Top.Mail.Ru

Як праблемы землекарыстання перарастаюць у праблемы ўзаемаадносін

Вядома, добры гаспадар кожны кавалак зямлі імкнецца выкарыстоўваць рацыянальна. І заслугоўвае пахвалы, калі толькі ён не ўшчамляе інтарэсы іншых людзей. Тады ўзнікаюць канфлікты, скаргі, звароты ў самыя розныя інстанцыі. Вось і на гэты раз зварот падчас адзінага дня прыёму грамадзян сенатарамі, які адбыўся на Брэстчыне на пачатку мая, аказаўся «з гісторыяй».


Гэтыя вяскоўцы, пра якіх пойдзе гаворка, мірна суіснавалі да пэўнага часу. Адзін з іх у прыгараднай вёсцы пражывае даўно. Другі купіў суседні дом, развёў вялікую гаспадарку, стаў гадаваць свіней і за сумленна зароблены рубель карміць сям’ю. Усё б нічога, але наш герой сваю ферму трымаў на падворку побач з жылым домам, у тым ліку і суседскім. У матэрыялах крымінальнай справы потым будзе фігураваць 50 галоў свіней... Можна сабе ўявіць, які пах стаіць у наваколлі, дзе кожны дзень спраўляе фізіялагічныя патрэбнасці такая колькасць жывёлы! А яшчэ ў пацярпелага гаспадара было пад сотню курэй ды іншае птаства.

...Пра тое, як пачынаўся канфлікт, невядома. З матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што аднойчы не абцяжараны гаспадаркай сусед, да таго ж нападпітку, узяў петарду, падпаліў яе і кінуў праз суседаў плот. Як ён потым будзе тлумачыць, хацеў папужаць. Надвор’е стаяла сухое, і тая петарда трапіла ў кучку саломы, апошняя ўспыхнула, агонь умомант перакінуўся на гаспадарчыя пабудовы. Пажарных выклікала другая суседка, якая заўважыла дым. Прыехалі хутка. Жыллё і людзі не пацярпелі. Аднак агонь паспеў пашкодзіць тры гаспадарчыя пабудовы: сховішча для агародніны, будынак для кармавых сумесяў, яшчэ адзін хляўчук. І самае галоўнае, загінулі дзясяткі свіней і столькі ж курэй.

Вінаватага затрымалі, можна сказаць, па гарачых слядах. Суд разгледзеў справу і прызначыў грамадзяніну пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, якую ў народзе называюць «хімія». Акрамя таго, яго абавязалі кампенсаваць матэрыяльны і маральны ўрон. Словам, вінаваты панёс заслужанае пакаранне.

Пацярпелы ж адрамантаваў хлявы, аднавіў пагалоўе і зноў гадуе свіней пасярод вёскі. Яго сусед змяніў тактыку — пачаў пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі на парушэнне санітарных і ветэрынарных нормаў. Да гаспадара-свінавода зачасцілі праверкі. Дык вось гаспадар і прыйшоў на прыём з просьбай абараніць ад розных камісій, якія перашкаджаюць працаваць.

Сітуацыя, згадзіцеся, неадназначная. Паводле цяперашніх норм, гаспадар мае рацыю, бо адменены ўсе ранейшыя патрабаванні па адлегласці паміж гаспадарчымі і жылымі пабудовамі. Выходзіць, на сваім участку — што хачу, тое і раблю. А як жыць суседзям? Асабліва ў спёку, калі хочацца адчыніць акно і ўпусціць у дом свежае паветра. Думаю, пытанне рытарычнае. І пры ўсёй павазе да людзей працы падобныя пытанні павінны быць урэгуляваны адпаведнымі дакументамі, нарматыўнымі актамі.

Пра гэта гаварыў яшчэ падчас прыёму першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ, які выязджаў на месца. На выніковым пасяджэнні ў Мікашэвічах тэму працягнуў кіраўнік спраў Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрый УЛАСІК. Дзмітрый Леанідавіч унёс прапанову вярнуцца да ранейшых нарматыўных дакументаў, якія рэгулявалі адлегласць ад агароджы суседа да гаспадарчых пабудоў. Раней, дарэчы, такія абмежаванні датычыліся нават пасадкі пладовых дрэў. Трэба было адступіць мінімум паўтара метра ад мяжы. 

А цяпер, выходзіць, нават кароўнік альбо свінарнік можна ўзводзіць на ўчастку ў 15 сотак.

А заадно варта было б перагледзець правілы выдачы дазволу на вядзенне асабістай падсобнай гаспадаркі. Логіка падказвае, што такі дазвол магчымы пры наяўнасці кавалка зямлі ў полі, а не пры доме. Інакш пачынае дзейнічаць правіла: дазволена ўсё, што не забаронена законам. Некаторыя ж грамадзяне, як паказвае практыка, падобную свабоду не суадносяць з цвярозым сэнсам. Як у выпадку з сабакамі на падворку аднаго грамадзяніна. Гэта прыклад таксама з даклада Дзмітрыя Уласіка. Чалавек прысвяціў увесь свой час або яго частку пачэснай справе — стаў даваць прытулак бадзяжным сабакам, карміць іх, лячыць. А калі на падворку сабралася іх больш за сотню, суседзі пайшлі па інстанцыях са скаргамі. Скардзіліся на агрэсіўныя паводзіны жывёлін, начны шум, антысанітарыю. Можна сабе ўявіць такое суседства.

Падтрымліваю кіраўніка спраў аблвыканкама, што варта ўзмацніць не толькі кантроль за выкананнем норм утрымання, але і меры ўздзеяння. 

І правіла «Мой дом, чытай, падворак — мая крэпасць, а на сваім кавалку зямлі раблю, што хачу» — тут не працуе. Калі гэта «крэпасць» перашкаджае нармальна жыць навакольным, то яны павінны мець гарантыю абароны.

Здавалася б, усё проста: хочаш гадаваць або ўтрымліваць жывёлу, бяры кавалак зямлі, будуй памяшканне за межамі населенага пункта, каб нікому не перашкаджаць. А на прысядзібным участку варта дазволіць трымаць адну-дзве, няхай тры свінкі, як бывала раней у вёсках. Так жа і з буйной рагатай жывёлай, з сабакамі. Павінна быць абмежаванне ў колькасці галоў, ды і птаства не выпадае сотнямі разводзіць на падворку. Ніхто ж не хоча дзень пры дні душыцца чужым смуродам. А што рабіць, калі цябе вымушаюць? Застаецца шукаць абароны ў законах, а калі яны недасканалыя, варта іх удасканальваць. Каб, як той казаў, людзі жылі і давалі жыць іншым.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю