Top.Mail.Ru
212

Як распрацоўвалі праграму сацэканамразвіцця на 2026—2030 гады, расказалі ў Мінэканомікі

Начальнік Галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Міністэрства эканомікі Аляксей Зубовіч расказаў БелТА пра тое, як распрацоўвалі праграму сацэканамразвіцця на 2026—2030 гады.



Работа над Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця вялася больш за год. «Мы прыступілі да яе распрацоўкі ў чацвёртым квартале 2024 года. Спачатку трэба было сфарміраваць канцэпцыю — гэта асноўныя палажэнні і падыходы, на аснове якіх будавалася ўся праграма. Каб прыцягнуць меркаванні экспертаў, мы вывучалі пазіцыі навуковай супольнасці, даручэнні Кіраўніка дзяржавы па навуцы і бізнесе, размаўлялі з дзяржаўнымі органамі аб іх бачанні развіцця на пяць гадоў наперад, — расказаў Аляксей Зубовіч. — Калі канцэпцыя сфарміравалася, на яе аснове ўжо распрацоўвалі саму праграму. Па сутнасці, мы ўпершыню зрабілі так, што канцэпцыя стала асновай самой праграмы — прапрацавалі яе вельмі дэталёва». 

Затым праграму напоўнілі новым зместам. Важнай падзеяй сталі выбары Прэзідэнта: ён пазначыў свае пасылы аб развіцці Беларусі, і насельніцтва іх падтрымала. «Мы ўлічылі гэтыя ідэі — з інаўгурацыйнай прамовы, перадвыбарных выступленняў і сказаных на дарогу слоў падчас прызначэння ўрада — і дапрацавалі праграму адпаведна. Пасля гэтага Прэзідэнт вырашыў яшчэ раз уважліва праглядзець дакумент разам з экспертамі, навуковай супольнасцю і дэлегатамі УНС. Стварылі рабочую групу, якая праверыла праграму і ўнесла неабходныя карэкціроўкі», — удакладніў начальнік Галоўнага ўпраўлення. 

Аляксей Зубовіч пералічыў, якія менавіта дапрацоўкі былі зроблены: «У асноўным яны закранулі дадатковыя прыярытэты, перш за ўсё ў сферы абароны. Таксама ўвялі асобны блок па маладзёжнай палітыцы і скарацілі колькасць індыкатараў».

У праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку вызначана некалькі ключавых прыярытэтаў. Асноўныя з іх звязаны з развіццём чалавека: дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу, стварэнне спрыяльнага і якаснага асяроддзя для жыцця. Далей ідуць развіццё канкурэнцыі, тэхналогій, лічбавізацыі эканомікі. А яшчэ сярод прыярытэтаў — моцныя рэгіёны, развіццё абароннага сектара, павышэнне абараназдольнасці краіны, а таксама турыстычны патэнцыял.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю