Top.Mail.Ru

Як прафесіяналізм механізатараў і сучасная тэхніка дапамагаюць забяспечыць высокія ўраджаі ў Лёзненскім раёне

Першыя камбайны на Лёзненшчыне выйшлі ў палі ў Дзень Незалежнасці. Напэўна, гэта сімвалічна, бо харчовая бяспека і незалежнасць — паняцці ўзаемна абумоўленыя. Але аграрыі глядзяць не на даты календара, а на стан раслін і надвор’е. І ўсё ж свята ў адным з самых усходніх раёнаў Беларусі атрымалася двайным. Збор ураджаю нездарма называюць «бітвай», але акрамя напружання ўсіх сіл гэта яшчэ натхненне і надзея. Зямля дзякуе чалавеку за клопат, аддае свайму гаспадару плады яго працы.


«Будзем са збожжам — будуць надоі»

Азімая свірэпіца на Лёзненшчыне ўжо тыдзень як убраная. Ёю тут былі занятыя каля 600 гектараў — больш за трэць ад усіх плошчаў крыжакветных па Віцебскай вобласці. На ўраджайнасць, на жаль, адмоўна паўплывалі майскія халады, але план дзяржзаказу ў раёне выкананы. З 14 ліпеня прыступілі да намалоту азімага ячменю, што, як і «блізня рапсу», пасеяны ў пяці гаспадарках з дзесяці — пад уборку амаль на 900 гектарах.

«Ураджайнасць на пэўных участках больш за 30 цэнтнераў з гектара, для нашага рэгіёна гэта няблага, — пракаментаваў пачатак уборкі азімага ячменю першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Мікалай Сцежкін. — Рапс і збожжавыя на палях стаяць добрыя. Цяпер галоўнае, каб непагадзь не палажыла пасевы».

На другі дзень уборкі азімага ячменю мы былі ва ўрочышчы Чарнічніца, якое належыць ААТ «Рубяжніца». Тут ячмень займаў 114 гектараў, убіралі яго тры новыя камбайны — для іх гэта другое жніво. Сустрэліся з дырэктарам гаспадаркі Алегам Касцюковым на полі. Па выніках мінулага года ён прызнаны найлепшым кіраўніком сельгаспрадпрыемства раёна, узначальвае прадпрыемства трэці год.

дырэктар и намесник старшыни.jpg

Дырэктар ААТ «Рубяжніца» Алег Касцюкоў і першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мікалай Сцежкін.

«Гаспадарка завяршыла першы ўкос шматгадовых траў. Нарыхтавалі 13,5 кармавой адзінкі на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. Гэта на 4,5 адзінкі больш за паказчык мінулага года. Другім укосам плануем дадаць каля шасці кармавых адзінак. Астатняе дакладзём кукурузай — каб выйсці на патрэбную „трыццатку“, — расказаў Алег Касцюкоў. — Убралі азімую свірэпіцу. Другі дзень убіраем азімы ячмень. Плошча яго ўборкі — 219 гектараў (з 2024 гектараў). На палях шчыруюць нашы найлепшыя механізатары: Сяргей Дземянкоў, Дзмітрый Ліпаўка і Аляксандр Іпатаў».

«Рубяжніца» спецыялізуецца на мясе і малаку. Апошняе пастаўляюць у Полацкі малочны камбінат, які выпускае вядомую многім прадукцыю пад брэндам «Сафійка». Цяпер тут на ўтрыманні 1200 галоў дойнага статку. Агульнае пагалоўе каля 3,5 тысячы. Галоўная задача сельгаспрадпрыемства — павысіць надоі. Поспех непасрэдна залежыць ад вынікаў уборачнай кампаніі. «Будзем са збожжам — будуць надоі», — кажа дырэктар. Станоўчая дынаміка ў гаспадарцы назіраецца ва ўсім, бо новаму кіраўніку, па словах першага намесніка старшыні райвыканкама, удалося дасягнуць стабільнасці ў рабоце і стварыць добрую каманду. Калектыў механізатараў у прадпрыемства «Рубяжніца», дарэчы, самы малады ў раёне.

Аляксандр Іпатаў4.jpg

Механізатар Аляксандр Іпатаў

«Хто працуе — той заробіць»

— Чым утрымліваеце?

— Па-рознаму. У першую чаргу — чалавечымі адносінамі. Для некага важны фактар — заробак, для некага — жыллё. У «Рубяжніцы» падчас сезону (з сярэдзіны красавіка да канца лістапада) механізатары зарабляюць ад трох да пяці тысяч рублёў (сяўба, корманарыхтоўка), падчас масавага жніва — да 7 тысяч. Хто працуе — той заробіць. Можна зарабіць і ў сельскай гаспадарцы, — рэзюмуе Алег Касцюкоў і дадае: — Можна было б і больш зарабіць, але ў нас для гэтага не хапае аб’ёмаў. Вось два новыя камбайны прыйдуць да асноўнай уборкі — канкурэнцыю створаць для мальцоў.

Тым, хто прыходзіць працаваць у «Рубяжніцу», гаспадарка пры неабходнасці аплачвае арэнду жылля. Спецыялістамі ў гаспадарцы цалкам укамплектаваныя і інжынерная служба, і заатэхнічная.

Увогуле, «Рубяжніца» — гаспадарка з гісторыяй. Ведала яна і добрыя часы, і заняпад.

— З чаго пачыналі, калі ўзначалілі таварыства? — пытаюся ў Алега Касцюкова.

— Кнігу Аляксея Скакуна «Единственный выход, или Три НЭПа «Остромечево» чыталі? — адказвае пытаннем на пытанне і дадае: — Навядзенне элементарнага парадку.

Пакуль мы размаўлялі, пад’ехаў гомсельмашаўскі камбайн GS12A1. 

За штурвалам і джойсцікам сучаснай, абсталяванай бартавым камп’ютэрам машыны вопытны Дзмітрый Ліпаўка. У сельскай гаспадарцы ён 32 гады, у «Рубяжніцы» — 20. Яго добра ведаюць у раёне і цэняць у калектыве не толькі за кампетэнтнасць і адказнасць, але і за ўменне якасна абслугоўваць і своечасова рамантаваць тэхніку, на якой працуе. Аднак GS12A1 асаблівай падрыхтоўкі не патрабаваў — навесіў неабходныя агрэгаты і гатова.

Дзмітрый Ліпаўка2.jpg

Механізатар Дзмітрый Ліпаўка

Машына часу

Мне дазволілі трошкі праехаць у кабіне падчас уборкі. Уражанні можна перадаць адным словам — захапленне! Я нібы пераўтварылася ў дзяўчо, сэрца якой перапоўнілася невытлумачальнай радасцю. Камбайнер ювелірна развярнуў машыну і накіраваў на край яшчэ не зжатага ўчастка. 

У кабіне сапраўды камфортна, яна зацемненая — сонца не слепіць, цалкам празрыстая — поле як на далоні, прахалодная, шум жняяркі не надта гучны — дазваляе запісваць на дыктафон гутарку. Мой суразмоўца ў сваёй сям’і першы механізатар, але не выключана, што хтосьці з дзяцей працягне дынастыю. Іх у Дзмітрыя Ліпаўкі трое.

...І тут я ўбачыла буслоў, яны важна і павольна крочылі побач з камбайнам, нібы прагульваліся разам з добрым старым знаёмым.

— Сёлета іх менш, звычайна вельмі шмат, — заўважыў маё здзіўленне Дзмітрый Пятровіч. — То змяю знойдуць, то мыш.

Другі камбайнер, Аляксандр Іпатаў, выгружаў збожжа. Напярэдадні ён намалаціў 12 бункераў ячменю. Аляксандр Іванавіч — ветэран вайны ў Афганістане, мае медаль «За адвагу». На камбайне больш за 30 гадоў. Цяпер на пенсіі.

— Папрасілі папрацаваць у сезон, адмовіць не змог, — патлумачыў галоўны матыў.

Тэхналогіі супраць непагадзі

У той дзень пагода трымалася, хоць па прагнозу чакаліся дажджы, а ў небе пагрозліва грымела. Але ўжо на наступны работа на палях рэгіёна спынілася а палове шостай. У чацвер з раніцы Лёзненшчыну накрыў дождж, які не пераставаў увесь дзень.

— У найбліжэйшыя дні ўборку азімага ячменю завершым, — паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванню Лёзненскага райвыканкама Аляксандр Уцянёў. — У ААТ «Данукалава-Агра» і ў дзяржаўным прадпрыемстве «Лёзна-Лён» убралі каля 70 %, у ААТ «Рубяжніца» — больш за 90 %. Па яго словах, сёлета раён утрая павялічыць пасевы азімага жыта. «Культура менш патрабавальная для нашых зямель, — тлумачыць Аляксандр Генадзьевіч. — Да таго ж на яе маецца попыт у спіртзаводаў і збожжапрыёмных пунктаў».

Землі на Лёзненшчыне дробнаконтурныя, закустараныя, гарыстыя і камяністыя. Сярэдні контур складае 16,7 гектара. Гэта значыць, што ў гаспадаркі, якая, напрыклад, мае 2 000 гектараў, палі ўяўляюць сабой 120 асобных кавалкаў. Сучасная энерганасычаная тэхніка вымушана круціцца ўнутры гэтых кавалкаў, а гэта — дадатковыя выдаткі на паліва. Узгоркавасць і камяністасць абумоўлівае большую патрэбу ў запчастках.

IMG_2553.jpg

IMG_2491.jpg

Тым не менш раён вырашае задачы, якія перад ім ставіць дзяржава. «Заданні па сяўбе выканалі, усюды правялі падкормкі. Цяпер рыхтуем палі для сяўбы азімых крыжакветных. Першы ўкос у гаспадарках завершаны. Цяпер паўсюдна рыхтуюцца камбайны да выхаду ў поле, плануецца, што будуць задзейнічаныя 44, пяць з іх новыя. Запчасткі ёсць, палівам забяспечаны. Масавую ўборку плануем распачаць 25 ліпеня», — падзяліўся парадкам дня першы намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Сцежкін.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота аўтара

г. п. Лёзна

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю