Top.Mail.Ru
109

Як прасоўваецца ўкараненне лічбавага беларускага рубля? Адказалі ў Нацбанку

Як прасоўваецца ўкараненне лічбавага беларускага рубля, расказаў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман Галоўчанка падчас сумеснага пасяджэння палат Нацыянальнага сходу, перадае БелТА.



«Рухаемся па шляху ўкаранення лічбавага беларускага рубля. Ужо рэалізаваны мерапрыемствы па распрацоўцы спецыялізаванага праграмнага забеспячэння і падрыхтоўцы нарматыўнай прававой базы. Выкарыстанне лічбавага беларускага рубля адкрывае шэраг пераваг для грамадзян і бізнесу, уключаючы скарачэнне выдаткаў на трансгранічныя плацяжы, магчымасць выкарыстання смарт-кантрактаў для аўтаматызацыі разлікаў. У цэлым укараненне лічбавага рубля павысіць тэхналагічны суверэнітэт плацежнай сістэмы і створыць дадатковыя магчымасці для ажыццяўлення плацяжоў у лічбавых нацыянальных валютах дружалюбных краін», — адзначыў Раман Галоўчанка.

У Беларусі развіваецца рынак плацежных паслуг. У 2025 годзе доступ да аказання плацежных паслуг атрымалі 24 новыя пастаўшчыкі. На 1 студзеня 2026 года ў рэестры пастаўшчыкоў зарэгістравана 111 арганізацый.

Актыўна развіваецца Сістэма імгненных плацяжоў, аператарам і разліковым цэнтрам якой з’яўляецца Нацыянальны банк. «Гэта тэхналогія, якая дазваляе пераводзіць грошы паміж рахункамі ў розных банках практычна імгненна, кругласутачна і без выхадных. Такая сістэма робіць фінансавыя аперацыі больш хуткім, зручнымі і надзейнымі. Грашовыя сродкі пры імгненных плацяжах становяцца даступнымі літаральна праз секунды. Таксама паскараецца абарот сродкаў прадпрыемстваў, што аказвае немалаважную падтрымку бізнесу і электроннаму гандлю. У 2025 годзе ў дадзенай сістэме праведзена транзакцый на суму каля 15 млрд бел. руб., што больш чым на траціну вышэй за аналагічны паказчык 2024 года», — падкрэсліў старшыня праўлення Нацбанка.

Для ажыццяўлення імгненных плацяжоў насельніцтва па QR-кодзе ў плацежнай сістэме ў АРІП укаранёны спецыяльны сэрвіс «КРОК». «Унікальнасць сэрвісу заключаецца ў тым, што ён цалкам выключае выкарыстанне плацежных карт, працуючы наўпрост з рахункамі. Плацяжы праходзяць у рэальным часе 24 гадзіны ў суткі, 365 дзён у годзе. Грошы імгненна паступаюць на рахунак атрымальніка, без пасрэднікаў. Банкі паступова падключаюцца да гэтай сістэмы. З 1 снежня 2026 года ў правядзенні такіх плацяжоў будуць удзельнічаць усе банкі», — праінфармаваў Раман Галоўчанка.

Пры анлайн-крэдытаванні кліентаў банкамі актыўна прымянялася аўтэнтыфікацыя з выкарыстаннем біяметрычных персанальных даных. Гэта дазваляе банкам не толькі павысіць хуткасць і камфорт абслугоўвання, але і мінімізаваць крэдытныя рызыкі.

Далейшае развіццё атрымала таксама сістэма безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах. На 1 студзеня 2026 года колькасць выпушчаных у абарачэнне банкаўскіх плацежных картак склала больш за 20 млн. Добрую дынаміку прадэманстравала плацежная сістэма «Белкарт», доля эмісіі картак якой за 2025 год павялічылася больш чым на 12 %. Зараз мабільны дадатак для бескантактавай аплаты «Белкарт Pay» даступны трымальнікам картак 20 банкаў. За 2025 год колькасць карыстальнікаў павялічылася амаль на чвэрць.

У выніку доля безнаяўнага грашовага абароту ў рознічным тавараабароце за 2025 год павялічана да 64,2 % (рост на 3,4 працэнтнага пункта).
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю