Прадказальнасць характарыстык тавараў, захаванне высокіх стандартаў якасці забяспечвае стабільна высокі ўзровень даверу да беларускіх брэндаў ва ўсім свеце. А як ідуць справы на ўнутраным рынку? Аб механізмах прасоўвання айчынных тавараў і адпаведных ініцыятывах даведалася карэспандэнт «Звязды».
Падтрымка вытворцаў
У снежні 2025 года Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю запусціла праект «Кожная пятніца — роднае, сваё». Акцыя заклікана стымуляваць спажыўцоў аддаваць прыярытэт айчынным таварам і паслугам, у тым ліку — заказваць беларускія стравы, падтрымліваць мясцовых вытворцаў.
Ініцыятыва з самага яе пачатку выклікала вялікую цікавасць сярод насельніцтва, у сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках, адзначыла Кацярына Макуценя, намеснік начальніка аддзела метадалогіі ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ: «Да яе далучаецца і актыўна падтрымлівае яе мноства вытворцаў. Сутнасць акцыі заключаецца ў тым, што кожную пятніцу рознічныя сеткі даюць скідкі на пэўныя катэгорыі тавараў айчынных вытворцаў, анансуюць гэта на месцах, у гандлёвых аб’ектах і на сваіх інтэрнэт-старонках, працуюць з блогерамі», — расказала Кацярына Макуценя.
Акрамя таго, сёння больш за 1 тысячу суб’ектаў далучыліся да Пагаднення аб супрацоўніцтве ў галіне павышэння эфектыўнасці продажаў тавараў айчыннай вытворчасці. І работа працягваецца: сярод удзельнікаў праекта ўсё больш прадстаўнікоў аптэчных сетак, фірменных магазінаў, гаспадарак, а таксама рэстаран хуткага харчавання, магазін дызайнерскага жаночага адзення. Працягваюць далучацца і сярэднія, і малыя прадпрыемствы, і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Падтрымка айчынных вытворцаў праводзіцца на ўсіх, нават самых высокіх узроўнях. Напрыклад, пастановай урада была спачатку адкрыта, а потым і прадоўжана на 2026 год крэдытная праграма «На родныя тавары». Паводле слоў Кацярыны Макуценя, на сённяшні дзень ужо заключана больш за 280 тысяч крэдытных дагавораў на тавары беларускіх вытворцаў з больш як 35 катэгорый. Прычым найбольшым попытам у беларусаў карыстаюцца мэбля, керамічная плітка і бытавая тэхніка.
Як справы ў сталіцы?
Як з продажам айчыннай прадукцыі складваюцца справы ў сталічным рэгіёне, расказала Наталля СУЙКОВА, начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінскага аблвыканкама. Паводле яе слоў, традыцыйна найбольшую долю ў ім займаюць харчовыя тавары, тады як па нехарчовых групах паказчык крыху ніжэйшы. Тым не менш попыт на асобныя спажывецкія тавары задавальняецца ў асноўным за кошт прадукцыі, вырабленай менавіта ў нашай краіне.
«Варта адзначыць, што прэферэнцыйныя ўмовы пры продажы тавараў айчынных вытворцаў існуюць у 181 гандлёвым цэнтры, — падкрэсліла прадстаўнік МАРГ. — Акрамя гэтага, праводзіцца вялікая работа з інтэрнэт-крамамі і інтэрнэт-пляцоўкамі па абазначэнні тавараў, зробленых у Беларусі, а таксама па стварэнні спецыяльных раздзелаў, якія дазволілі б спажыўцу беспамылкова зрабіць выбар, больш хутка і зручна знайсці беларускі тавар на той ці іншай інтэрнэт-пляцоўцы».
Дарэчы, вядзецца сур’ёзная работа па верыфікацыі гэтых тавараў. Так, напрыклад, па стане на 20 мая 2026 года колькасць артыкулаў, якія прайшлі праверку для размяшчэння на самай буйной інтэрнэт-пляцоўцы Беларусі, склала каля 20 тысяч пазіцый. Таксама праводзяцца сумесныя акцыі і мерапрыемствы з пастаўшчыкамі для стымулявання спажывецкай актыўнасці, арганізуюцца дэгустацыі прадукцыі, у тым ліку навінак. Стымулюе рост продажаў і выкладка айчынных тавараў на прыярытэтных месцах, што кантралюецца супрацоўнікамі МАРГ пры правядзенні кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў.
Стандарты дзеля стабільнай якасці
На працягу ўжо больш як дваццаці гадоў асаблівую ўвагу прасоўванню беларускіх тавараў і айчынных вытворцаў удзяляе таксама Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі. Прычым не толькі ў Беларусі, але і на міжнароднай арэне, уключаючы Садружнасць незалежных дзяржаў і Расійскую Федэрацыю, падкрэсліла начальнік упраўлення ацэнкі адпаведнасці і ліцэнзавання Дзяржстандарту Вольга Бабко. Дзякуючы рабоце камітэта па стандартызацыі, у беларускага спажыўца ўдалося сфарміраваць устойлівы і вельмі важны стэрэатып: прадукцыя, маркіраваная дзяржаўным стандартам, успрымаецца як гарантавана якасная. Гэты давер — вынік доўгай і карпатлівай працы.
Сёння Дзяржстандарт вядзе актыўную дзейнасць па актуалізацыі патрабаванняў стандартаў, адзначыў Аляксандр Скуратаў, дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС). Іншымі словамі, спецыялісты пераглядаюць іх навукова-тэхнічны ўзровень на прадмет адпаведнасці сучасным запытам, і там, дзе гэта неабходна, патрабаванні без прамаруджвання падцягваюць да актуальнага ўзроўню.
Усё для таго, каб наша прадукцыя заставалася канкурэнтаздольнай і заслужана насіла ганаровае званне якаснай. З той жа мэтай камітэтам праводзіцца больш за дзесяць розных конкурсаў у галіне якасці, звернутых не толькі да вытворцаў, якія дзейнічаюць, але і да нашага падрастаючага пакалення, за якім — будучыня беларускай эканомікі.
Дарэчы, як адзначыла Кацярына Макуценя, па выніках першага квартала доля рэалізацыі тавараў айчыннай вытворчасці вырасла на 0,7 працэнтнага пункта і склала 54,1 %: «Рост невялікі, але ён ёсць. Пры гэтым адзначаны рост нехарчовых тавараў на 1,8 % (усяго 35 %) — гэта ўжо значны паказчык праведзенай работы, бо продажы па нехарчовай групе, як вядома, не такія актыўныя, як тавараў паўсядзённага ўжытку, ад якіх пакупнік у прынцыпе не можа адмовіцца».
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА