Мінулы год быў поўны знакавых дат і падзей, і несумненна, што 80-годдзе Перамогі — адна з найважнейшых. Беларусы памятаюць і шануюць памяць аб гэтых журботных старонках гісторыі. Прычым формы ўвекавечання самыя розныя. Напрыклад, у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы рэалізоўваюцца адразу некалькі міждысцыплінарных праектаў. Іх вынікам становяцца навуковыя працы, выстаўкі, фільмы, публікацыі ў СМІ. І ўдзельнікі праекта расказваюць аб тым, што доўгія гады замоўчвалася і не падкрэслівалася лішні раз. Уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці даведалася падрабязнасці.
Адзін з самых маштабных праектаў — «Генацыд беларускага народа: памяць і боль Гродзенскай зямлі». Ён рэалізоўваецца ў цесным супрацоўніцтве і па ініцыятыве пракуратуры Гродзенскай вобласці. Старт адбыўся ў 2023 годзе, і штогод прымаецца рашэнне прадоўжыць работу.
— Студэнты працуюць у архівах, гутараць са сведкамі. І мы бачым, як гэта мяняе іх погляд на свет. За час работы была раскрыта вялізная колькасць жудасных фактаў і здымкаў, якія прыводзяць у жах. І пра гэта нельга маўчаць, важна, каб знойдзеная інфармацыя атрымала шырокую агалоску. Гэта становіцца магчымым дзякуючы цеснаму міждысцыплінарнаму супрацоўніцтву. Сумесна з кафедрай журналістыкі былі падрыхтаваны дакументальныя фільмы і фотавыстаўкі, — расказаў дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч. Ён адзначыў, што гэты праект робіць значны ўнёсак у захаванне гістарычнай памяці і дапамагае выхоўваць моладзь у патрыятычным духу. Студэнты праз рэальныя факты бачаць падзеі ваенных гадоў.
Сумеснымі намаганнямі
Новым кірункам супрацоўніцтва стала выкарыстанне патэнцыялу студэнцкай навукова-даследчай археалагічнай лабараторыі ў рабоце супрацоўнікаў пракуратуры. У верасні 2025 года студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў правялі даследаванне на помніку Гродна 39 з мэтай пошуку доказаў лакалізацыі ў дадзеным месцы лагера для ваеннапалонных «Кульбакі». А ў кастрычніку ажыццяўлялася даследаванне месцаў расстрэлаў мірных жыхароў каля вёсак Коцькі, Дварэц і Наваельня Дзятлаўскага раёна. Работы праводзіліся на аснове методыкі свідравання з далейшай фіксацыяй адкладаў і праверкай іх эндаскопам. Кожная лунка прывязвалася да мясцовасці пры дапамозе GNSS-прыёмніка.
Вялікую падтрымку праекту аказалі перакладчыкі. Летась працягвалася практыка перакладу дакументаў, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, з нямецкай на рускую мову. Пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедраў перакладу і міжкультурнай камунікацыі, рамана-германскай філалогіі студэнты старанна перакладалі дакументы. Хлопцы і дзяўчаты адзначылі, што работа з такімі дакументамі значна паўплывала на іх успрыманне жыцця і адказнасці.
— Праца вельмі адказная, многія дакументы напісаны ад рукі, ёсць нямала спецыфічных скарачэнняў. Але студэнты і выкладчыкі — вялікія малайцы. Літара за літарай, слова за словам яны перакладалі тэксты, — адзначыў Віктар Белазаровіч.
Праект «Генацыд беларускага народа» працягваецца. Маладыя людзі лічаць, што ён дапамагае лепш зразумець гісторыю краіны і захаваць памяць аб трагічных падзеях. За час работы над праектам было падрыхтавана тры фотавыстаўкі: «Памяць у сэрцы стукае...» аб генацыдзе мірнага насельніцтва Гродзеншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Да 80-годдзя аперацыі «Баграціён» у 2024 годзе выкладчыкі і студэнты-журналісты падрыхтавалі выстаўку «Вызваленне». У 2025-м адбылася прэзентацыя фотавыстаўкі «Дзеці Вялікай Айчыннай вайны», якая расказвае пра трагедыі дзяцей, на долю якіх выпаў страшны ваенны час.
Вайна пасля вайны
Таксама ў ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізоўваецца праект, прысвечаны вывучэнню дзейнасці антысавецкіх узброеных фарміраванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў пасляваенны перыяд. Праект ажыццяўляецца сумесна з пракуратурай Гродзенскай вобласці. Яго ўдзельнікі даследуюць дзейнасць антысавецкіх узброеных груп на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. У рамках праекта вядзецца навукова-даследчая работа, накіраваная на выяўленне фактаў генацыду і злачынстваў супраць мірнага насельніцтва ў 1940–1950-х гадах. Адным з вынікаў праекта стала кніга «Вайна пасля вайны», падрыхтаваная Упраўленнем КДБ па Гродзенскай вобласці. Кніга выдадзена ў снежні 2024 -га пры ўдзеле супрацоўнікаў і студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Праект уключае розныя фарматы рэалізацыі. Напрыклад, праводзяцца дыялогавыя пляцоўкі, студэнты і выкладчыкі актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай рабоце, а таксама ў стварэнні дакументальных матэрыялаў і выставак на аснове сабраных архіўных даных.
Акрамя таго, у снежні 2023 года стартавала сумесная міждысцыплінарная ініцыятыва Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Праект «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць» накіраваны на вывучэнне гісторыі станаўлення і развіцця інстытутаў народаўладдзя і парламентарызму ў рэгіёне, а таксама на прыцягненне моладзі ў грамадска-палітычнае жыццё. Студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта праводзяць даследчую працу, збіраючы даныя аб дзейнасці дэпутатаў абласнога і мясцовых Саветаў розных перыядаў. Праект прымеркаваны да 80-годдзя Гродзенскай вобласці.
Вельмі важна разглядаць і падзеі пасля вайны. І гэтыя праекты дапамагаюць расплюшчыць вочы на многія рэчы. Канешне, купалаўцы займаюцца не толькі даследчай дзейнасцю. Ва ўніверсітэце праходзіць нямала патрыятычных мерапрыемстваў, напрыклад акцыя «Памяць», аўтапрабегі, грамадзянска-патрыятычны марафон «Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь». На пачатак 2026 года назапашаныя ў рамках праекта матэрыялы выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і для грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі Гродзенскага рэгіёна.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота дадзена прэс-службай ГрДУ імя Я. Купалы