Каманда — ключавы фактар поспеху любога прадпрыемства. Але, каб згуртаваць людзей, неабходна натхняльнае і камфортнае асяроддзе на працоўным месцы для кожнага.
На ААТ «БЗТДіА» 234 супрацоўнікі ва ўзросце да 31 года, з іх 29 маладых спецыялістаў. І калі ў мінулым годзе ў прадпрыемства было заключана 20 мэтавых дагавораў на падрыхтоўку маладых спецыялістаў, то сёлета — ужо 27. Жыццё прадпрыемства — гэта самыя розныя мерапрыемствы, ад канцэртаў да конкурсаў і спаборніцтваў. Людзі з задавальненнем адгукаюцца на гэтыя актыўнасці.
Прыкладам паспяховай працы ў гэтым кірунку ў Бабруйскім раёне называюць Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. Пра тое, як на прадпрыемстве ствараецца і падтрымліваецца карпаратыўная культура, мы размаўляем з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сацыяльным развіцці і рабоце з персаналам ААТ «БЗТДіА» Наталляй ДЗЮБАЙ.
— Наталля Вітальеўна, якая ідэя ў аснове фарміравання працоўных традыцый на заводзе?
— Задача наймальніка — не толькі прыцягнуць персанал, але і ўтрымаць яго, стварыўшы ўмовы для самаразвіцця, выканання задач, забеспячэння фінансавага дабрабыту. Але важна, каб на прадпрыемства прыходзілі менавіта прафесіяналы. Для вызначэння ўзроўню кандыдатаў на працаўладкаванне праводзіцца кадравы дзень. У прысутнасці дырэктара, намеснікаў дырэктараў па кірунках, начальніка кадравай службы, начальнікаў структурных падраздзяленняў праходзяць гутаркі, па выніках якіх прымаюцца рашэнні аб прыёме на работу. На такіх нарадах разглядаюцца і пытанні пераводу работнікаў на іншыя пасады, іх росту па кар’ернай лесвіцы.
Значнай лічым работу з кадравым рэзервам. Вялікая ўвага аддаецца сістэме павышэння кваліфікацыі. У канцы года рыхтуецца загад па навучанні на наступны год, актуалізуюцца спісы настаўнікаў, складаюцца планы навучання. Па яго выніках вядучы інжынер па падрыхтоўцы кадраў «экзаменуе» навучэнца, каб вызначыць актуальнасць атрыманых ведаў і пры неабходнасці скарэктаваць навучальныя праграмы.
Будучыня належыць маладым
— І тут напрошваецца пытанне аб рабоце з моладдзю: маладыя кадры шмат у чым вызначаюць інавацыйнасць і тэхналагічнасць вытворчых рашэнняў.
— Я не прымяншала б значэння вопытных, «дарослых» кадраў. Але, сапраўды, рабоце з моладдзю на прадпрыемстве ўдзяляецца пільная ўвага. Пакуль моладзі ў нас не настолькі шмат, як хацелася б: з 2136 чалавек 234 супрацоўнікі ва ўзросце да 31 года, з іх 29 маладых спецыялістаў. Аднак, думаю, сітуацыя ў гэтым кірунку будзе змяняцца да лепшага. Супрацоўнікі кадравай службы пры ўзаемадзеянні з установамі адукацыі актуалізуюць заяўкі на падрыхтоўку спецыялістаў у сістэме дзяржзаказу. Праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы з навучэнцамі школ, класаў інжынерна-тэхнічнай накіраванасці гімназій, прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, дні адкрытых дзвярэй. Арганізуюцца экскурсіі, дзе навучэнцы знаёмяцца са спецыфікай працы, тэхналагічнымі працэсамі, вакансіямі. Праводзяцца «кірмашы мэтавых месцаў»: сёлета ў іх узялі ўдзел 180 чалавек. Па падрыхтоўцы маладых спецыялістаў узаемадзейнічаем з вядучымі ВНУ краіны па нашым профілі (БНТУ, ДДТУ імя Сухога, БРУ і г. д.). Распрацавана Палажэнне аб стыпендыі навучэнцам, якія атрымліваюць адукацыю на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Яна складае ад трох да сямі базавых велічынь за семестр у залежнасці ад паспяховасці студэнта. І калі ў мінулым годзе было заключана 20 мэтавых дагавораў на падрыхтоўку маладых спецыялістаў, то сёлета — ужо 27.
— За маладыя кадры зараз «спаборнічаюць» многія прадпрыемствы...
— І наш завод — не выключэнне, але мы гатовы шмат прапанаваць. Так, маладому спецыялісту, які атрымаў у нас першае працоўнае месца, на працягу двух тыдняў выплачваецца грашовая дапамога. Пасля сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы — у памеры тарыфнай стаўкі па прысвоенай кваліфікацыі (разрадзе), пасля ВНУ — у памеры месячнай стыпендыі. Калі малады спецыяліст прыбыў для працы на прадпрыемства па запрашэнні, то пасля ССНУ яму робіцца даплата ў памеры трох базавых велічынь, а пасля ВНУ — у памеры чатырох. Ёсць і іншыя выплаты. Напрыклад, пры ўмове выканання даведзеных заданняў для маладых спецыялістаў прадугледжана павышэнне прэміі: у першы месяц работы — на 40 %, у другі — на 30 % і г. д. Заўважу, што пры працаўладкаванні персаналу дэфіцытных спецыяльнасцяў (незалежна ад узросту) выплачваецца аднаразовая ўзнагарода ў памеры двух мінімальных заробкаў. Іншагароднія супрацоўнікі могуць атрымаць беспрацэнтны аванс на добраўпарадкаванне ў суме да адной тысячы рублёў або пакрыццё грашовых сродкаў на аплату здымнага жылля. А за інавацыйную дзейнасць для нашай моладзі ўстаноўлена павышэнне акладу. Да Дня машынабудаўніка штогод прымеркавана «Прысвячэнне ў маладыя спецыялісты», на якім яны атрымліваюць каштоўныя падарункі. Дарэчы, падарункі і грашовыя выплаты ў нашым калектыве да розных свят прадугледжаны для ўсіх. Яшчэ адна форма працы — прафесійныя конкурсы «Найлепшы ў прафесіі». І дарэчы, у наступным годзе плануецца стварэнне Савета маладых спецыялістаў прадпрыемства, у якога будуць значныя паўнамоцтвы.
— Клапоцячыся аб моладзі, нельга забываць і аб ветэранах прадпрыемства.
— Мы і не забываем. Сацыяльнай сферы на прадпрыемстве аддаецца пільная ўвага. У прыватнасці, штомесяц рыхтуюцца загады па аказанні матэрыяльнай дапамогі ветэранам прадпрыемства ў сувязі з юбілейнымі датамі. Супрацоўнікам, якія ідуць на заслужаны адпачынак, ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаюцца каштоўныя падарункі.
Не толькі праца
— Але ж карпаратыўная культура вымяраецца не толькі грашыма...
— Мы клапоцімся аб тым, каб людзі з радасцю ішлі на работу і мелі ўсе ўмовы для эфектыўнай працы. Важна, каб і свабодны час супрацоўнікі звязвалі з заводам. Так, заключаны дагаворы на аказанне паслуг з фізкультурна-аздараўленчым комплексам «Тэхас», фітнес-клубам
«Ева», шэрагам паліклінік горада (на стаматалагічныя паслугі, ультрагукавую дыягностыку, вакцынацыю). Да паслуг работнікаў — наш здраўпункт (масажны, фізіятэрапеўтычны і стаматалагічны кабінеты з найноўшым медыцынскім абсталяваннем). Фізкультурна-аздараўленчы комплекс прадпрыемства бясплатны для завадчан, ён абсталяваны трэнажорнай залай, заламі для гульні ў настольны тэніс і більярд, парыльняй, басейнам, чайнай. Ёсць пляцоўка для гульняў у міні-футбол, тэніс, валейбол — тут праводзяцца трэніроўкі і праходзяць, заўсёды весела і відовішчна, заводскія спаборніцтвы. Штодня комплекс наведвае больш за 30 чалавек: супрацоўнікі завода і нашы пенсіянеры.
А ў цэлым жыццё прадпрыемства — гэта не толькі спорт, але і самыя розныя мерапрыемствы: ад канцэртаў да конкурсаў. Людзі з задавальненнем адгукаюцца на гэтыя актыўнасці. Мы выкарыстоўваем магчымасці сацыяльных сетак. Штатным псіхолагам прадпрыемства вядзецца маніторынг задаволенасці персаналу. Па яго выніках прымаюцца меры па паляпшэнні ўмоў працы і адпачынку. Лічым, што менавіта так, «па цаглінцы», з асобных людзей ствараецца каманда, дзе кожны адчувае, што яго ўклад у агульны поспех важны і значны.