У мінулую суботу навучэнцы 11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адрэпеціравалі адну з галоўных падзей у сваім жыцці — цэнтралізаваны экзамен, які вызначыць іх далейшы шлях і дасць пуцёўку ў будучыню. Падобная рэпетыцыя карысная не толькі ў практычным плане — праверыць свае веды, але і ў псіхалагічным — пасля яе будучы выпускнік умее «арыентавацца на мясцовасці» і на ўласным досведзе ведае ўсе нюансы арганізацыі экзамену.
Школьнікаў, а зарэгістраваліся на рэпетыцыю ЦЭ 56 386 чалавек, прынялі 144 пункты здачы РЦЭ. Навучэнцы, як і раней, маглі выбраць любы вучэбны прадмет, уключаючы рускую і беларускую мовы. Дарэчы, самым папулярным прадметам і стала руская мова, якую выбралі 16 721 чалавек, а гэта — 29,7% ад колькасці зарэгістраваных. Другі па папулярнасці выбар — матэматыка, здаваць якую выказалі жаданне 12 900 чалавек, або 22,9%.
Дастаўлялі навучэнцаў да месца правядзення РЦЭ цэнтралізавана ў суправаджэнні педагогаў. У сельскай мясцовасці для гэтага падалі школьныя аўтобусы. Іх, дарэчы, было задзейнічана каля 800 адзінак. Што датычыцца пунктаў правядзення рэпетыцыйнага ЦЭ, то тут былі створаны камфортныя і бяспечныя ўмовы знаходжання, каб дзеці змаглі цалкам засяродзіцца на выпрабаванні. Больш за тое, было арганізавана ўзаемадзеянне з тэрытарыяльнымі органамі ўнутраных спраў, упраўленнямі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У пунктах правядзення былі створаны пасты медыцынскай дапамогі і іншыя ўмовы, напрыклад для захоўвання асабістых рэчаў удзельнікаў РЦЭ, знаходжання ўдзельнікаў рэпетыцыі, якія завяршылі выкананне экзаменацыйнай работы раней устаноўленага тэрміну, а таксама суправаджаючых дзяцей педагагічных работнікаў.
На рэпетыцыйнае выпрабаванне з сабой трэба было ўзяць пашпарт або іншыя дакументы, якія сведчаць асобу: ІD-карта, даведка, якая пацвярджае страту дакумента, пасведчанне бежанца, від на жыхарства. Таксама неабходна было мець пропуск, чорную гелевую або капілярную ручку, а тым, хто здае хімію або фізіку, можна было мець пры сабе самы просты калькулятар. Астатнія прадметы пранесці не дазвалялі, нават ваду. Аднак пітны рэжым быў арганізаваны на месцы.
У Міністэрстве адукацыі падкрэслілі, што ў гэтым годзе нейкіх радыкальных змяненняў у правядзенні і РЦЭ, і самога ЦЭ не прадбачыцца. Адзінае — унесена забарона на выкарыстанне мабільных тэлефонаў і сродкаў аўдыя-, відэа- і фотафіксацыі не толькі ў аўдыторыях, дзе праводзіцца ЦЭ, але і ў пункце правядзення ЦЭ ў цэлым.
Галоўнай мэтай гэтага выпрабавання міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй ІВАНЕЦ назваў магчымасць для выпускнікоў школ адаптавацца, адчуць сітуацыю, паўдзельнічаць у выкананні арганізацыйных момантаў, каб пры здачы цэнтралізаванага экзамену пазбегнуць лішніх хваляванняў або, таго горш, стрэсу. Кіраўнік ведамства расказаў: «Рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену мы праводзім трэці год запар. Сёлета хацеў бы адзначыць вельмі высокую яўку дзяцей. З больш чым 56 тысяч удзельнікаў на рэпетыцыю з’явіліся 55 485 чалавек, гэта 98,4%».
Па словах кіраўніка ведамства, абсалютна ўсе адсутныя, а гэта 908 чалавек, не з’явіліся па ўважлівай прычыне. Крыху больш за 700 школьнікаў захварэлі. Іншыя прычыны таксама ўважлівыя — удзел у спаборніцтве альбо праходжанне аздараўленчай кампаніі.
— У кожным пункце правядзення РЦЭ была арганізавана работа медыцынскіх брыгад, — канстатаваў Андрэй Іванец. — Па стане здароўя прайсці выпрабаванне не змог адзін навучэнец у Гомельскай вобласці.
Міністр нагадаў, што патрабаванні да правядзення рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену ідэнтычныя патрабаванням да правядзення самога ЦЭ.
— Гэта такі ж строгі кантроль наяўнасці дакумента, які сведчыць асобу, прыбыццё ў пункт правядзення цэнтралізаванага экзамену за 30 хвілін, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы, гэта лёсаванне дзяцей для размеркавання па аўдыторыях, — сказаў ён. — Пры гэтым мы цалкам захавалі празрыстасць: кожны абітурыент, які прайшоў рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену, у сваім электронным кабінеце на сайце РІКВ зможа ўбачыць копію сваёй работы і азнаёміцца з вынікамі экзамену.
Табліцы адпаведнасці першасных і тэставых балаў па ўсіх прадметах размешчаны на сайтах Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў і адукацыйнага ведамства. Там жа прадстаўлены шкалы пераводу балаў, атрыманых удзельнікамі па стабальнай шкале, у адзнаку па дзесяцібальнай. Агучыў кіраўнік міністэрства і тэрміны, калі будуць вядомыя вынікі РЦЭ, — не пазней за 28 лютага.
— Плануецца, што праверка пройдзе на працягу 20 дзён, — сказаў ён. — Школьнікі павінны разумець, што дастаткова сур’ёзная ўвага ўдзяляецца якасці праверкі, каб кожны быў упэўнены ў выніковасці яго правядзення.
Міністр таксама дадаў, што пераздачы рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену няма.
Для школьнікаў рэпетыцыйны экзамен стаў выпрабаваннем не толькі на веды, але і на сумленне. Некаторыя навучэнцы гэта выпрабаванне, на жаль, не прайшлі. За рознага роду парушэнні з рэпетыцыі былі выдалены пяць чалавек: у кагосьці быў выяўлены пры сабе смарт-гадзінннік, што забаронена, хтосьці спісаў «падказкамі» руку, а адзін школьнік і зусім трапіўся са шпаргалкай. І ў гэтай сувязі Андрэй Іванец яшчэ раз папярэдзіў: «Выкарыстанне забароненых для праносу сродкаў будзе сур’ёзна адсочвацца, да парушальнікаў будуць прымяняцца адпаведныя меры — выдаленне з экзамену».