Санаторыі на тэрыторыі РФ працуюць у штатным рэжыме, санаторый у Друскінінкаі ў летні перыяд працаваў з максімальнай загрузкай, рашэння аб здраўніцы ў Юрмале няма. Пра гэта паведаміў журналістам дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі, перадае БелТА.
Адказваючы на пытанне аб тым, як развіваецца супрацоўніцтва з расійскімі здраўніцамі і ці павялічыўся паток беларусаў у расійскія санаторыі і наадварот, Генадзь Балбатоўскі адзначыў: «На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі размешчаны тры санаторыі, якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь. Яны даступныя для грамадзян абедзвюх дзяржаў. Улічваючы тэрытарыяльны прынцып, там на працягу года адпачываюць пераважна расіяне, але і ў летні перыяд мы накіроўваем туды розныя катэгорыі грамадзян».
Па словах дырэктара Цэнтра, працягваецца абмен вопытам беларускіх і расійскіх калег у сферы санаторна-курортнага лячэння. «Мы правялі міжнародную канферэнцыю два тыдні таму з удзелам расійскіх калег. Былі прадстаўнікі вядучых навуковых устаноў Санкт-Пецярбурга і Масквы, якія з задавальненнем падзяліліся вопытам і інавацыйнымі метадамі работы», — сказаў ён.
Як заўважыў Генадзь Балбатоўскі, у рамках рэалізацыі праграмы Саюзнай дзяржавы на аздараўленне ў беларускія санаторыі едуць дзеці з Расіі, якія пражываюць на забруджаных з прычыны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыях, а таксама ўдзельнікі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, прыраўнаваныя да іх асобы: «Менавіта гэта катэгорыя ў 2025 годзе павялічылася ў паўтара раза. Актыўна і мы накіроўваем, і да нас едуць».
Гаворачы ў цэлым аб запаўняльнасці санаторыяў за мяжой, Генадзь Балбатоўскі адзначыў: «Санаторыі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі працуюць у штатным рэжыме. Санаторый у Друскінінкаі таксама ў летні перыяд працаваў з максімальнай загрузкай. Мы туды накіроўваем нашых грамадзян усіх катэгорый, якія маюць візы і медыцынскія паказанні для праходжання лячэння».
Адказваючы на пытанне аб тым, ці прынята нейкае рашэнне аб рабоце беларускага санаторыя ў Юрмале, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва канстатаваў: «Пакуль ніякага рашэння па Юрмале не прынята, таму што дыялогу з уладамі Латвіі няма. На ўсе ноты, якія пасылаюцца МЗС, адказу мы не атрымліваем».