Top.Mail.Ru

Як прафсаюзы дапамагаюць замацаванню маладых кадраў на месцах

Нягледзячы на тое, што статус маладога спецыяліста дае нямала пераваг на заканадаўчым узроўні, праблема замацавання маладых кадраў на першых працоўных месцах актуальная для многіх галін. Асабліва запатрабаваны кадры працоўных прафесій. Вакансіі працоўных спецыяльнасцяў можна ўбачыць і на буйных дзяржаўных прадпрыемствах, і ў невялікіх прыватных кампаніях.


— Безумоўна, прафсаюзы зацікаўлены ў тым, каб на заводы прыходзіла маладая змена. Гэтае развіццё і ўпэўненая будучыня прадпрыемстваў. Таму сумесна з наймальнікамі мы пастаянна працуем над унясеннем у калектыўныя дагаворы новых норм па дадатковай падтрымцы маладых работнікаў, — падкрэсліў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ» Валерый Курсевіч. — Размова ідзе, напрыклад, аб павышэнні тарыфных акладаў, а таксама аб зніжэнні норм выпрацоўкі маладым работнікам у пачатку працоўнай дзейнасці (да 1 года). Гэта дае магчымасць забяспечыць дастойны ўзровень заработнай платы работнікам, якія не маюць яшчэ практычнага вопыту.

Акрамя таго, распаўсюджаная на сённяшні дзень практыка — аднаразовыя выплаты работнікам, якія заключаюць кантракт на працяглы тэрмін пасля работы па размеркаванні. Прычым гэта дастаткова істотныя сумы. Напрыклад, у ААТ «МТЗ» выплачваецца ад 50 да 120 базавых велічыняў.

Асаблівая ўвага надаецца тым маладым спецыялістам, якія сыходзяць на службу ў войска. Каб матываваць іх вярнуцца на першае працоўнае месца, таксама прадугледжаны аднаразовыя выплаты. Напрыклад, на прадпрыемстве «Магілёўліфтмаш» маладым работнікам, якія адслужылі тэрміновую службу і вярнуліся на прадпрыемства, адразу выплачваецца тры мінімальныя заработныя платы. У ААТ «МАЗ», «Гомсельмаш», «МТЗ», ААТ «Гомельскі завод ліцця і нармалей» пры працаўладкаванні на працягу трох месяцаў пасля арміі і заключэнні кантракта на 5 гадоў налічваецца ўзнагарода ў памеры 5 тысяч рублёў.

Асобныя меры падтрымкі прадугледжваюцца для таленавітых і актыўных маладых спецыялістаў. Больш за 100 прадпрыемстваў прымяняюць розныя бонусы для такой катэгорыі работнікаў. Так, у ААТ «МАЗ» супрацоўнікам канструктарска-тэхналагічных падраздзяленняў выплачваюцца імянныя стыпендыі да 850 рублёў, у ААТ «БЕЛАЗ» прадугледжана матэрыяльнае ўзнагароджанне рацыяналізатарам у залежнасці ад эканамічнага эфекту ўкаранёных прапаноў.

Вядома, толькі матэрыяльнымі выплатамі падтрымка не абмяжоўваецца. Размаўляючы з маладымі людзьмі, мы бачым, што для многіх важна павышэнне свайго прафесійнага ўзроўню, якасная арганізацыя вольнага часу. Каб адпавядаць гэтым запытам маладых людзей, прафкамамі арганізуецца індывідуальнае суправаджэнне работнікаў і па пытаннях павышэння кваліфікацыі, і асобаснага развіцця, удзелу ў творчых, спартыўных і іншых мерапрыемствах, — дадаў Валерый Курсевіч. — Разам з тым важную ролю ў прыцягненні і замацаванні кадраў адыгрывае мадэрнізацыя вытворчасці, аўтаматызацыя працэсаў і ўдасканаленне ўмоў працы. І гэта работа сёння таксама праводзіцца на прадпрыемствах сумеснымі намаганнямі наймальнікаў і прафкамаў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю