«Прагаласаваў за будучыню...»
Участак для галасавання № 49 Савецкага раёна сталіцы знаходзіцца ў будынку інтэрната № 11 Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Там, дзе ў звычайныя дні пануе шумная, мітуслівая і вясёлая атмасфера студэнцкага жыцця, цяпер па-асабліваму ціха, што здараецца перад любой значнай падзеяй. Маладыя беларусы, якія сабраліся ў вестыбюлі, чакалі пачатку работы выбарчай камісіі, каб рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права.
Многія з іх гэта рабілі ўпершыню.
На ўчастку для галасавання ўсё гатова для пачатку працэдуры. Акрамя ўсіх неабходных атрыбутаў насупраць кожнага з членаў выбарчай камісіі — акуратныя стосікі невялікіх сініх кніжак…
— Кніга «Сімвалы суверэннай Беларусі» — гэта падарунак для юнакоў і дзяўчат, якія сёння галасуюць упершыню, — тлумачаць нам. — А яшчэ мы ўручаем ім памятныя майкі.
Члены камісіі дзеляцца тым, як прайшоў першы дзень датэрміновага галасавання: «Прыемна здзіўлены, з якім настроем моладзь прыходзіць галасаваць. Многія нават і не хавалі свой выбар». ...На ўчастак запрашаюць першых выбаршчыкаў. Пакуль ідзе галасаванне, гутарым са старшынёй выбарчай камісіі Віталіем Цандам.
— Першыя дні датэрміновага галасавання прайшлі плённа, — распавядае ён. — Да выканання свайго грамадзянскага абавязку студэнты падышлі вельмі адказна, была вялікая яўка. Ніякіх эксцэсаў не здаралася. Моладзь прыходзіла на ўчастак з добрым настроем, пакідала яго — з выдатным: яны выканалі свой грамадзянскі абавязак, да гэтага — здалі сесію і з’ехалі дадому адпачываць на канікулах.
Віктар Кучкін, студэнт 1 курса факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі, галасаваў упершыню і адным з першых. З якім настроем юнак прыйшоў на ўчастак?
— Я галасаваў з велізарным пачуццём адказнасці за будучыню нашай краіны, — сказаў суразмоўца. — І аддаў свой голас за ўпэўненую будучыню і развіццё Беларусі.
Сябе ў гэтай будучыні Віктар бачыць дыпламаваным спецыялістам, які будзе працаваць і рабіць усё для развіцця роднай краіны.
— Студэнты галасуюць вельмі актыўна, — дзеліцца ўражаннямі назіральнік ад партыі «Белая Русь», старшы выкладчык кафедры горных машын БНТУ Рыгор Басалай. — Інакш і быць не можа, бо ўчастак для галасавання знаходзіцца на тэрыторыі вядучай тэхнічнай ВНУ краіны, а наша моладзь заўсёды адрознівалася актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Нядаўна ўніверсітэту ўручылі высокую ўзнагароду асабіста з рук Прэзідэнта, значыць, нам трэба і далей высока трымаць гэтую планку, апраўдваючы аказаны давер. Мне вельмі прыемна быць нацыянальным назіральнікам і ўдзельнічаць у такой знамянальнай падзеі, як выбары Прэзідэнта Беларусі. Гэта пачэсна. Але перш за ўсё мы выконваем сваю асноўную місію — сочым за тым, каб усё праходзіла ў адпаведнасці з заканадаўствам. Празрыста, святочна, паважліва.
На думку назіральніка і адначасова педагога з вялікім стажам, маладыя людзі галасуюць свядома, і пераважная большасць з іх прыйшлі да разумення таго, што павінны ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Яны — наша будучыня, наша перспектыўная будучыня. Яны асвойваюць новыя прафесіі, ідуць у авангардзе сучасных тэхналогій. Ім будаваць моцную і квітнеючую Беларусь. Краіну, дзе маладое пакаленне будзе ствараць свае сем’і, гадаваць дзяцей.
Студэнт БНТУ Дзмітрый Розаў упершыню галасаваў летась на адзіным дні галасавання. Гэта ўжо яго другія выбары і першыя — Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
— Да сваёй місіі выбаршчыка стаўлюся вельмі сур’ёзна. Але настрой прыўзняты. У тым ліку і дзякуючы мерапрыемствам, якія праходзілі ў нас ва ўніверсітэце і ў цэлым па краіне, якія працягваюцца сёння. Ішоў галасаваць, ужо ведаючы, што выберу самага годнага з кандыдатаў, які забяспечыць мір і росквіт Радзіме.
Свайго таварыша падтрымаў і студэнт курса факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі Данііл Казлоўскі:
— Я таксама ішоў на ўчастак з пэўным выбарам — за нашу краіну, яе незалежнасць, за будучыню ўсіх нас.
Свядомы выбар
Студэнты Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Твой голас першы».
На выбарчым участку № 26, які размешчаны ў галоўным корпусе Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, актыўна галасуюць маладыя людзі — студэнты першага і другога курсаў. Яны прад’яўляюць дакументы членам участковай камісіі, ставяць подпісы ў адпаведных графах, засяроджана разглядаюць атрыманыя бюлетэні і накіроўваюцца ў кабінкі для галасавання. Затым апускаюць бюлетэні ў скрыню — упершыню ў сваім жыцці.
Пасля галасавання выбаршчыкаў запрашаюць прайсці да століка, аформленага ўніверсітэцкім камітэтам БРСМ. Тут маладых людзей віншуюць са знакавай падзеяй у жыцці і дораць сувеніры на памяць. Футболкі з назвай акцыі «Твой голас першы» некаторыя адразу прымяраюць.
Паліна Лукоўская, студэнтка першага курса факультэта замежных моў, у верасні адзначыла 18-годдзе. Дзяўчына сказала, што яна зрабіла свядомы выбар на карысць развіцця, росквіту нашай краіны.
— Для мяне не стаяла пытанне: удзельнічаць у выбарах альбо не? Наадварот, я чакала гэтай падзеі, хацелася менавіта самой узяць бюлетэнь, запоўніць яго, апусціць у скрыню, тым самым далучыцца да агульнай вялікай справы вызначэння будучыні краіны. І я гэта зрабіла, — сказала студэнтка. Прадстаўнік камітэта БРСМ універсітэта, студэнтка другога курса факультэта прыродазнаўства Ксенія Ходар не хавала хвалявання. Яна таксама выбаршчык, а яшчэ адна з арганізатараў акцыі. Ксенія лічыць сваім абавязкам падтрымаць таварышаў, прасачыць, каб кожны з тых, хто прыйшоў на выбарчы ўчастак упершыню, атрымаў падарунак.
— Акцыя захапіла моладзь усёй вобласці, — сказаў першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ Юрый Сегянюк. — Па сацыяльных сетках мы атрымліваем інфармацыю, фотаздымкі з Баранавічаў, Пінска, іншых гарадоў. Такая актыўнасць моладзі, студэнтаў сведчыць аб нашым адзінстве ў справе ўдзелу ў найважнейшай палітычнай кампаніі, а яшчэ — у імкненні прынесці карысць Радзіме. Удзелам у выбарах сённяшнія васямнаццацігадовыя сведчаць сваю сталасць. Калі раней яны толькі бачылі, як галасуюць бацькі, цяпер робяць гэта самі з пачуццём адказнасці за свой універсітэт, свой горад, сваю краіну. Я рады бачыць тут многіх знаёмых па ранейшых добрых справах. Юнакі і дзяўчаты паспелі паўдзельнічаць у экалагічных акцыях, у валанцёрскім руху, у будаўніцтве рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра. Няма ніякіх падстаў сумнявацца, што яны стануць не толькі патрэбнымі для народнай гаспадаркі спецыялістамі, але і свядомымі грамадзянамі краіны.
Фота Лізаветы ГОЛАД і Аляксадра ШУЛЬГАЧА