Пад Новы год прынята згадваць Усходні гараскоп. Нябесны заступнік надыходзячага года — Чырвоны Вогненны Конь — уступіць у свае правы 17 лютага і будзе валадарыць да
5 лютага 2027-га. Але дагадзіць астралагічнаму «зверу» важна менавіта ў навагоднюю ноч: лічыцца, што ў гэтым выпадку поспех будзе спадарожнічаць вам увесь год.
Верыць ці не верыць гараскопам — справа ўласная. Мы ж проста раскажам, як упрыгожыць дом і прыбраць ёлку ў любімых колерах астралагічнага заступніка 2026 года. Ну, або проста аб тым, як гэта зрабіць модна і стыльна (нават у гэтай сферы існуе мода).
«...То конік да яліначкі спяшаецца, бяжыць»
Сярод 12 астралагічных звяроў Усходняга гараскопа конь сімвалізуе рух наперад, бесперапыннае развіццё і ініцыятыву. А чырвоны колер і стыхія агню дадаюць яму жвавасці і буянства. Лічыцца, што надыходзячы год падорыць усім нам мэтанакіраванасць і энергію (і гэта станоўчыя моманты), а таксама імпульсіўнасць і схільнасць спрачацца (з гэтымі «падарункамі» Каня ўсім нам прыйдзецца змагацца). Любімы колер нябеснага заступніка надыходзячага года чакана чырвоны. Па душы яму аранжавая, жоўтая і залатая гамы. Не надта па душы — манахромныя чорны і белы. Чорны — таму што гэта колер вуглёў згаслага вогнішча, белы (а таксама срэбра) ва Усходнім гараскопе — стыхія металу, супрацьлеглая стыхіі агню. Але чорны і белы — не абсалютныя табу. А вось самы няўдалы выбар у гэту навагоднюю ноч — гэта сіняя гама, бо вада гасіць агонь. Так што выбіраць святочны вобраз, упрыгожваць дом і ёлку астролагі рэкамендуюць перш за ўсё ва ўсіх адценнях чырвонага, пунсовага, бардовага, бургундзі і г. д. Не пакрыўдзіць Каня таксама ружовы колер. Спалучаць чырвоную гаму варта з зялёнымі адценнямі, а таксама з золатам. Нават дожджык лепш выбіраць залаты, а не сярэбраны. На верхавіну ялінкі можна ўзняць вінтажную, савецкага ўзору чырвоную зорку, калі такая ў вас захавалася. Па-першае, традыцыйны (ён жа славянскі) стыль упрыгожвання ёлкі цяпер у модзе. А па-другое, Вогненнаму Каню такі дызайнерскі штрых спадабаецца, і ён аддзячыць вас у 2026-м годзе. Дарэчы, калі ў вас выпадкова ёсць падкова — дастаём і вешаем над дзвярыма. На шчасце!
На стол, вядома, падаем стравы ў любімым колеры «нябеснага заступніка года»: крэветкі, чырвоную рыбу, чырвоную ікру, чырвоны балгарскі перац, памідоры, мандарыны, ружовае шампанскае, клубнічныя, бруснічныя, журавінавыя або вішнёвыя ўзвары і морсы. Пад забаронай у гэты Новы год каніна — але, падаецца, для Беларусі гэта досыць экзатычны від мяса.
«Цяпер яна ўбраная, святочная прыйшла...»
Стыляў упрыгожвання ёлкі дызайнеры распрацавалі дзясяткі. Гэтыя стылі перыядычна ўваходзяць у моду і выходзяць з яе. Але ў нашых шыротах часцей за ўсё выкарыстоўваюцца ўсяго два — славянскі і еўрапейскі стылі.
Еўрапейскі стыль упрыгожвання ёлкі ўсе мы бачылі ў афіцыйных інтэр’ерах. Зрэшты, такая ёлка будзе выглядаць вытанчана і ў кватэры з сучасным рамонтам. Для еўрапейскага стылю характэрна выкарыстанне цацак адной формы і памеру двух кантрасных колераў або двух адценняў аднаго колеру. Яшчэ варыянт — упрыгожванне ёлкі цацкамі аднаго колеру і адцення, але рознай фактуры: напрыклад, матавымі і бліскучымі. Форма цацак — альбо шары, альбо «ледзяшы». Дожджык і мішура тут не спатрэбяцца, а гірлянда ліхтарыкаў павінна мець дробныя лямпачкі.
Славянскі стыль — супрацьлегласць еўрапейскаму. Упрыгожанае цацкамі самых розных форм і колераў, навагодняе дрэва атрымліваецца стракатым, падкрэслена неафіцыйным, душэўным і ўтульным. Славянскі стыль, ён жа традыцыйны, — гэта як раз тое, як мы прыбіралі ёлку ў дзяцінстве і чаму нас вучылі нашы мамы і бабулі: буйныя цацкі на ніжнія галіны, і чым вышэй, тым цацкі драбнейшыя. На верхавіну — зорку альбо шпіль. Гірлянда лямпачак, дожджык, серпантын. Для паўнаты карціны пад ёлкай — фігуркі Дзеда Мароза і Снягуркі, снегавік або «снег» з ваты.
Творчы падыход
Калі абодва варыянты падаюцца сумнымі, расказваем пра іншыя стылі ўпрыгожвання ёлкі — у якасці адпраўнога пункту палёту вашай фантазіі. Вінтажны стыль дадасць у інтэр’ер дробку рамантыкі. Сёлета ён, дарэчы, актуальны як ніколі: сімвалу года падабаюцца артыстычныя натуры. Тут патрэбны старажытныя цацкі — дакладней, сучасныя, зробленыя «пад даўніну»: анёлы, шкляныя каралі, вялікія цукеркі, свечкі (толькі запальваць іх не варта, папярэджвае МНС). Цацкі можна як знайсці ў бабуліным куфры, так і набыць у мастацкім салоне, а яшчэ лепш — зрабіць самастойна. Дожджыку, мішуры і ліхтарыкаў, што мігацяць, вінтажны стыль не прымае. Але калі ў сябе дома вы вырашыце дадаць да «вобразу» ёлкі гэтыя дэталі, хто вас асудзіць?
Стыль хэнд-мэйд блізкі да вінтажнага, але ў гэтым выпадку ёлку ўпрыгожваюць толькі самаробнымі цацкамі. Рукатворную замену знаходзяць нават дожджыку і мішуры. Можна выбраць адзін або два колеры, можна зрабіць упрыгожанні ўсіх адценняў сонечнага спектра. Не абысціся без фальгі, паталі (імітатар залатога пакрыцця, прадаецца ў мастацкіх салонах), фарбы ў балончыках. Чырвонай і залатой фарбамі можна пакрыць грэцкія арэшкі, яблыкі, фігуркі з салёнага цеста (ліхтарыкі, сняжынкі, зорачкі і, зразумела, конікаў).
Дзіцячы стыль блізкі да славянскага, але галоўны акцэнт — на бяспеку. Так упрыгожваюць ёлку ў кватэры, дзе ёсць малыя — цацкамі, якія не б’юцца: пластмасавымі, драўлянымі, папяровымі, тэкстыльнымі. Яркай рыскай стануць развешаныя на ёлцы цукеркі ў бліскучых абгортках, шакаладныя яйкі, пернікі ў фальзе.
Мінімалістычны стыль — варыянт для надзвычай творчых асоб. Дастаткова сказаць, што для ўпрыгожвання ёлкі тут практычна не выкарыстоўваюцца цацкі. Затое прымяняюцца каляровыя спрэі (іх дастаткова на паліцах крам для творчасці і рукадзелля), а таксама лакі для валасоў з бліскаўкамі. Іх распыляюць на галінкі зверху ўніз і даюць сродку высахнуць. Наступны крок — паставіць пад ёлку каляровы ліхтар (ці проста яркі свяцільнік), накіраваўшы ўверх прамень святла. Атрымліваем незвычайны эфект. Але такая сапраўды дызайнерская ёлка ўпішацца далёка не ў кожны інтэр’ер.
Аліна Кот.