Ён прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства.
Ён прымеркаваны да Дня беларускага пісьменства.
Наведванне ўнікальных прадпрыемстваў раёна, знаёмства з яго гістарычнымі славутасцямі, багатай культурнай спадчынай — гэтым быў напоўнены першы дзень прэс-тура для журналістаў і блогераў, якія 5 верасня прыехалі ў Ліду для асвятлення мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня беларускага пісьменства. Падрабязнасці даведалася карэспандэнт «Звязды».
З раніцы ў прэс-цэнтры адбылася афіцыйная частка, на якой з прывітальным словам да журналістаў і іншых прадстаўнікоў медыясферы звярнуўся намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі, адзначыўшы, што такія мерапрыемствы дазваляюць адкрыць фестываль з новага боку, данесці дакладную інфармацыю да шырокай аўдыторыі. «Упэўнены, што падрыхтаваная праграма не пакіне вас абыякавымі, — выказаў упэўненасць намеснік міністра інфармацыі. — Ліда — гістарычна багаты, добразычлівы, прыгожы горад».
Дзяржаўнае прадпрыемства «Конус» — першая лакацыя

На вытворчасці займаюцца ацынкоўкай металу. Як гэта робіцца, расказалі прадстаўнікам СМІ і блогерам. Калі коратка, падрыхтаваны выраб са сталі або адліванага чыгуну апускаецца ў расплаўлены пры тэмпературы 450 °С цынк. Пасля такой апрацоўкі метал можа праслужыць больш за 50 гадоў. Дарэчы, прадукцыю, ацынкаваную на лідскім заводзе, можна ўбачыць і на вуліцах Мінска — металічныя агароджы, кузава машын з пясчана-салянай сумессю і не толькі.

Наступны ў праграме — Музей лідскага бровара

Ён размясціўся ў гістарычным будынку і адкрыты для наведвальнікаў з 2022 года. Экспазыцыі прапануюць вялікую колькасць актыўнасцяў і самых розных экспанатаў, у тым ліку і інтэрактыўных, з якімі ўдалося паўзаемадзейнічаць. Акрамя таго, журналістам і блогерам паказалі ўнікальныя экспанаты, якія адлюстроўваюць гісторыю піваварства ў рэгіёне, пачынаючы са старажытных часоў і заканчваючы сучаснымі традыцыямі.

Шклозавод «Нёман»

Затым удзельнікі прэс-тура адправіліся да найбуйнейшага вытворцы шкла ў Беларусі — на шклозавод «Нёман». Тут госці ўбачылі ўвесь цыкл вытворчасці шкляной тары, азнаёміліся з тэхналагічным працэсам вырабу келіхаў і іншых відаў вырабаў. Некаторыя экскурсанты нават атрымалі магчымасць самастойна выплавіць скульптуру. Ад працэсу, калі шчыра, было немагчыма адарваць вачэй!

Наперадзе ў журналістаў і блогераў яшчэ два насычаныя дні ў Лідзе. Сачыце за падрабязнасцямі!
Яна ВАЛАСАЧ, фота Лізаветы ГОЛАД.