Top.Mail.Ru

Як пазбегнуць сезоннага траўміравання

У апошнія дні 2025 года ў Беларусь прыйшло сапраўды зімовае надвор’е з маразамі. Аднак сіноптыкі абяцаюць хуткую змену тэмпературы з мінуса на плюс і папярэджваюць аб галалёдных з’явах. У такі перыяд колькасць пацыентаў траўмапункта са стандартных 10–15 чалавек за змену можа рэзка павялічыцца да 70. Медыкі да такіх сітуацый гатовы, але паведамляюць, што звяртацца з траўмамі неабавязкова ў стацыянары. Траўматолагі прымаюць пацыентаў у паліклініках, прычым як у рабочыя гадзіны, так і ў выхадны і начны час (траўмапункты пры некаторых паліклініках).


Засцеражыце пажылых бацькоў

Як адзначыў галоўны пазаштатны траўматолаг-артапед камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, галоўны ўрач 6-й гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска Віктар АНОСАЎ, гэта зіма адрозніваецца дастаткова мяккім надвор’ем, калі практычна не ўзнікала галалёду, таму колькасць траўм, звязаных з падзеннем з прычыны слізкага дарожнага пакрыцця, мінімальная. 
У Мінску з пачатку халоднага сезона зафіксавана ўсяго пяць галалёдных траўм. Галалёдным быў усяго адзін дзень, і той прыпаў на выхадны. Да таго ж якасна і аператыўна працуюць камунальныя службы.

— Калі гаварыць аб статыстыцы мінулага года, то за 11 месяцаў 2024-га ў нашу бальніцу кожнае 12–15-е дзіця звярталася па медыцынскую дапамогу ў сувязі з траўмамі. Часцей за ўсё гэта былі ўдары, расцяжэнне звязак, рэдка — пераломы без ускладненняў. Лячэнне праходзіла амбулаторна, — расказаў Віктар Аносаў.

Траўмы ў дарослых паддаюцца лячэнню значна складаней.

— У сувязі з гэтым рэкамендую дзецям паклапаціцца пра пажылых бацькоў , мінімізаваўшы іх выхад на вуліцу ў галалёд. Калі рызыка падзення вельмі высокая, варта лішні раз патэлефанаваць бацькам, паведаміўшы пра гэта, даставіць прадукты, неабходныя лекі і інш. Падзенне пажылога чалавека на лёдзе — гэта заўсёды вялікая рызыка. Як вядома, пры пераломе шыйкі сцягна рызыка смяротнага зыходу высокая на працягу года, — адзначыў Віктар Аносаў.

МРТ — бясплатна ў раённай паліклініцы

У Мінску цяпер працуюць два амбулаторныя кругласутачныя траўмапункты: адзін з іх размешчаны на базе 19-й цэнтральнай раённай паліклінікі Першамайскага раёна, другі — на базе 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна. Таму з траўмай неабавязкова ехаць у стацыянар. Як расказаў галоўны ўрач 2-й цэнтральнай раённай паліклінікі Фрунзенскага раёна Мінска Мікалай ТРУБЧЫК, установа абслугоўвае не толькі 48 тысяч чалавек замацаванага насельніцтва. Міжраённыя цэнтры, якія функцыянуюць на базе паліклінікі, прымаюць больш як 
300 тысяч пацыентаў.

З улікам такой нагрузкі сёлета тут абнавілі не толькі паліклінічны корпус, але і матэрыяльную базу.

— Былі абсталяваны кабінеты камп’ютарнай тамаграфіі, МРТ, якія абслугоўваюць не толькі жыхароў Фрунзенскага раёна, але і горада ў цэлым. Унікальнасць у тым, што раней падобнага абсталявання не было ў амбулаторна-паліклінічных установах. Зроблена гэта перш за ўсё для зручнасці жыхароў раёна, для якіх гэты від дыягностыкі стаў больш даступным.

Акрамя запатрабаваных кабінетаў КТ і МРТ, у паліклініцы працуе раённы эндаскапічны цэнтр, які абслугоўвае некалькі паліклінік, міжраённыя кабінеты алерголагаў, цэнтр уралогіі і інш.
— У нашым рэнтгенаддзяленні акрамя апарата КТ ёсць два рэнтгенаўскія апараты для агульных даследаванняў. Адзін з іх спецыяльна ўстаноўлены ў траўмапункце, каб пацыентам было зручна. Усе яны лічбавыя, гэта дае магчымасць выводзіць малюнак на рабочае месца ўрача. Ёсць таксама два апараты для дэнтальных даследаванняў, — расказаў галоўны ўрач.

У тэхнічным арсенале медыкаў — апарат мамаграфіі, новае абсталяванне кабінетаў УГД і функцыянальнай дыягностыкі. Падчас мадэрнізацыі выканана вялікая работа па інфарматызацыі ўстановы. Спецыяльна для паліклінікі распрацавана праграмнае забеспячэнне, укаранёна сістэма маршрутызацыі пацыентаў. Усе рабочыя месцы медыкаў звязаны з адзіным серверам, а з канца лістапада паліклініка падключана ўжо да цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя.

Сачыце за надвор’ем

За траўмапунктам замацаваны шэраг паліклінік Фрунзенскага, Цэнтральнага і Маскоўскага раёнаў. У аддзяленні ёсць усё неабходнае дыягнастычнае абсталяванне, гіпсавая, аперацыйная, дзе праводзяцца міні-аперацыі пад мясцовай анестэзіяй. У выпадку неабходнасці шпіталізацыі пацыенту накладваецца шына, пасля чаго брыгада хуткай дапамогі адвозіць яго ў стацыянар.
У медыкаў існуе паняцце сезоннасці траўм. Так, калі зімой частыя галалёдныя траўмы, то ў вясновы і летні час траўмы атрымліваюць на адкрытых спартыўных пляцоўках і дачных участках, увосень — пры зборы ўраджаю.

— Раптоўныя восеньскія замаразкі таксама могуць прывесці да калапсу на траўмапунктах, таму ўсім трэба памятаць перш за ўсё аб правілах бяспечных паводзін у галалёд. Часам, спяшаючыся па справах, людзі трапляюць да нас з траўмай, — кажа ўрач-траўматолаг, загадчык траўматалагічнага кабінета Віктар КОМАР.

Ён параіў сачыць за надвор’ем, і, калі на вуліцы галалёд, звярнуць увагу на абутак. У жанчын ён павінен быць без абцасаў, падэшва — з рыфлёным пратэктарам і новымі набойкамі. У галалёд можна выкарыстоўваць спецыяльныя накладкі для абутку або прыклеіць лейкапластыр.

Алена КРАВЕЦ.
Фота дадзена Нацыянальным прэс-цэнтрам.

Чытайце таксама: Траўматолаг нагадаў правілы паводзін у галалёд

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю