Без затрымак і аўралу
«Мы не проста зямлю апрацоўваем, а працуем на карысць сваёй гаспадаркі, на калектыў», — усміхаецца Пётр Казак, дырэктар ААТ «Агра-абярэг», што на Пухаўшчыне Мінскай вобласці. Гаспадарка, якую ён узначальвае, па зямельным фондзе — сярэдніх памераў, але моцна стаіць на нагах. Пасяўную збожжавых ужо скончылі, цяпер прыступаюць да цукровых буракоў. Зрэшты, жыццё аграрыя не дзеліцца на пасяўную і ўборачную. «З сакавіка да кастрычніка — адзін вялікі працоўны дзень», — тлумачыць кіраўнік. Тэхналогія патрабуе пастаяннага догляду за раслінамі: падкормкі, апрацоўкі пестыцыдамі, здзяйсненне іншых аперацый. Тэхналогіі ўдасканальваюцца і ўскладняюцца, не даюць перапынку ўвесь сезон вегетацыі, але і ўраджайнасць забяспечваюць годную.


Умовы пасяўной сёлета склаліся досыць спрыяльныя. Ападкаў зімой выпала нязвыкла шмат, але высокае снежнае покрыва надзейна абараніла зямлю ад марозу. І хоць тэмпература паветра апускалася ніжэй 20 градусаў, вясной зямля не была мерзлая, таму хутка і цалкам увабрала адталую ваду. Зямля ўмеранай вільготнасці, тэхніка па ёй ідзе роўна, не буксуе. Нават у нізінах лужыны з’яўляюцца вялікай рэдкасцю. І такія надзвычайныя здарэнні, як трактар, што захрас у глебе, у гэтым сезоне адсутнічаюць цалкам. Таму пасяўная збожжавых прайшла ў штатным і камфортным рэжыме: без затрымак і аўралу.


Зрэшты, энерганасычаная тэхніка дазваляе вытрымліваць і агратэхнічныя тэрміны, не цалкам, але згладжвае дэфіцыт кадраў, таму ў ААТ «Агра-абярэг» закупляюць магутныя агрэгаты. Вось стаіць на загрузцы «Беларус-3522» магутнасцю 355 конскіх сіл. Машына добрая, прадукцыйная. З прычапным абсталяваннем абышлася гаспадарцы ў 1,1 мільёна рублёў. Тут перакананыя — такія інвестыцыі апраўданыя. У цэлым, як тлумачыць Пётр Казак, пры закупцы тэхнікі неабходна пралічваць эканамічны складнік, дакладна разумець, ці зможаш забяспечыць ёй загрузку на поўную яе магутнасць. Скажам, сучасны ўборачны камбайн для цукровых буракоў — складаны агрэгат, адрозніваецца досыць высокімі эксплуатацыйнымі выдаткамі, патрабуе механізатара найвышэйшай кваліфікацыі, які сёння на вагу золата. І ўмовы працы, і зарплата, і сацыяльны пакет павінны быць адпаведныя. Але не кожная гаспадарка можа забяспечыць працай на ўвесь, так бы мовіць, уборачны сезон: і тэхніку, і механізатара. Сучаснаму бураковаму камбайну неабходны прастор 1000-1200 гектараў. Далёка не ўсе гаспадаркі засейваюць такія шырокія плошчы. Як тлумачыць Пётр Казак, на вёсцы сфарміраваўся і пашыраецца рынак сельскагаспадарчых паслуг. І ўжо неабходна лічыць: аддаць уборку буракоў ці яшчэ нейкія аперацыі на аўтсорсінг або набываць уласную тэхніку і ўжо самім аказваць паслугі. На думку дырэктара ААТ «Агра-абярэг», з пункту гледжання аперацыйнага прыбытку больш выгадна ўсё рабіць самому. Іншае пытанне, што ў гаспадаркі павінны быць сродкі для інвестыцый у сучасную тэхніку. Але калі не ўкладвацца ў мадэрнізацыю, то немагчыма выконваць тэхналогію. А тады і высокай ураджайнасці дамагчыся немагчыма. Пётр Казак успамінае: калісьці рапс адзін раз у сезон апрацоўвалі. Цяпер — 5-6 разоў, цукровыя буракі — 8 разоў, а часам і 9 разоў патрабуецца. Аднак і ўраджайнасць таксама знаходзіцца ў пастаяннай станоўчай дынаміцы.


Спецыялізацыя ААТ «Агра-абярэг» у раслінаводстве — цукровыя буракі, рапс, а таксама збожжавыя, зернебабовыя, кукуруза, шматгадовыя травы — у аснове сваёй, на корм жывёле. Кармавая база дазваляе нарошчваць дойны статак, забяспечваць аптымальны рацыён харчавання. У гаспадарцы практыкуюць беспрывязное ўтрыманне. Сярэдні надой — 7,3 тысячы кілаграмаў на карову за лактацыю. Гэта сярэдні па краіне паказчык, які можна і неабходна павышаць.


У планах мадэрнізаваць жывёлагадоўчыя комплексы. Фінансавае становішча ААТ «Агра-абярэг» забяспечвае інвестыцыйны складнік, як і сярэднюю заработную плату па гаспадарцы ў 3000 рублёў.

Гэта дазваляе ў цэлым захоўваць кадравы патэнцыял. Дэфіцыт спецыялістаў пэўны ёсць, але ён не крытычны. Хоць, як адзначаюць мясцовыя працаўнікі, узровень аўтаматызацыі і механізацыі няўмольна рухае аграрную вытворчасць у бок лічбавых сістэм.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ
Фота Лізаветы ГОЛАД