Top.Mail.Ru

Як прайшоў другі дзень Форуму беларускіх блогераў

«БлогБай» у палявых умовах

Другі дзень ІІ Форуму беларускіх блогераў «БлогБай. Сіла ў праўдзе!» стаў сапраўднай кульмінацыяй мерапрыемства. Усіх удзельнікаў чакала поўнае пагружэнне ў атмасферу ваеннага жыцця — ад начлегу ў казармах да стральбы з гранатамёта. Але пра ўсё па парадку.

Праграма другога дня форуму была выразна падзелена на тэарэтычны і практычны блокі. Раніцай удзельнікаў чакала сесія па абмене досведам з медыяэкспертамі. Вядучыя рэдактары СМІ правялі для блогераў лікбез па самых актуальных тэмах: ад сакрэтаў аўтарскага стылю і стварэння кантэнту да тонкасцяў працы з прэс-службамі.

Пасля мазгавога штурму — перамяшчэнне ў палявы лагер «Белая Лужа» і пераход да самай відовішчнай часткі! Адразу пасля абеду ўдзельнікі пачалі агнявую падрыхтоўку, асвойваючы стральбу са стралковай зброі. Дарэчы, гэты форум стаў унікальнай магчымасцю пастраляць практычна з кожнага віду стралковай зброі, якая выкарыстоўваецца ў сучаснай беларускай арміі: ад аўтамата Калашнікава і пісталета Макарава да кулямёта Калашнікава і ручнога супрацьтанкавага гранатамёта.

Сваімі эмоцыямі падзялілася блогер Альбіна Баранава.

— Шчыра сказаць, калі ты толькі падыходзіш, яшчэ не страшна. Мы ішлі па парах: спачатку страляў калега, потым я. Насамрэч, я вельмі спалохалася, але мне дапамаглі, і ўсё гэта адбывалася вельмі хутка. І, шчыра кажучы, гэта вельмі крута, — адзначыла яна.

Альбіна прымае ўдзел у форуме ўжо другі раз. Дзяўчына расказала, што захацела ўдзельнічаць у мерапрыемстве адразу пасля таго, як убачыла анонс.

— Прачытала: «Ці гатовыя вы да палявых умоў?» І, шчыра кажучы, насцярожылася, але зразумела, што нешта новае спрабаваць трэба. Вось і атрымалася. Я прайшла, да маёй вялікай радасці, і апынулася тут, — расказала яна. — Самы галоўны плюс форуму — дружнае кам’юніці блогераў. Вельмі шмат тых, хто быў тут летась. Я бачу ўжо знаёмыя твары, і мы здымаем калабарацыі. Падымаем ахоп і расказваем пра сапраўды важныя і патрэбныя рэчы ў нашай краіне.

Дзяўчына вядзе блог, дзе расказвае пра мерапрыемствы ў краіне, а таксама падрыхтоўку да іх. Альбіна Баранава падкрэсліла, што форум не дарма носіць назву «Сіла ў праўдзе».

— Сёння ў нашай інтэрнэт-прасторы пачало з’яўляцца вельмі шмат фэйкавай інфармацыі. Таму мне здаецца, што мы, як блогеры Рэспублікі Беларусь, павінны як мага больш асвятляць праўду і даносіць яе да нашага народа, — сказала яна.

Увечары ўсіх удзельнікаў мерапрыемства чакалі атмасферныя вячоркі каля вогнішча і палявая лазня. А ўвогуле пасля ўсіх перажытых выпрабаванняў можна з упэўненасцю сказаць, што другі дзень форуму стаў магутным акцэнтам на яго асноўнай ідэі. Спалучэнне інтэлектуальнай працы ў галіне медыя і суровых вайсковых выпрабаванняў з’ядналі ўдзельнікаў у сапраўдную супольнасць. Атрыманыя веды, унікальны вопыт і, галоўнае, усведамленне сваёй ролі ў супрацьдзеянні фэйкам далі блогерам тую самую сілу — сілу ў праўдзе, якую яны цяпер будуць несці сваім чытачам і падпісчыкам.

Лізавета ГОЛАД

Чытайце таксама: Што аб'ядноўвае блогераў і органы ўлады, расказала Пяткевіч

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю