі дало магчымасць не толькі гарантаваць высокую якасць зварных швоў, але і павысіць прадукцыйнасць, хуткасць работ і бяспеку. Абнаўляецца вытворчасць пярэдніх восяў, праводзіцца мадэрнізацыя ліцейнага, кавальскага, тэрмагальванічных заводаў.

Пашыраецца наменклатура прадукцыі. Днямі МАЗ перадаў першы беларускі электрычны смеццявоз МАЗ-GT камунальным службам. «Гэта машына з запасам ходу 200 кіламетраў і нулявым узроўнем выкідаў. Яна ўжо праходзіць выпрабаванні ў рэальных гарадскіх умовах. Праект наглядна дэманструе нашы магчымасці па стварэнні высокатэхналагічнай і экалагічнай спецтэхнікі», — расказаў Сяргей Слаўнікаў.

Яшчэ адзін напрамак — больш глыбокая лакалізацыя вытворчасці мікрааўтобусаў на ААТ"Брэстмаш«. «Над гэтым пытаннем працуем. Некаторыя пазіцыі закупляем, некаторыя вырабляем. Тут важна выканаць такі параметр, як кошт — якасць», — дадаў Сяргей Слаўнікаў.

Вядзецца масавы выпуск запатрабаванай спажыўцамі дызельнай тэхнікі. У холдынгу бачаць вялікія перспектывы ў такім кірунку, як выпуск тэхнікі, якая працуе на электрычнасці і на газе. Створана лінейка электробусаў і аўтамабіляў на газавым прывадзе.

Зварка — выключна робатамі

Як паведаміў галоўны тэхнолаг «БелДжы» Сяргей ТРАДЧЫК, на аўтамабільным заводзе праведзена маштабная мадэрнізацыя. На вытворчасці ўкаранёна 48 робататэхнічных комплексаў. Абнаўленні закранулі перш за ўсё цэхі зваркі і афарбоўкі кузаваў. Устаноўлена дадатковае абсталяванне, павялічана доля аўтаматызацыі. «Асаблівым выклікам для нас стаў мінулы год, калі рынак патрабаваў вялікай колькасці аўтамабіляў. Нам прыйшлося хутка нарошчваць вытворчыя магутнасці. Прайшла маштабная мадэрнізацыя», — адзначыў Сяргей Традчык. Усяго летась выраблена больш за 91 тысячу аўтамабіляў. «Сёлета плануем перасягнуць гэтую мяжу. На будучы год таксама планы сур’ёзныя», — дадаў прадстаўнік прадпрыемства.

Перспектыўны напрамак — вытворчасць электрамабіляў. «БелДжы» ўжо прадставіў дзве мадэлі — Geely EX5, Geely EX2, а таксама гібрыд BELGEE X80. «Першапачаткова наш завод арыентаваўся на знешнія рынкі. Большасць прадукцыі — каля 80 % — экспартуецца ў Расію. Таксама прапрацоўваюцца іншыя краіны», — расказаў Сяргей Традчык. Яшчэ адзін кірунак працы — лакалізацыя, у прыватнасці, вытворчасць рухавікоў і каробак перадач.

Палова — на экспарт

«Белшына» каля паловы сваёй прадукцыі пастаўляе на экспарт, паведаміла начальнік бюро маркетынгавых даследаванняў і стратэгічнага маркетынгу прадпрыемства Ганна БАСАРЭЎСКАЯ. Асноўнымі стратэгічнымі пляцоўкамі з’яўляюцца ўнутраны рынак і рынак Расіі. Таксама пастаўкі ажыццяўляюцца ў Казахстан, Кыргызстан, Азербайджан, Туркменістан, Таджыкістан, Бангладэш, Венесуэлу і іншыя краіны.

Начальнік інжынерна-тэхнічнага цэнтра «Белшыны» Сяргей КАЮШНІКАЎ адзначыў, што ў пашырэнне асартыменту прадукцыі ўкладваюцца значныя сродкі. Адна з апошніх навінак для вытворцаў сельгастэхнікі — шыны для эксплуатацыі на паніжаным ціску, што забяспечвае зніжэнне нагрузкі на глебу. Распрацоўваюцца шыны для аўтамабіляў «БелДжы». Завяршаюцца выпрабаванні шын, прызначаных для электрамабіляў.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БелТА

Чытайце таксама: Мінскі аўтамабільны завод перадаў камунальным службам першы айчынны электрычны смеццявоз MAZ-GTe

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю